Знайсці
03.11.2018 / 13:3873РусŁacБел

Як украінская музычная індустрыя заваявала Усходнюю Еўропу

2014 год быў цяжкім для Украіны. Страта тэрыторый, тысячы забітых, само існаванне дзяржавы пэўны час знаходзілася пад пытаннем — не найлепшыя ўмовы для развіцця культуры. Але ва Украіне здарылася неймавернае: насуперак усяму, у нашай паўднёвай суседкі адбываецца сапраўдны музычны бум. Украіна ператварылася ў музычны хаб Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. З'явіліся зоркі на любы густ. Алег Віннік — украінскі Стас Міхайлаў. Onuka аб’яднала ўкраінскі фальклор з моднай электроннай музыкай. «Грыбы» пабілі рэкорды Ютуба. Ёсць зоркі эпатажу і этна-хаосу… Заслуга свабоды? Пазітыўны эфект квот на нацыянальную прадукцыю? Вынік падтрымкі ўкраінскай мовы? Разбіраемся.

Украіна мела шмат цікавых музыкаў і да 2014 года, але менавіта расійская агрэсія стала каталізатарам выхаду ўкраінскай музычнай індустрыі на якасна новы ўзровень. Забароны на выступы некаторых расійскіх музыкаў, а таксама ўвядзенне квот на падтрымку ўкраінскай музыкі на радыё і тэлебачанні сталі першымі пазітыўнымі фактарамі.

Квоты былі прынятыя ў 2016 годзе. Паводле закона, доля песень на дзяржаўнай мове ў эфіры павінна складаць не менш за 30% (неўзабаве гэтая лічба павялічыцца да 35%). Па падобнай схеме закон прадугледжвае паступовае павелічэнне долі перадач на ўкраінскай мове ў эфіры радыёстанцый: цяпер гэта 55%, а будзе — 60%.

І гэтыя квоты рэальна пачалі працаваць — яны не ператварыліся ў прафанацыю.

Доля песень на ўкраінскай мове ў эфіры мясцовых і рэгіянальных радыёстанцый за 1 паўгоддзе 2018 года.

Украіна, якая мае развіты (па ўсходнееўрапейскіх мерках) унутраны музычны рынак, паступова ператварылася ў буйнога экспарцёра музыкі на захад і ўсход. Краіна, якая раней прадавала алей, цукеркі, пшаніцу і металы, цяпер экспартуе і прадукт культурнай індустрыі. А гэта не толькі грошы — пры граматным пазіцыянаванні гэта прывабны інструмент мяккай сілы і культурнага ўплыву за мяжой.

Ужо цяпер гэта можна бачыць на прыкладзе папулярнасці ўкраінскіх артыстаў у Расіі.

Нягледзячы на шалёную антыўкраінскую прапаганду ў расійскіх СМІ, украінскія выканаўцы маюць фенаменальны поспех у суседняй краіне. Чаго толькі вартыя гурты «Грибы» і «Время и стекло», песні якіх маюць па сотні мільёнаў праглядаў на ютубе? Крытыкі кажуць, што ўкраінскія поп-выканаўцы становяцца заканадаўцамі трэндаў і на расійскай поп-сцэне, і гэты ўплыў на расійскую сцэну толькі павялічваецца.

Так, за апошнія гады з’явіліся і беларускія выканаўцы, чые кліпы на ютубе здольныя збіраць дзясяткі мільёнаў праглядаў (ЛСП, Макс Корж і іншыя). Аднак гэтыя выканаўцы, нягледзячы на сваю беларускасць, інтэграваныя ў расійскую музычную індустрыю і яе бізнэс-схемы. Ва Украіне ж склаўся самастойны вельмі добры рынак і складзеная сістэма шоў-бізнэсу. Грошы цякуць ва Украіну, а не з яе. Нашы суседзі пабудавалі выдатную канцэртную сістэму і якасныя нацыянальныя мас-медыя. Ёсць і піяр у выглядзе шматлікіх якасных музычных і забаўляльных тэлеперадач, і дзяржаўная падтрымка, і тэхнічнае забеспячэнне.

