Знайсці
10.01.2019 / 17:263РусŁacБел

«Даўней беларусы называлі іх маскоўцы, маскалі»: 350 гадоў таму ВКЛ пачало прымаць бежанцаў-старавераў. Дзе і як яны жывуць цяпер? ФОТЫ

Жыццё гэтай супольнасці ў многім застаецца таямніцай. Пра жыццё беларускіх стараабрадцаў піша выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, доктар соцыялінгвістыкі Уладзіслаў Іваноў.

Стараверская малельня. Мёршчына.

Хто такія стараверы

Стараверы мусілі ўцякаць у Беларусь у выніку царкоўнага расколу ў Расіі 1656—1667 гадоў. Патрыярх Нікан імкнуўся ўзмацніць Праваслаўную царкву, ліквідаваўшы ў ёй адрозненні паміж рускім і грэцкім чынамі богаслужэння (напрыклад, васьміканцовы крыж быў заменены шасціканцовым, двухпальцавае хрышчэнне — трохпальцавым, падвойная алілуя — патройнай і гэтак далей). Праціўнікі новаўвядзенняў былі абвешчаныя ерэтыкамі, раскольнікамі. Іх было шмат, іх страшна пераследавалі, нават палілі жыўцом. Каб захаваць веру, стараверы вымушаныя былі хавацца — або ў глухіх лясах, або ў талерантным Вялікім Княстве Літоўскім.

 Стараверскае надмагілле. Вёска Фокіна каля Віцебска.

Адкуль стараверы ў Беларусі

Першыя ўцекачы-стараверы з’явіліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў 1669 годзе. У 1680—1690-я гады стараверы з Памор’я (Поўначы) і Ноўгарада пачалі масава прыбываць у Віцебскае ваяводства. З Масквы, Яраслаўля, Калугі і Ніжняга Ноўгарада людзі беглі ў Мсціслаўскае і Менскае ваяводствы.

Амаль адразу адным з цэнтраў старавераў стала Ветка — сёння райцэнтр Гомельскай вобласці. Размяшчэнне Веткі блізка ад мяжы з Расіяй мела, аднак, трагічныя наступствы: царскія войскі некалькі разоў разбуралі паселішча і выводзілі «раскольнікаў» назад у Расію. Тыя ж веткаўцы, якія пахаваліся, у 1735 і 1764 гадах перасяліліся ў Віцебск, Полацк і Лепель.

Найбольш старавераў асела на Віцебшчыне, дзе пасля войнаў XVII стагоддзя шмат зямель ляжала аблогам. Падчас першага расійскага перапісу 1897 года ў Віцебскай губерні налічылі 83 тысячы старавераў, усяго ж тады ў беларускіх губернях жыло іх каля 110 000.

Колькі старавераў на сёння ў Беларусі? У перапісе рэлігійнага пытання няма, але даследчыкі гавораць пра 25 000 старавераў. Па стане на 2014 год зарэгістраваныя 33 стараверскія суполкі, 20 з іх — у Віцебскай вобласці. На Віцебшчыне ўсё яшчэ ёсць амаль 90 вёсак, дзе жывуць выключна стараверы. Кампактна жывуць яны і на Бабруйшчыне.

 Старавер з вёскі Гарэлікі Лёзненскага раёна. 2003 год.

Папоўцы і беспапоўцы

Між старавераў існуюць дзве плыні, або сагласы: папоўцы і беспапоўцы. Як відаць з назваў, адна плынь прызнае інстытут святарства, а другая яго адмаўляе. Адна другую не прызнае.

Вядомыя прымаўкі беларускіх старавераў:
«Лепей жыдоўка, чым беспапоўка» ці «Лепей злябоўка, чым беспапоўка»
(«злёб» — пагардлівае акрэсленне нестаравераў).

Шумілінскія беспапоўкі.

У Беларусі гістарычна дамінуе беспапоўства. Нешматлікія мясцовыя папоўцы паходзяць пераважна з веткаўцаў і з’явіліся тут у асноўным у XVIII стагоддзі. Пазней, у XIX і пачатку ХХ стагоддзяў, хвалі старавераў-папоўцаў прыбывалі ў Беларусь з суседняй Пскоўшчыны і Браншчыны. Сёння большая частка папоўцаў жыве ў Віцебску ці ў яго ваколіцах, а таксама ў Лёзне і Лёзненскім раёне. Акрамя таго, зусім нязначная папоўская суполка месціцца ў Гомелі. У той жа час прадстаўнікі гэтай плыні з’яўляюцца найбольш заможнай, а адначасова найбольш кансерватыўнай часткай усёй стараверскай супольнасці.

