Знайсці
14.01.2019 / 17:13РусŁacБел

Як будаваліся і як гарэлі панскія цукраварні

Здабыванне цукру з буракоў — выпадковасць. Калі б не амбіцыі Напалеона, мы, можа, спажывалі б выключна трысняговы цукар, які цяпер каштуем хіба ў кавярні. Не было б заводаў у Гарадзеі і Жабінцы, Скідзелі і Слуцку, не было б мутарных летніх праполак у калгасе… Але ўжо як ёсць. Кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў піша пра тое, як цукар прыйшоў на нашы землі.

Медаль, атрыманы Парэцкай цукраварняй на Сусветнай выставе ў Парыжы. 1878 год. Фота ma-shops.co.uk.

Як буракі перамаглі

Хоць медыкі і завуць цукар «белай смерцю», любоў да салодкага для большасці з нас застаецца нязменнай. Салодкія стравы можна сустрэць у нацыянальных кухнях усіх народаў.

Цукар у жыцці еўрапейцаў з’явіўся позна. Першымі вырабляць цукар сталі старажытныя індыйцы. Менавіта там, у Бенгаліі, у дэльце Ганга, сустракаліся зараснікі дзікарослага цукровага трыснягу. Карысныя ўласцівасці зрабілі яго культурнай раслінай. Для жыхароў Еўропы цукар доўгі час заставаўся дзівам, нярэдка яго нават рэкамендавалі як лекавы сродак.

Эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыццяў стала пераломным этапам у гісторыі цукру. Учарашнія першаадкрывальнікі хутка зрабіліся жорсткімі плантатарамі. Новыя калоніі давалі каву і какаву, бавоўну і тытунь, чай і цукар. Трысняговы цукар усё шырэй пранікаў у Еўропу, але нават у ХVIII стагоддзі яшчэ з’яўляўся прадметам раскошы. Так працягвалася да таго часу, пакуль трыснягу не склалі канкурэнцыю цукровыя буракі.

Праўда, буракі сталі «цукровымі» толькі ў 1747 годзе, калі нямецкі хімік Андрэас Марграф вылучыў з іх цукар у цвёрдым стане. Магчыма, панаванне трысняговага цукру працягвалася б і да сёння, але сітуацыю пераламіла кантынентальная блакада Англіі ў час напалеонаўскіх войнаў. Дастаўляць трысняговы цукар з брытанскіх калоній стала цяжка, і на цукровыя буракі ўпершыню паглядзелі як на рэальную альтэрнатыву.

 

Першы беларускі цукар

На землях Беларусі першая цукраварня з буракамі ў якасці сыравіны пачала працаваць у 1830 годзе ў маёнтку Моладава. Цяпер гэта Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці. Уладальнік гэтага маёнтка, Аляксандр Скірмунт, з юнацтва вылучаўся дапытлівым і практычным розумам. Скончыўшы ў 1818 годзе фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, ён выправіўся ў Германію і Францыю, дзе некалькі гадоў вывучаў прымяненне навук у вытворчасці. Вярнуўшыся на радзіму, Скірмунт пабудаваў наватарскае прадпрыемства — цукраварню.

Аляксандр Скірмунт (1798—1870). Партрэт работы Валенція Ваньковіча. Фота rntbcat.org.by.

У той жа год Скірмунт атрымаў дзяржаўны патэнт на ўласнае вынаходніцтва — апарат з выкарыстаннем пары для паскоранага выпарэння цукровага сіропу. Сутнасцю вынаходніцтва было прымяненне так званага «пракату» — металічнай, з невялікім нахілам паверхні, па якой тонкім пластом сцякаў цукровы сіроп, награваны знізу парай. «Пракат» дазваляў значна паскорыць тэхналагічны працэс: замест звычайных 4—5 гадзін, выпарванне на ім доўжылася 3—4 хвіліны. Гэта была першая ў сусветнай цукратэхніцы ўстаноўка бесперапыннага дзеяння.

 

Хто сурочыў Аляксандра Скірмунта

Аднак першы досвед прадпрымальніцкай дзейнасці Скірмунта нельга назваць паспяховым. Вытворчасць стрымлівалі вадзяны рухавік і вельмі сціплыя поспехі ў вырошчванні новай для гэтых месцаў тэхнічнай культуры — цукровых буракоў. Да таго ж, праз некалькі гадоў пасля заснавання цукраварня згарэла. У 1848 годзе прадпрыемства канчаткова спыніла сваё існаванне.

Праз трыццаць гадоў пасля пабудовы моладаўскага завода Аляксандр Скірмунт зноў вырашыў заняцца вытворчасцю цукру. Цяпер ён дзейнічаў з вялікім размахам. Новая цукраварня, пабудаваная ў маёнтку Парэчча, у 50 разоў перасягнула сваю моладаўскую папярэдніцу па аб’ёмах вытворчасці. Працавала на ёй у 10 разоў больш рабочых. Размяшчалася прадпрыемства ў чатырохпавярховым каменным будынку на беразе ракі Ясельда, мела некалькі паравых машын і вырабляла да 250 тон цукру за сезон.

Прадукцыя збывалася ў Пецярбург, Кіеў, Варшаву, суседнія губерні. Яна неаднаразова экспанавалася на расійскіх і міжнародных выставах, у тым ліку сусветных выставах у Вене 1873 года (дыплом ухвалення) і Парыжы 1878 года (бронзавы медаль). Але, на жаль, уладальніка як усё адно хто сурочыў. У 1879 годзе парэцкая цукраварня згарэла і больш сваёй дзейнасці не аднаўляла.

 

Узлёт і падзенне беларускіх цукраварань

Следам за Аляксандрам Скірмунтам пачалі заводзіць цукраварні і іншыя прадпрымальнікі. У Беларусі імі былі выключна памешчыкі: менавіта ў іх руках былі ўсе неабходныя рэсурсы: зямля для вырошчвання цукровых буракоў, лес на паліва для цукраварняў, даходы ад маёнтка як першапачатковы капітал, сялянская праца.

Аглядная вежа Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Былы комін цукраварні. Вышыня — 40 метраў. Фота img.tut.by.

Бывала і так, што памешчыкі заводзілі зусім маленькія цукраварні — не для выгады, а, як пісалася ў тагачасных дакументах, «для хатняга ўжытку».

У другой палове ХІХ стагоддзя цукровая вытворчасць у Беларусі стала занепадаць, а ў канцы стагоддзя тут зачыніліся апошнія цукраварні. Найперш з адменай прыгоннага права памешчык-прадпрымальнік страціў дармовую працоўную сілу, а таксама магчымасць прымушаць сялян вырошчваць цукровыя буракі. Цяпер за першасную сыравіну неабходна было плаціць, прычым плаціць нямала.

Канчаткова дабілі беларускую цукровую прамысловасць чыгункі. Мясцовыя цукраварні не вытрымалі канкурэнцыі з украінскім цукрам. Буракі ва Украіне раслі лепш, а давоз чыгункамі быў танны. Да таго ж, цукраварня спажывала даволі шмат паліва. Пачатак здабычы каменнага вугалю ў Данбасе звёў на нішто і апошнюю канкурэнтную перавагу беларускіх губерняў — танны лес. Адраджэнне цукровай прамысловасці ў Беларусі адбылося ўжо толькі ў савецкія часы. 

Андрэй Кіштымаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930