Прамоцыя ўкраінскіх выканаўцаў адбываецца не толькі праз канцэрты і кліпы, а і праз тэлевізійныя шоу, што ў цяперашняй Беларусі з яе зацэнзураваным дзяржаўным тэлебачаннем проста немагчыма. Напрыклад, з'яўляецца нейкі цікавы ўкраінскі артыст, і ён адразу становіцца героем розных тэлеперадач (камеа ў серыялах, героем ток-шоу, розных рэаліці-шоу, усялякіх «Танцаў з зоркамі» і іншых забаўляльных перадач). Такога рэсурсу ў выглядзе дзясяткаў забаўляльных тэлеканалаў у Беларусі проста няма.

Поспех украінскай поп-музыкі спрыяльна ўплывае таксама на інфармацыйную бяспеку краіны і ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Гаворка не пра патрыятычныя лозунгі са сцэны, і нават не кожны спявае па-ўкраінску.

Але цікавасць да сваёй музыкі і сваіх поп-ікон стымулюе ўкраінцаў заставацца на ўкраінскіх тэлеканалах, дзе дамінуе менавіта ўкраінскі парадак дня і наратыў, а не расійскі ці амерыканскі. Крэатыўныя ўкраінскія прадзюсары і музыканты робяць для ўмацавання незалежнасці краіны не менш, чым вайскоўцы, палітыкі і святары.

Можна смела сказаць, што галоўным падмуркам для імклівага развіцця ўкраінскай поп-сцэны сталі тэлевізійныя шоу па адборы новых музычных талентаў.

У 2010-м стартавала мясцовая адаптацыя сусветна вядомага шоу «X-Factor» на канале СТБ, а праз год — «Голос країни» на 1+1. Выйшла ўжо шмат сезонаў гэтых шоу у розных варыяцыях — перадачы дагэтуль працягваюць выходзіць у эфір і пастаўляць на музычны рынак самых таленавітых украінцаў. Тут заслуга — як якасных прадзюсараў, так і вельмі прафесійных журы.

Фота: СТБ.

Цікава, што падобныя шоу спрабавалі запускаць і ў Польшчы, і ў Расіі. Але

ні польскія, ні расійскія «Голас» і «X-Factor» не здолелі нават часткова наблізіцца па якасці, плённасці, культавасці і масавасці да ўкраінскіх шоу. «Голос» і «Voice of Poland» выглядаюць проста як танная падробка на фоне «Голоса країни». 

Фота: СТБ.

Як працуе прасоўванне артыстаў праз такія шоу? Вось невялікі прыклад. На «Голос країни» ў сёмым сезоне ў якасці суддзі прыйшоў вядомы спявак Іван Дорн. Там ён знайшоў Constantine, сабраў ва ўсіх на вачах дуэт YUKO і праз месяц прадставіў абодвух на закрытай тусоўцы на даху раскошнага жыллёвага комплексу ў Кіеве. Потым Дорн паляцеў у Амерыку, запусціў там свой лэйбл Masterskaya. За першыя месяцы працы — больш за 1000 дэма-запісаў. Уся музыка свету: ад DIY-панка і этна-хіп-хопа да фры-джаза.

Дарэчы, менавіта Івана Дорна можна лічыць пачынальнікам «новага ўкраінскага попа». Той музычны бум, які перажывае Украіна, пачаўся з яго. Артыст, які пачаў здабываць папулярнасць у 2011 годзе, першым пачаў перапрацоўваць і пераасэнсоўваць прагрэсіўную заходнюю музыку. Да яго гэтага проста ніхто не рабіў — усе думалі, што звычайны слухач недастаткова адукаваны, і гэта не будзе папулярным.

