Знайсці
09.01.2019 / 00:12РусŁacБел

«Memento mori»: жыццё і смерць Данілы Скварнюка

Вясковы пячнік і, адначасова, прынцыповы вегетарыянец, пацыфіст, талстовец. Рабочы, прафесіянал, які пасля дня цяжкай працы цвёрдым почыркам перапісваў вершы беларускіх паэтаў, дыскутаваў пра сэнс быцця і гатовы быў ахвяраваць жыццё дзеля сваіх ідэалаў. Дзякуючы такім людзям паўстала Беларусь, на такіх яна трымаецца і дасюль. Пра яркае жыццё селяніна з-пад Скідзеля — шчымлівы артыкул доктара гістарычных навук Сяргея Токця.

Скідзельскія прыхільнікі пацыфізму. У першым шэрагу злева направа: Даніла Скварнюк, невядомая дзяячка пацыфісцкага руху з Варшавы, Іван Шмойла. У другім шэрагу: Вольга Сяўрук (Скварнюк), Аляксандр Мазалеўскі, Марыя Сяўрук (Мазалеўская). З архіва Сяргея Токця.

У школьным курсе беларускай літаратуры вывучаюць апавяданне Янкі Брыля «Memento mori». Мала хто ведае, што галоўны герой, безыменны пячнік, які загінуў у спаленай фашыстамі вёсцы, меў рэальнага прататыпа. Не ведае пра гэта нават большасць ягоных землякоў. Быў жа гэтым прататыпам жыхар вёскі Пузавічы пад Скідзелем Даніла Скварнюк.

Даніла Скварнюк. З архіва Сяргея Токця.

Як даведаўся Янка Брыль пра трагічны лёс Данілы і яго аднавяскоўцаў? У маладосці будучы класік беларускай літаратуры захапіўся філасофскім вучэннем расійскага пісьменніка Льва Талстога, якое прапаведавала негвалтоўны супраціў злу і адмову ад гвалту. Адным з самых вядомых асяродкаў талстоўцаў у міжваеннай Заходняй Беларусі быў гурток у мястэчку Скідзель Гродзенскага павета. У 1937 годзе 20­-гадовы Янка Брыль нават сеў на ровар і паехаў у Скідзель са сваёй вёскі Загор’е, што пад Карэлічамі, каб сустрэцца і паразмаўляць з аднадумцамі. А ўжо да гэтага ён з імі актыўна перапісваўся.

Янка Брыль. Фота Анатоля Клешчука.

На старонках свайго артыкула «Да творчай біяграфіі» пісьменнік пазней напісаў: «Калісьці, у 1935-­м ці 1936-­м, я паслаў свае лепшыя вершы Данілу [Скварнюку] і цяпер разумею, колькі прычыніў яму гэтым турбот. А ў яго, інтэлігентнага хлопца, хапіла такту. Мусіць, робячы печ ці пліту, абдумваў, што мне напісаць у адказ. І напісаў, што любіць вершы Багдановіча, перапісаў мне сваім цвёрдым почыркам «Ведай, брат малады», «Рушымся, брацці, хутчэй!» і яшчэ, здаецца, нешта, а таксама параіў перачытаць Лермантава «Не верь себе»». У спасылцы да гэтай нататкі было пазначана: «Скварнюк Даніла Дзмітрыевіч (1903—1943) — вясковы пячнік, сябар Я. Брыля».

Такім чынам, Даніла Скварнюк нарадзіўся ў 1903 г. у вёсцы Пузавічы Скідзельскай воласці. Як вясковы хлопец далучыўся да пацыфісцкага руху талстоўцаў? У 1920-­я палітычнае і культурнае жыццё ў мястэчках і вёсках Заходняй Беларусі завіравала. Ва ўсіх вёсках Скідзельскай гміны ў 1926­-м узніклі гурткі Беларускай сялянска­работніцкай грамады. Пасля забароны Грамады вяскоўцы пачалі актыўна ўтвараць гурткі Таварыства беларускай школы (ТБШ). Адным з самых актыўных і добра арганізаваных быў гурток у Скідзелі, які заснаваў у 1926 годзе малады хлопец Пётра Сяўрук. Падчас Першай сусветнай вайны ён скончыў пяць класаў гімназіі ў расійскім Ліпецку і там жа захапіўся пацыфісцкімі вучэннямі Льва Талстога і Махатмы Гандзі.

Сябры скідзельскага гуртка з’яўляліся вызнаўцамі дзвюх вельмі розных версій беларускай нацыянальнай ідэалогіі — пацыфізму і ваяўнічага камунізму ў яго «капэзэбоўскай» версіі.

