Знайсці
16.10.2018 / 22:3678РусŁacБел

Дарагі наш патрыярх: колькі візіт Кірыла каштаваў беларускім епархіям 

У Мінску адбыўся Сінод Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), па выніках якога расійскія іерархі вырашылі разарваць адносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Аўтаматычна тое самае зробіць і БПЦ, як частка Рускай праваслаўнай царквы. 

Усе гэтыя багатыя на падзеі тры дні, калі ў Беларусі прысутнічалі сябры расійскага Сінода, забяспечваліся бесперабойнай лагістыкай і абслугоўваннем гасцей.

Жытло, абеды, раз'езды, падарункі… Хто гэта ўсё аплочваў? Штосьці траціла дзяржава, але немалыя грошы сабралі і з цэркваў.

Пра якую ж суму ідзе гаворка?

Наколькі ўдалося высветліць «Нашай Ніве», сёлета ніякіх пісьмовых распараджэнняў мітрапаліта Паўла аб зборы грошай не было, пажаданні выказваліся ў вуснай форме. 

Але мы знайшлі лічбы па мінулым візіце патрыярха Кірыла ў Мінск і Брэст — гэта было ў 2015-м, з 20 па 22 чэрвеня.

Па колькі ж тады скідваліся беларускія епархіі? Лічбы ўражваюць: агулам гэта $100 000! 

Мы здабылі адпаведны дакумент, завізіраваны мітрапалітам Паўлам тры гады таму. У «Плане ўнясення мэтавых унёскаў на візіт Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага» ад 13.05.2015 за подпісам галоўнага бухгалтара А.І.Кахно фігуруюць такія лічбы. 

ЕпархіяСума ў доларах ЗША
Мінская 15 000
Бабруйская5 000
Барысаўская5 000
Брэсцкаянасупраць Брэсцкай епархіі лічба не стаіць, бо патрыярх прылятаў у Брэст, і яны неслі вытраты
Віцебская8 000
Гомельская10 000
Гродзенская7 000
Лідская5 000
Магілёўская7 000
Маладзечанская6 000
Навагрудская5 000
Пінская10 000
Полацкая7 000
Слуцкая5 000
Тураўская5 000
Агулам100 000

На што за двое сутак можна выдаткаваць сто тысяч долараў? 

Кіраўнік сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін адказаў «Нашай Ніве», што ён не ў курсе памераў мэтавых унёскаў ні 2015-га, ні 2018-га. 

«Наколькі мне вядома, сёлета памер не ўстанаўліваўся і не абмяжоўваўся», — сказаў нам Лепін. 

Абазнаныя людзі кажуць, што сёлетнія ўнёскі маглі быць у агульнай суме большымі па памеры, бо ў 2015-м світа патрыярха была сціплейшай — разам з ім не было сябраў Сінода РПЦ. 

Ну і гасцявалі яны даўжэй на адзін дзень. 

Шараговых святароў уразіла шматлікасць аховы патрыярха. За крытыку яе быў адхілены ад служэння мінскі бацюшка Аляксандр Шрамко. Раскошны лад жыцця патрыярха Кірыла выклікаў нараканні і даўней: яшчэ ў 2012 годзе шуму нарабіў гадзіннік коштам 30 тысяч еўра.

Варта адзначыць, што і тады і цяпер асобныя графы выдаткаў наўпрост фінансаваліся беларускай дзяржавай, напрыклад: у Мінск патрыярх Кірыл звычайна прылятае на ўрадавым самалёце беларускага боку, які забірае яго з Масквы. 

nn.by; фота з сайта Маскоўскай патрыярхіі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930