Беспапоўцы, якіх на Беларусі больш, расселеныя на Магілёўшчыне (пераважна Бабруйск і ваколіцы), на Міншчыне (у асноўным Барысаў і ваколіцы) і па ўсёй Віцебшчыне. На Віцебшчыне, дзе на сёння жыве больш за 80% усіх беларускіх старавераў, амаль 90% складаюць прыхільнікі беспапоўскай плыні. У самім Віцебску беспапоўцы жывуць уперамешку з папоўцамі, а ў цэнтральных і заходніх частках Віцебшчыны яны маюць значныя суполкі ў Полацку, Мёрах, Браславе, Паставах, Шуміліне, Бешанковічах і Шаркаўшчыне. У Беларусі беспапоўцы прэзентаваныя найбольш вядомым і масавым сагласам — паморскім, а таксама цяпер зусім малалікім, вельмі кансерватыўным федасееўскім

Беспапоўская малельня ў вёсцы Булавішкі Браслаўскага раёна.

Стэрэатыпы

Сярод беларусаў быў распаўсюджаны стэрэатып пра «злых» і «варожых» старавераў. Рацыянальных тлумачэнняў гэтым стэрэатыпам няма, іх прычына — усяго толькі адвечны страх перад іншым, чужынскім. Мужчыны-беларусы галіліся, а стараверы насілі бароды.

Акрамя таго, стараверы часта ўспрымаліся як надзвычай адданыя праваднікі «рускасці» ў сённяшнім разуменні гэтага слова. Аднак гэта не заўсёды было так. Старавераў можна знайсці сярод удзельнікаў паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гадоў. Сярод арыштаваных сустракаюцца не беларускія, а расійскія прозвішчы: Іваноў Фама, Іваноў Арсеній.

Жаночае смяротнае адзенне стараверкі.

Аднак матэрыялы сучасных этналагічных экспедыцый, аналіз перапісаў насельніцтва і шматлікіх этнаграфічных звестак разбіваюць, адкрываюць вельмі цікавыя і часта нечаканыя бакі стараверства. Да нядаўняга часу стараверства зусім не разглядалася як з’ява беларускай культуры, хоць беларусізацыя старавераў пачалася тры з паловай стагоддзі таму. Будучы спачатку чужынцамі, стараверы паступова ўліліся ў беларускую нацыю.

 

Стараверы-беларусы

Цяпер частка старавераў лічыць сябе беларусамі, размаўляе на дыялектнай беларускай мове і на трасянцы, а частка працягвае бачыць сябе рускімі. Цікава, што ўжо падчас перапісу 1897 года каля 25% старавераў Віцебшчыны прызналі роднай мовай беларускую.

Пэўная беларусізацыя значнай часткі мясцовага стараверства (як папоўцаў, так і беспапоўцаў) адбывалася хвалямі ў ХІХ і ХХ стагоддзях. Ужо ў этнаграфічных працах XІX стагоддзя стараверская тэма даволі часта ўзнікала як дадатак падчас вывучэння і апісання беларусаў. Мікалай Нікіфароўскі апісваў, як беларускі і стараверкі пераймалі адныя ў адных розныя модныя тэндэнцыі, напрыклад спосабы нашэння хустак ды каптурыкаў. Складальнікі «Памятных кніжак Віцебскай губерні» ў апісаннях мясцовых старавераў падкрэсліваюць, што на іх мову істотна паўплывала «белорусская речь» — як у лексічным, так і ў фанетычным плане.

Адзін з духоўных лідараў віцебскіх папоўцаў за суканнем свечак. 2005 год.

Затым, ужо ў савецкі час, беларусізацыя старавераў перайшла ў рэчышча палітычнае. Пад уздзеяннем нацыянальнай палітыкі 1920-х гадоў многія стараверы пачалі запісвацца беларусамі таму, што яны жылі ў Беларусі.

Сёння беларускія стараверы імкліва асімілююцца, пакідаючы, аднак, незабыўны след у назвах вёсак (Маскаляняты, Маскоўцы), гарадскіх раёнаў (Маскалі і Кліны ў Віцебску), у людской памяці, у прозвішчах беларусаў (Селязнёў, Мацвееў, Фірсаў, Рыжкоў, Балахонаў). Стараверы — гэта прыклад таго, як эмігранты інтэграваліся ў мясцовае грамадства і сталі ў ім зусім сваімі.

Стараверы

  • хрысцяцца двума пальцамі, а не трыма,
  •  пішуць Исус, а не Иисус,
  •   хросным ходам ідуць па гадзіннікавай стрэлцы, а не супраць яе,
  •  спеў у іх аднагалосы, а не шматгалосы, а знакі для запісу нот — старыя, так званыя крукі,
  •  маліцца ім дазваляецца толькі перад абразамі, напісанымі на дрэве або літымі, у стылі старажытнавізантыйскім ці ў стылі рускага царкоўнага жывапісу (Феафан Грэк, Андрэй Рублёў),
  •  у Сімвале веры яны захоўваюць саюз-супрацьстаўленне а («рожденна, а не сотворенна»),
  •  хрысцяць толькі поўным трохразовым апусканнем у ваду, а не мачаннем ці апырскваннем,
  •  прызнаюць выключна васьміканцовы крыж, а не шасціканцовы.

Уладзіслаў Іваноў, фота з экспедыцый аўтара

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031