«Капэзэбоўцы» разглядалі гурткі ТБШ найперш як шырму для рэвалюцыйнай дзейнасці і рыхтаваліся да ўзброенай барацьбы з «фашыстоўскім», як яны лічылі, польскім урадам. Пацыфісты бачылі будучыню свайго народа ў духоўным і маральным развіцці.

Пад ціскам польскіх уладаў большасць гурткоў ТБШ да канца 1920-­х самараспусцілася. Упарта трымаўся гурток у Скідзелі, які ў верасні 1929­-га налічваў усяго 12 сяброў — пераважна прыхільнікаў пацыфізму. Сярод іх быў і 26­-гадовы Даніла Скварнюк. Пасля смерці Пятра Сеўрука старшынёй гуртка стала яго малодшая сястра Вольга, якая неўзабаве пабралася шлюбам з Данілам Скварнюком і пераехала да яго ў Пузавічы.

У 1930-­я гурток ТБШ у Скідзелі ўжо фармальна не дзейнічаў, але ягоныя сябры рэгулярна збіраліся, абмяркоўвалі свае ідэі, перапісваліся з аднадумцамі з усіх куткоў Заходняй Беларусі.

Талстоўцы ўспрымаліся мясцовым насельніцтвам як своеасаблівая рэлігійная секта. Іх называлі ў Скідзелі не зусім слушна «малаканамі», бо яны катэгарычна адмаўляліся ад ужывання ў ежу мяса (гэта было зусім незразумелым для прагматычнага розуму большасці мясцовых сялян), а таксама ад тытуню і алкаголю. Не прызнавалі яны таксама і царкоўных абрадаў, што выклікала рэзка адмоўнае стаўленне праваслаўнага духавенства і паліцыі.

Акрамя таго, талстоўцы адмаўляліся служыць у войску і свядома ішлі за гэта ў турму.

Адседзелі ў турме за свой пацыфізм, напрыклад, Аляксандр Мазалеўскі і Платон Касцевіч (пляменнік паэта Макара Краўцова). Аляксандр Мазалеўскі памёр ад сухотаў неўзабаве пасля таго, як выйшаў на волю. Ён перапісваўся з многімі замежнымі прыхільнікамі пацыфісцкага руху, а ў ягоным дзённіку, які захавала яго жонка Марыя Сяўрук, таксама былі перапісаныя ад рукі беларускія вершы Пятра Сеўрука і Міхала Касцевіча (Міхася Васілька). У Скідзель часта прыязджалі дзеячы пацыфісцкага руху з многіх мясцінаў тагачаснай польскай дзяржавы, нават са сталічнай Варшавы. Сярод такіх гасцей быў і Янка Брыль.

Печ у вёсцы Раўкі, зробленая Данілам Скварнюком. Фота Сяргея Токця.

І ўсё ж пацыфісцкія ідэі не маглі здабыць шырокай папулярнасці сярод беларускай моладзі. Проза жыцця з часам прымушала многіх талстоўцаў пакідаць свае радыкальныя перакананні і практыкі. Магчыма, што ў пэўны момант пачаў пераглядаць сваю жыццёвую філасофію і Даніла Скварнюк. Ужо пасля бурлівых падзей верасня 1939-­га і ўсталявання савецкай улады раённая газета напісала, што моладзь вёскі Пузавічы пад кіраўніцтвам сакратара мясцовай камсамольскай арганізацыі Данілы Скварнюка збудавала плаціну праз рэчку Доўжыцу і стварыла такім чынам штучнае вадасховішча. Цяжка, аднак, сказаць, ці сапраўды Даніла Скварнюк уступіў у камсамол, ваяўнічая ідэалогія якога так моцна рознілася ад талстоўскага пацыфізму. Тым больш што і ўзрост у той час у яго быў ужо зусім не камсамольскі.

На Беларусь жа неўзабаве зноў прыйшла вайна. У ліпені 1943 г. здарылася жахлівая трагедыя Пузавіч, якая забрала сярод іншых жыцці Данілы Скварнюка і ўсёй яго сям’і. Прычынай для знішчэння вёскі паслужыла дыверсія невядомых партызанаў на чыгунцы. Лёс Пузавіч, як лічылі жыхары навакольных вёсак, вырашыў начальнік валасной паліцыі Ян Ашурка. Перад вайной ягонага зводнага брата Юзафа Варэніка, які служыў лесніком у князя Чацвярцінскага, забіў у лесе хлопец з Пузавіч. Ян Ашурка прагнуў паквітацца з жыхарамі гэтай вёскі і скарыстаў нагоду, пераканаўшы немцаў, што менавіта вяскоўцы вінаватыя ў дыверсіі на чыгунцы.