Але з’явіўся Дорн, які пачаў гэта рабіць і здабыў шалёную папулярнасць. Натуральна, што яго калегі гэта пабачылі і таксама пачалі рухацца ў гэты рэчышчы.

Музычныя крытыкі кажуць, што сёння на ўкраінскай музычнай сцэне працуе не менш за 50 артыстаў і гуртоў экстра-класа і каля 300 калектываў з добрым узроўнем, якія заслугоўваюць, каб займацца ў сваім жыцці выключна музыкай.

«Наша Ніва» склала спіс асноўных асоб і тэндэнцый украінскай музыкі за апошнія некалькі гадоў.

Прычым мы разглядалі самы шырокі пералік персаналій — як з «нізкапробнай» масавай папулярнай музыкі, так і з прагрэсіўнага элітнага андэграўнду. У сённяшняй Украіне цалкам сцерлася розніца паміж поп-музыкай і андэграўндам, паміж клубнай сцэнай і тэлеэфірамі. І гэта, безумоўна, робіць украінскую музыку яшчэ цікавейшай.

«Украінскі Стас Міхайлаў» Алег Віннік

Можна смела сказаць, што самым папулярным украінскім артыстам на сёння з’яўляецца Алег Віннік.

Яго музыку нельга назваць прагрэсіўнай, ён не чапляецца за сусветныя трэнды. Але менавіта гэты артыст адзіны ва Украіне, які здольны сабраць у кожным украінскім горадзе стадыёны, а ў буйных гарадах — некалькі стадыёнаў.

45-гадовы Віннік з’явіўся некалькі гадоў таму з ніадкуль і амаль адразу стаў поп-іконай. З невядомага шырокай публіцы опернага спевака ён ператварыўся ў зорку, на канцэрты якой збіраюцца цэлыя спартыўныя комплексы. Галоўныя фанаты Вінніка — жанчыны сярэдніх гадоў.

Менавіта на іх арыентуецца спявак са сваімі лірычнымі кампазіцыямі. Алега Вінніка называюць «украінскім Стасам Міхайлавым» за яго неймаверную папулярнасць сярод 40—60-гадовых украінак і здольнасць збіраць цэлыя стадыёны. За сваю шалёную папулярнасць спявак стаў героем шматлікіх анекдотаў, жартаў і мемаў ва Украіне.

«Нясі сюды сваю пенсію, крошка!»

У Беларусі Алег Віннік не такі папулярны, але сваіх паклоннікаў (дакладней, паклонніц) ён мае і ў нашай краіне, куды часам наведваецца з канцэртамі.

Monatik

Гэты артыст — яскравы прадстаўнік плеяды ўкраінскіх зорак, якія з’явіліся дзякуючы музычным тэлевізійным шоу. Дмытро Манацік знаёмы ўкраінскай публіцы пасля ўдзелу адразу ў двух тэлешоу — «X-Factor» і «Танцуюць усе!»

Хлопец з Луцка мае вобраз жыццярадаснага, міралюбнага, наіўнага і адкрытага чалавека. Манаціка можна назваць сапраўдным мультыартыстам: ён і спявак, і кампазітар, і аўтар тэкстаў, і, у дадатак, танцор.

«Грыбы» і рэвалюцыя ў вытворчасці кліпаў

У 2016 годзе на постсавецкай прасторы нечакана стаў вельмі папулярным дзіўны гурт «Грыбы», які запомніўся, у першую чаргу, сваімі віральнымі кліпамі.

З самага пачатку «Грыбы» абралі сваю стратэгію прасоўвання: не маюць зносін з прэсай, не даюць інтэрв’ю, не падпускаюць чужых фатографаў і аператараў.

Галоўныя фішкі «Грыбоў»: вулічная эстэтыка, панама, балаклава і акуляры, фірмовы лагатып, біт і бас.

Гурт рабіў галоўны ўпор на прасоўванне ў інтэрнэце. Кліп «Тает лёд» сабраў на адным толькі Ютубе амаль 200 мільёнаў праглядаў.

Папулярнасць гурту была заваяваная ў тым ліку і з арыгінальнымі кліпамі, што таксама з’яўляецца адной з характарыстык сучаснай украінскай музыкальнай індустрыі. У адрозненне ад расійскай музыкі, дзе шмат грошай, ва ўкраінскай музыцы грошай менш, але ёсць больш творчых рашэнняў пры вытворчасці кліпаў. Пералічваць класныя ўкраінскія кліпы за апошнія некалькі гадоў не мае сэнсу — іх велізарная колькасць. Пералічым толькі некаторыя найлепшыя за апошні год.

Музычная імперыя Патапа (Аляксея Патапенкі)

Аляксей Патапенка, які вядомы ў Беларусі ў першую чаргу як «Патап» з дуэта «Патап і Насця Каменскіх», з’яўляецца не толькі музыкантам, але і адным з самых паспяховых і ўплывовых украінскіх прадзюсараў. Ён мае ўласны прадзюсарскі цэнтр MOZGI Entertainment, за якім стаіць цэлы шэраг папулярных гуртоў (MOZGI, «Время и стекло», ПТП, Насця Каменскіх, Патап і Насця і іншыя).

Патапенка з’яўляецца прадзюсарам, аўтарам песень, рэжысёрам і сцэнарыстам усіх праектаў MOZGI Entertainment. Акрамя таго, Патап не вылазіць з журы розных музычных тэлепраектаў.

Украінізацыя музыкі

Год ад году адсотак папулярнай музыкі на ўкраінскай мове толькі расце. На ўкраінскую мову пераходзяць нават выканаўцы, якія раней яе амаль не ўжывалі ў сваёй творчасці.

Напрыклад, пералічаныя вышэй Патап і Алег Віннік.

А таксама Насця Каменскіх.

Адметна, што сёлета ў ліпені ўпершыню ў гісторыі песня на ўкраінскай мове ўзначаліла ўкраінскі чарт You Tube.

Гаворка ідзе пра кранальную песню аб гаротнай жаночай долі «Плакала» гурту KAZKA. Раней украінскі чарт ютуба ўзначальвалі толькі расейскамоўныя песні.

Цікава, але фанаты з іншых краін, у тым ліку з Расіі, пазітыўна ўспрымаюць такую ўкраінізацыю. Амаль пад кожным свежым украінскамоўным кліпам можна пабачыць безліч каментароў ад расіян і беларусаў з падобным зместам.

Onuka

Калі фальклорнымі матывамі сярод поп- і рок-выканаўцаў ужо немагчыма нікога здзівіць, то праект Onuka зрабіў немагчымае — ён аб’яднаў украінскі фальклор з сучаснай моднай электроннай музыкай. Гурт унікальны і непадобны ні на што. Халодныя тоны, якасная і актуальная электроніка, гучанне народных і экзатычных інструментаў, здаецца, не створаны для маскульта. Але тым не менш Onuka — выдатнае спалучэнне якасці і масавасці.

Назва гурту паходзіць ад украінскага слова «онука» (унучка). Гэта адсылка да таго, што салістка Ната Жыжчэнка з’яўляецца ўнучкай Аляксандра Мікітавіча Шленчыка — аднаго з самых вядомых майстроў фальклорных музычных інструментаў Украіны.

Луна

Гэтая модная спявачка вяртае нас у наіўны і прымітыўны постсавецкі сінты-поп 90-ых гадоў з інтымнымі тэкстамі і меланхалічным вакалам.

Нягледзячы на адсылкі да 90-ых, гучыць Крысціна Бардаш (сапраўднае імя Луны) не старамодна, а зусім наадварот. Цікава, што Крысціна — былая жонка Юрыя Бардаша, які з’яўляўся прадзюсарам, стваральнікам і вакалістам «Грыбоў».

Спявачка з’яўляецца паклонніцай творчасці Ланы Дэль Рэй, Евы Польны, Бьёрк, Земфіры і гурту «Кіно», і ўплыў гэтых выканаўцаў на яе творчасць відавочны.

Зоркі эпатажу: DZIDZIO і Воля Палякова

Багатая музычная сцэна і на камічных артыстаў, чыя творчасць гэта чыстыя кпіны і самаіронія.

DZIDZIO — камедыйны гурт, які выконвае свае песні з выкарыстаннем заходнеўкраінскіх дыялектаў, суржыка і нецэнзурных слоў. У гэтым плане яго можна параўнаць з беларускім «Разбітым сэрцам пацана». Але калі «Разбітае сэрца пацана» выступае ў клубах і папулярнае толькі хіба што сярод актыўных гараджан, якія цікавяцца беларускай музыкай, то ўкраінскі DZIDZIO збірае цэлыя стадыёны, яго песні гучаць на кожным вяселлі, і гэты гурт без праблем запрашаюць у эфір на цэнтральныя каналы.

Воля Палякова — эпатажная ўкраінская поп-спявачка, з харызматычным камедыйным вобразам цыбатай бландзінкі.

Ну а часам яны выступаюць разам.

DakhaBrakha і Dakh Daughters

Яшчэ адна важная з’ява ўкраінскай музыкі — этна-гурт ДахаБраха. Калектыў у стылі «этна-хаос» грае яшчэ з 2004 года, але толькі ў апошнія гады яны сталі надзвычайна папулярнымі, у тым ліку на міжнароднай сцэне, асабліва ў Брытаніі.

У 2018 годзе Дэвід Бэкхэм апублікаваў рэкламны ролік свайго новага брэнда, у якім гучыць кампазіцыя «ДахіБрахі».

Dakh Daughters — жаночы тэатральна-музычны фрык-кабарэ гурт, які, як і Dakha Brakha, мае непасрэднае дачыненне да кіеўскага тэатра «Дах».

The Hardkiss

З’явіліся новыя цікавыя гурты і ў жанры рок. Адзін з якіх — гурт «The Hardkiss», які пачынаў з поп-рока, але з кожным новым альбомам выдае ўсё больш цяжкую музыку.

Джамала

Пераможцу Еўрабачання-2016 нельга назваць маладым выканаўцам, бо яна ўжо даўно на прафесійнай сцэне. Але яе музыка дагэтуль лічыцца цікавай і актуальнай. Перамога на Еўрабачанні зрабіла яе сапраўднай нацыянальнай гераіняй. Але феномен Джамалы — гэта не толькі пра музыку, але і пра патрыятызм, грамадзянскую пазіцыю і боль за свой народ.

Каго яшчэ не назвалі?

Один в каное, Жадан і Собаки, Pianoбой, Антитіла, Христина Соловій, Dakooka, Vivienne Mort, Latexfauna, Yeyo, Blooms Corda, Braii, Chalamada, INDT, Alina Pash, [o], YUKO, Love'n'Joy, Omodada, Palmo X, Panivalkova, The Doox, Tik Tu, Morphom, Pur:Pur, 5 Vymir, Bahroma, The Maneken, Довгий Пес, LUIKU, Вагоновожатые.

Дзе можна знайсці сучасную ўкраінскую музыку?

Сайты: comma.com.ua, musicinua.com, notatky.com.ua, muzmapa.in.ua, liroom.com.ua, karabas.live.

Тэлеканалы: М2 (канал украінскай поп-музыкі), 1+1 (шоу «Голос країни») і СТБ («X-Factor»).

Фестывалі: Atlas Weekend (Кіеў), Hedonism (Кіеў), Zaxidfest (Львоўшчына), Бандерштат (Валынь), Faine Misto (Цярнопаль), Respublica Fest (Камянец-Падольскі).

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера