Знайсці
15.10.2018 / 12:4679РусŁacБел

Лукашэнкаў выступ перад Сінодам РПЦ быў вельмі стрыманым: «Голас царквы павінен гучаць ва ўнісон з дзяржавай»

president.gov.by

У Беларусі зробяць усё, каб захаваць адзінства ўнутры народа і царквы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 кастрычніка на сустрэчы з членамі Святога сінода Рускай праваслаўнай царквы і Сінода Беларускай праваслаўнай царквы, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

«XXI стагоддзе — эпоха глабальных трансфармацый. Гэты час прагрэсіўных тэхналогій з іх бязмежнымі магчымасцямі. Але гэтая бязмежнасць, на жаль, становіцца крыніцай шматлікіх пагроз і ў палітычнай, і ў духоўнай сферах, — канстатаваў Лукашэнка. — Мы вельмі часта бачым, што ў імя нейкай уяўнай дэмакратыі вольна ці мімаволі такія дзяржаўныя каштоўнасці, як абарона правоў і свабод грамадзян, падмяняюцца ўседазволенасцю і адмаўленнем нашых маральных асноў».

«Попыт на абнаўленне сістэмы мер па ўмацаванні даверу, бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе з кожным днём толькі расце. Прыйшоў час звярнуцца да найлепшага вопыту сусветнай гісторыі — працэсу ў Хельсінкі мінулага стагоддзя», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі ў пытаннях пераадолення рознагалоссяў у еўрапейскай і еўразійскай прасторах застанецца нязменнай. «І тут, на маё глыбокае перакананне, голас царквы — адзін з найбольш магутных і ўплывовых — павінен гучаць ва ўнісон з дзяржавай», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што на шляху супраціву разбуральным тэндэнцыям сучаснасці ў дзяржавы і праваслаўнай царквы шмат агульных поглядаў. Важнейшыя з іх — умацаванне хрысціянскіх жыццёвых арыенціраў, міжнацыянальнага міру, міжканфесійнага дыялогу і добрасуседства усіх рэлігій.

«Абарона інстытута сям'і, шанаванне бацькоў, любоў да людзей, выхаванне патрыятызму, павага да гісторыі, мовы і культуры, сумленная праца — гэта базавыя каштоўнасці, уласцівыя праваслаўю і каталіцтву, іудаізму і ісламу, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму згода паміж прадстаўнікамі традыцыйных рэлігій з'яўляецца непарушнай асновай жыцця ў нашай краіне».

Паводле яго слоў, аб'ядноўваючыся ў духоўных і маральных арыенцірах, дзяржава і канфесіі паказваюць узор высокаарганізаванага грамадства. «Наша адзінства — найлепшая абарона ад знешніх і ўнутраных пагроз. Перакананы: сумеснымі намаганнямі нам удасца знайсці новыя дакладныя рашэнні па пераадоленні усіх выклікаў сучаснасці», — сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.

«Павінен вас запэўніць, як бы ні складвалася сітуацыя, мы будзем рабіць усё, каб у мірнай і спакойнай Беларусі не было ніколі антаганістычных сутыкненняў не толькі рэлігій, але, барані Божа, паміж намі, праваслаўнымі», — сказаў беларускі лідар.

Будзем рабіць усё для таго, каб мы ўмацоўваліся, — і наша дзяржава, і наш народ, — у гэтай праваслаўнай веры. Таму я сказаў: раскол — гэта не пра нас. І мы зробім усё для таго, каб захаваць наша адзінства «, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў апошні час ад Украіны «разыходзяцца кругі» ў розныя бакі. «Мы не можам гэта не бачыць. Тым больш тут - у Беларусі», - сказаў Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што служыцелям царквы бывае няпроста, таму як дзеянні свецкай улады розных краін часам спараджаюць праблемныя моманты. «Вы — ўладары сэрцаў людзей, іх духоўнасці. Я патрыярху сказаў пра тое, што прычыны, з якімі вам потым часцяком даводзіцца разбірацца, ляжаць у нас — дзяржаўных людзях. Мы з'яўляемся часам прычынамі або тымі, хто паскарае працэсы, у тым ліку і негатыўныя. Напэўна, якраз нам папрасіць прабачэння перад вамі за тое, што адбываецца сёння ў праваслаўным свеце, у якім мы жывем», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930