14 ліпеня 1943 года карнікі ранкам акружылі Пузавічы і пачалі зганяць жыхароў у дзве вялікія адрыны. Мужчын сабралі ў адну адрыну, жанчын — у другую. Пасля загадалі прыгнаным з суседніх вёсак сялянам капаць дзве вялікія ямы. Людзі ўбачылі гэта праз шчыліны ў сценах і зразумелі, што іх чакае смерць. Жанчыны заспявалі рэлігійныя гімны. Немцы выводзілі з адрыны мужчын групамі па 20 чалавек. Ім загадвалі саскокваць у яму і там расстрэльвалі з кулямёта. Пасля забітых прысыпалі зямлёй і выводзілі наступную групу. Затым настала чарга жанчын і дзяцей. Жыхарка Скідзеля Любоў Серкіна­-Чабатарэвіч, родная сястра якой загінула ў Пузавічах, распавядала пазней краязнаўцу Ільі Барысаву: «Калі жанчыны зразумелі, што выводзяць чалавек па 20, яны сталі сядаць кучкамі па дваццаць чалавек са сваякамі. У каго не было сваякоў, сядалі з чужымі. У першую чаргу расстрэльвалі мужчын, а пасля жанчын з дзецьмі. Адна жанчына бачыла, як выводзяць яе мужа, у яе адбыўся разрыў сэрца. Гэтай жанчынай была Скварнюк Вольга».

Мемарыял на месцы расстрэлу жыхароў вёскі Пузавічы. Фота Сяргея Токця.

Ці быў у Данілы Скварнюка шанец выратавацца, як напісаў пра гэта Брыль, звестак знайсці не ўдалося. Магчыма, што гэта ўжо мастацкі вымысел пісьменніка.

Ад смерці ўратавалася толькі сямейная пара, якая прыехала ў Пузавічы з Гродна ў госці. У апошні момант яны паказалі немцам свае пашпарты з гродзенскай прапіскай, і тыя іх адпусцілі.

Пасля расстрэлу жыхароў карнікі спалілі ўсе пабудовы, а маёмасць вяскоўцаў вывезлі ў Скідзель, дзе прадавалі па заніжаных цэнах. Былі расстраляныя больш за 500 чалавек, з іх 230 дзяцей. Прыгожая зялёная вёска на беразе маляўнічай рачулкі Доўжыцы перастала існаваць.

Смерць Данілы Скварнюка падказала Янку Брылю тэму апавядання «Memento mori». Як успамінаў пляменнік Пётры Сеўрука Мікалай Дзелянкоўскі (1932—2014), пасля вайны пісьменнік некалькі разоў прыязджаў у Скідзель і сустракаўся з Марыяй Мазалеўскай, роднай сястрой Вольгі Скварнюк. Марыя і распавяла яму пра трагічны лёс Данілы і Вольгі.

З жыхарамі Скідзельшчыны Янку Брыля лёс звёў яшчэ на самым пачатку вайны. З нямецкага палону, куды будучы пісьменнік трапіў як жаўнер польскага войска ў 1939­-м, ён уцёк у 1941 годзе разам з паэтам Міхасём Васільком і актывістам беларускага руху Анатолем Мышко. У адным з лістоў да Мікалая Дзелянкоўскага Янка Брыль напісаў: «Ці думаючы пра Цябе, ці гутарачы з Табой, — заўсёды бачу ў думках Твой родны гарадок, і мне знаёмы з юнацтва, бачу і тую Тваю радню, а маю сябрыну, слаўных людзей Скідзельшчыны — сардэчна незабыўных…».

Даніла Скварнюк сапраўды належаў да слаўнай сябрыны маладой беларускай інтэлігенцыі, людзей, якія пасля цяжкай фізічнай працы цвёрдым почыркам перапісвалі вершы беларускіх паэтаў, дыскутавалі пра сэнс быцця і гатовыя былі ахвяраваць уласнае жыццё дзеля сваіх ідэалаў.

У маёй сям’і таксама застаўся ўспамін пра апошні дзень Пузавічаў. Мама з бабуляй тады жылі на хутары ў бабулінага брата Максіма Лапыша, які знаходзіўся недалёка ад гэтай вёскі. Трагічным ліпеньскім ранкам Вольга Скварнюк забегла папярэдзіць, што панаехала шмат немцаў, якія збіраюцца знішчаць лясныя хутары, параіла хавацца. І пайшла на свой хутар на другім беразе Доўжыцы, які якраз трапіў у зону знішчэння. Пастаўленыя ж Данілам Скварнюком печы яшчэ і цяпер абаграюць сваім цяплом людзей у Скідзелі і навакольных вёсках.

Сяргей Токць

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера