Знайсці
12.01.2019 / 19:29РусŁacБел

Чарнагорыя: мужчыны для вайны, жанчыны для працы

Чарнагорыя — краiна, куды беларусы едуць плаваць, пiць вiно i любавацца архiтэктурай. Але што там, за тымi зграбнымi фасадамi? Кандыдат гiстарычных навук Варвара Кухарэнка адкрывае сапраўднае аблiчча гэтай краiны: супярэчлiвай i самабытнай, з дзiкай i адначасова натхняльнай гiсторыяй. I нiякiх турыстычных мiфаў.

Фота: Olena Z, shutterstock.com

Да славян тут жылi iлiрыйцы, грэкi, рымляне. Пасля прыходу на ўзбярэжжа Адрыятычнага мора паўднёвым славянам давялося кантактаваць яшчэ i з вiзантыйцамi, венецыянцамi, венграмi, а потым з асманамi i аўстрыйцамi.

Першая назва Чарнагорыi, Дукля, дасталася славянам яшчэ ад назвы iлiрыйскага племенi, якое тут жыло раней, цi ад назвы рымскага паселiшча. Дукля была пратэктаратам Вiзантыi, але пры дынастыi Вайслаўлевiчаў яна набыла незалежнасць i нават была каралеўствам (дакладны час набыцця гэтага статусу невядомы, верагодна, гэта адбылося да 1078 года).

Амаль адначасова з пераходам чарнагорскiх земляў пад уладу сербскага жупана Стэфана Неманi ў 1185 годзе пачынае выкарыстоўвацца новая назва — Зэта (паходзiць ад назвы ракi). У сербскай дзяржаве Неманiчаў Зэта будзе заставацца да смерцi цара Душана ў 1355 годзе. Аднаўленне самастойнасцi чарнагорскiх земляў звязана з дынастыямi Балшычаў (кiравалi Зэтай да 1421 года) i Црнаевiчаў (да 1496 года).

У XV стагоддзi Зэта пачынае называцца Црна Гора, г. зн. Чорная Гара. (Montenegro на венецыянскiм дыялекце, што цяпер паўсюдна выкарыстоўваецца не толькi як мiжнародная назва краiны, але i як турыстычны брэнд).

Iван Црнаевiч перанёс свой двор у Цэцiне — новую сталiцу, дзе былi пабудаваныя палац i славуты манастыр. Сталiчны статус Цэцiне належаў да 1918 года, калi краiна ўвайшла ў склад югаслаўскай дзяржавы. Пасля аднаўлення незалежнасцi Чарнагорыi ў 2006-м Цэцiне стала «гiстарычнай» сталiцай, дзе знаходзяцца рэзiдэнцыя прэзiдэнта i Мiнiстэрства культуры.

 

Як новая Спарта

З 1496-га для Чарнагорыi пачаўся перыяд асманскай улады. Фармальна незалежнасць ад турак Княства Чарнагорыi была зафiксавана толькi ў Берлiнскiм трактаце 1878 года. Але фактычны статус чарнагорскiх земляў у Асманскай iмперыi i раней адрознiваўся ад iншых захопленых балканскiх краiн.

Да канца XIX стагоддзя краiна заставалася terra incognita, нягледзячы на цiкавасць да яе антраполагаў перыяду рамантызму. З аднаго боку, да Чарнагорыi ставiлiся з сiмпатыяй, лiчачы яе няскоранай хрысцiянскай цытадэллю сярод iсламскага свету. З iншага боку, горы не толькi перашкаджалi скарыць гэтую краiну мусульманскай цывiлiзацыi — адначасова яны не давалi прыйсцi сюды ў нескажоным выглядзе i цывiлiзацыi заходняй.

Кнiгi i артыкулы ХIХ стагоддзя, прысвечаныя Чарнагорыi, змяшчалi недакладную iнфармацыю, прэзентуючы жыхароў княства як крыважэрных дзiкуноў, да таго ж яшчэ i ашуканцаў. Былi нават такiя, што лiчылi чарнагорцаў еўрапейскiмi прадстаўнiкамi негроiднай расы. Нават падчас Першай сусветнай вайны адзiн брытанец чуў размову двух сваiх суайчыннiкаў, якая выдатна iлюструе гэтую версiю: «Канешне, я ведаю Албанiю. Там выключна альбiносы з белым валоссем i чырвонымi вачыма, i калi хтосьцi з iх бярэцца шлюбам з кiм-небудзь з Чарнагорыi, дзе жывуць цемнаскурыя, у iх нараджаюцца дзецi, якiх называюць далмацiнцамi, бо ў iх чорныя i белыя плямы».

На вандроўнiкаў, якiя збiралiся ў Чарнагорыю, глядзелi як на асуджаных (прыкладна так, як цяпер глядзяць на тых, хто збiраецца ў Косава, а яшчэ некалькi год таму дзiвiлiся i жаданню пабачыць Албанiю). Тым цiкавейшыя дыяметральна супрацьлеглыя сведчаннi тых, хто вяртаўся з балканскага ваяжу, захаваўшы не толькi галаву, але нават нос i вушы цэлымi. Наведаўшы Чарнагорыю, еўрапейцы пачыналi праслаўляць яе свабодных, моцных i прыгожых людзей. Часцей за ўсё вандроўнiкi параўноўвалi гэта грамадства са старажытнай Спартай.

 

Партызаны прыносiлi галовы

Што казаць пра прымхi заходнееўрапейцаў, калi нават найблiжэйшыя суседзi ў Котары (зараз адзiн з найпрыгажэйшых гарадоў Чарнагорыi, якi да ХIХ стагоддзя быў пад уладай Венецыi) слова «чарнагорац» лiчылi абразай. Такi «крыважэрны» iмiдж стваралi сабе самi жыхары Чарнагорыi. У чарнагорскiм грамадстве да ХХ стагоддзя доказам перамогi над ворагам была адрэзаная галава. Потым звычайна яе насаджвалi на палю, аздабляючы двор героя («юнака», як называлi iх у паўднёвых славян). Дзецi на падворку маглi гуляць з гэтымi галовамi цi ўсаджваць iм у зубы цыгарэты, здзекуючыся з пераможанага ворага.

Той жа лёс, вядома, чакаў i самiх чарнагорцаў, якiя траплялi ў турэцкi палон. Але тое, што туркi рабiлi з хрысцiянамi, разносiлася па ўсёй Еўропе з заклiкамi пакараць крыважэрных мусульман. Падобныя ж учынкi чарнагорцаў i iншых хрысцiян замоўчвалiся, апраўдвалiся цi нават ухвалялiся як праява вызваленчай барацьбы.

Нават калi Чарнагорыя была яшчэ тэакратыяй i кiравалася праваслаўнымi мiтрапалiтамi, анiякiя хрысцiянскiя прынцыпы мiласэрнасцi не перашкаджалi вышэйзгаданай традыцыi. Госцi, гуляючы з уладаром Пятром II Петравiчам-Негашам у бiльярд (а гульня гэтая для чарнагорцаў настолькi сiмвалiзавала iх сувязь з цывiлiзаваным светам, што яны нават палац мiтрапалiта, дзе стаяў стол, дагэтуль называюць «Бiльярдай»), бывалi сведкамi вяртання з чэтавання (так называлiся партызанскiя цi рабаўнiчыя вылазкi дробных атрадаў) чарнагорскiх юнакаў з мехам галоў, якiя выкiдалiся на падлогу перад мiтрапалiтам. Уладар плацiў за гэтыя трафеi, а потым яны насаджвалiся на палi ў вежы побач з манастыром i палацам.

Більярда — рэзідэнцыя мітрапалітаў Чарнагорыі. Яны былі і свецкімі кіраўнікамі краіны — князямі. Більярдай рэзідэнцыю празвалі, бо ў ёй стаяў першы ў краіне більярд. Трапіць на більярд да мітрапаліта было вялікім гонарам для яго падданых. Фота Wikimedia Commons.

Ад традыцыi адразання галоў, насоў i вуснаў адмовiлiся толькi дзякуючы шырокаму распаўсюджанню агнястрэльнай зброi, бо, пакуль чарнагорац пiлаваў адну галаву, можна было паспець застрэлiць некалькi турак. Да таго ж, з гэтымi галовамi было нязручна перамяшчацца, бо насiлi iх чарнагорцы да вяртання дадому ў сваёй торбе побач з ежай.

 

Вялiкiя героi

Чарнагорцы лiчылi сябе вялiкiмi героямi, а астатнiя народы (акрамя албанцаў) — няздатнымi на сапраўдныя мужчынскiя ўчынкi, i таму падобнымi ў паводзiнах да жанчын. Параўнанне з жанчынай было для чарнагорца самай страшнай абразай. Прытым што ўся гаспадарка трымалася на жанчынах, менавiта мужчына быў поўным гаспадаром сям’i, амаль што ўласнiкам сваёй жонкi.

Фота Wikimedia Commons.

Для мужчыны правiльным заняткам лiчылiся толькi вайна i чэтаванне (партызанскiя вылазкi супраць туркаў). Фiзiчная праца была ганебнай, а таму ёй займалiся жанчыны. Адсюль i яшчэ адзiн з мiфаў (вельмi папулярны сярод турыстаў) пра чарнагорскую ляноту. Чарнагорцаў сапраўды складана было прымусiць працаваць на сельскай гаспадарцы цi ў прамысловасцi. Калi была створана першая Югаславiя (Каралеўства сербаў, харватаў i славенцаў, 1918 год), улады амаль нiчога не маглi зрабiць у гэтым рэгiёне, каб перамагчы падобныя стэрэатыпы.

Братушкi

Галоўнай тэзай, з якой знаёмiцца кожны рускамоўны турыст у Чарнагорыi, з’яўляецца iдэя спрадвечнага сяброўства i любовi да рускiх. Але расiйска-чарнагорскiя адносiны бяруць пачатак толькi ў 1711 годзе, i першыя эпiзоды адносiн вельмi складана назваць паспяховымi. Усё пачалося з iдэi чарнагорскага мiтрапалiта Данiлы Петравiча Негаша аб пошуку новага моцнага «сябра» на мiжнароднай арэне. Адначасова быў апублiкаваны лiст расiйскага цара Пятра I да чарнагорцаў з заклiкам паўстаць супраць туркаў. Такiя звароты былi накiраваны да ўсiх народаў Балкан, але адгукнулiся тады толькi чарнагорцы, што скончылася для iх поўнай паразай.

Пятро II Петравіч-Негаш як мітрапаліт і ён жа — як князь. Фота Wikimedia Commons.

Наступны iнiцыятар развiцця расiйска-чарнагорскiх адносiнаў мiтрапалiт Васiль (1744—1766), праводзячы працу з чарнагорцамi па стварэннi культу Расiйскай iмперыi, спрабаваў адпаведныя «пiяр-акцыi» праводзiць i ў Расii. Але царыца Лiзавета Пятроўна, даслаўшы свайго эмiсара, хутка высветлiла, што чарнагорцы не толькi не адданыя Расii, але некаторыя i не ведаюць пра яе нiчога; барацьба з туркамi не сiстэматычная, а праяўляецца ў дробных сутыкненнях.

Першыя эпiзоды адносiнаў Чарнагорыi з Расiяй, такiм чынам, складана назваць паспяховымi. Толькi з XIХ стагоддзя сувязi сапраўды сталi рэгулярнымi, а фiнансавая дапамога ад Расiйскай iмперыi стала адным з галоўных артыкулаў бюджэту Чарнагорыi.

 

Шлюбная дыпламатыя

Адным з найцiкавейшых уладароў у гiсторыi Чарнагорыi з’яўляецца апошнi кiраўнiк дзяржавы — Мiкола Петравiч-Негаш. Князем ён стаў у 1860 годзе, а на юбiлей свайго праўлення, у 1910-м, вырашыў павысiць свой статус да караля. Мiкола Петравiч быў адным з самых яркiх прыхiльнiкаў «шлюбнай» дыпламатыi. Маючы трох сыноў i дзевяць дачок, ён праварочваў самыя неймаверныя варыянты iх уладкавання. У вынiку жартавалi, што ў Еўропе не засталося дынастый, якiя б не сталi сваякамi караля гэтай маленькай дзяржавы.

Так выглядала капліца Пятра II Петравіча-Негаша ў 1930-я гады. Фота in.pinterest.com.

Галоўнымi дасягненнямi сталi шлюбы дзвюх дачок чарнагорскага ўладара — Любiцы i Алены. Першая, больш вядомая як Зорка Чарнагорская, у 1883 годзе стала жонкай сербскага апальнага прынца Пятра Карагеоргiевiча, якi ў 1903-м, здзейснiўшы пераварот, стаў каралём Сербii (Любiцу часам называюць сербскай каралевай, але яна памерла яшчэ ў 1890 годзе). А вось Алена (Савойская) у 1896-м выйшла за спадчыннiка iтальянскага трона Вiктара Эмануiла III i стала каралевай Iталii i Албанii, iмператрыцай Эфiопii.

Праз шлюб свайго другога сына Мiрка Петравiча Мiкола быў звязаны i з iншай сербскай дынастыяй, Абрэнавiчамi. Менавiта да сына Мiркi ад гэтага шлюбу, Мiхайла, мусiла перайсцi чарнагорская спадчына. Але яшчэ ў 1918-м чарнагорская скупшчына (парламент) пазбавiла Петравiчаў-Негашаў усiх правоў на трон i вырашыла далучыцца да фармiравання югаслаўскай дзяржавы. Цяпер праўнук апошняга караля, князь Мiкола, мае статус «афiцыйнага прадстаўнiка нашчадкаў дынастыi Петравiчаў-Негашаў». У студэнцкiя гады будучы архiтэктар Мiкола Петравiч быў анархiстам, актыўным удзельнiкам парыжскiх падзей 1968 года.

Так маўзалей выглядае цяпер, пасля разбудовы па праекце Івана Мештравіча. Фота tourbynef.com.

Сучасная Чарнагорыя праз сваё надзвычай прыгожае ўзбярэжжа з’яўляецца перш за ўсё турыстычным аб’ектам, якi з кожным годам усё менш нагадвае нам пра гiсторыю гэтай краiны. Мiнулае саступае сучаснасцi, а чарнагорцы, занятыя ў сферы турызму, усё менш нагадваюць сваiх продкаў. Але, вядома, нiякiя масавыя экскурсii не здольныя адкрыць перад намi сапраўдную краiну: прыгожую, але не гламурнай прыгажосцю, цiкавую, але не тымi турыстычнымi байкамi, якiя ляжаць на паверхнi.

Варвара Кухарэнка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930