Знайсці
15.10.2018 / 12:2539РусŁacБел

Адэля Вольская шчыра расказала, як тое, што сваякі крытыкавалі яе знешнасць, паўплывала на яе жыццё

Спявачка Адэля Вольская шчыра падзялілася з намі падлеткавымі ўспамінамі, якія адгукаюцца ёй і сёння. На прыкладзе яе гісторыі разбіраем, чаму крытыка «на карысць» не заўсёды такой з'яўляецца і як працаваць з самаацэнкай, калі яна ўжо падараваная. 

Адэля Вольская.

— Мне нярэдка казалі, што маё цела неідэальнае. Асабліва часта я чула гэта ў падлеткавым узросце ад членаў сям’і. Яны казалі, што я тоўстая. Раней была худой, а цяпер патаўсцела. Сцвярджалі, што мне трэба схуднець, бо ўсё гэта непрыгожа глядзіцца…

Гэта, канечне, не была супержорсткая крытыка, яна падавалася як клопат пра маё здароўе.

Блізкія казалі: «Ты выглядаеш прывабна, але вось бы скінуць яшчэ некалькі кілаграмаў, заняцца спортам». Указвалі на тое, што расце жывот, попа, што ў мяне вялікія ляжкі. Часам мяне садзілі на дыеты: бонскі суп, грэчневая дыета, практыкавалася нават галаданне.

Сама я на той момант не заўважала, што са мной нешта не так, таму не разумела, чаго ад мяне хочуць сваякі. Цяпер жа, будучы паўналетняй, разумею, што гэта моцна на мяне паўплывала. Калі раней усе заўвагі я прапускала міма вушэй, цяпер, калі мне такое кажуць, стараюся змяніць сваю знешнасць. Чаму так адбываецца? Сама не ведаю. Але, хутчэй за ўсё, на гэта паўплывалі старыя заўвагі.

Часам мне нават складана выходзіць на вуліцу: я заўважаю погляды мінакоў. Мне здаецца, што ў іх дрэнныя думкі наконт маёй знешнасці. Я ніколі не нашу майкі ці сукенкі без рукавоў: лічу, што рукі ў мяне тоўстыя. Кожны дзень правяраю сваю вагу. Калі таўсцею хоць на кілаграм — адразу панікую. Карацей, трэш.

Я марную вельмі шмат часу на макіяж і ўсялякія жаночыя штучкі. Праўда, гэта усё роўна не дапамагае. Амаль заўсёды я адчуваю сябе не ў сваёй талерцы. Мая жаночая самаацэнка на нулі…

Пасля розных дыет я, канечне, зразумела, што больш такім займацца не хачу. Лічу, што лепей есці, што хочаш і калі хочаш. Проста слухаць свой арганізм. А не імкнуцца да нездаровай, але прыгожай фігуры. Пару кіло на здароўе ніяк не паўплываюць. Мне здаецца, што людзі, якія заўважаюць у іншых знешнія недахопы, хочуць ўзвысіцца за кошт іх прыніжэння. Праўда, нават разумеючы ўсё гэта, я ўсё роўна падсвядома на іх крыўджуся: мая ранімая натура ў такіх выпадках бярэ верх. Калі б мая самаацэнка была адэкватнай, то, магчыма, я і не звяртала б увагі на розныя каментары ў мой адрас. Сёння я стараюся працаваць над павышэннем сваёй самаацэнкі. Наведвала псіхолагаў. Гляджу матывацыйныя фільмы, чытаю біяграфічныя кнігі знакамітых людзей, якія, па меркаванні іншых, мелі недахопы ў знешнасці.

Усе мы разумеем мазгамі, што прыгажосць розная, няма ніякіх стандартаў. Але ўсё адно складана не азірацца на іх? Чаму? Таму што гэтыя стандарты паўсюль: кіно, тэлебачанне, білборды на вуліцах і гэтак далей. Мы кожны дзень глядзім на худую фігуру, твар без зморшчын, белую яскравую ўсмешку. Ну, і як пасля гэтага не азірацца на «ўзорныя» прыклады? Мы ўжо да іх прызвычаіліся.

Па гэтай прычыне мяне вельмі радуе бодзіпазітыўны рух. Свет пачынае адкрывацца іншым відам прыгажосці, і гэта класна. І плюс-сайз мадэль на вокладцы не азначае, што ты павінен адразу бегчы ў «Макдональдс» і зжэрці там усё меню. Галоўная думка: кожны сам вырашае, як яму выглядаць.

Што рабіць, калі вашу знешнасць крытыкуюць?

Расказвае псіхолаг Цэнтра паспяховых адносін Яніна Каноўка

— Такая праблема — яркі прыклад таго, наколькі востра падлеткі рэагуюць на крытычныя заўвагі ў свой адрас. Настолькі востра, што гэта параджае комплексы на ўсё жыццё. Пад уплывам гармонаў формы цела ў падлеткаў хутка мяняюцца, і часцяком гэта адбываецца непрапарцыйна. Акрамя таго, могуць узнікаць праблемы са скурай. Адчуйце сябе на месцы падлетка: цела, вобраз, да якіх ты прызвычаіўся, імкліва мяняюцца, пад уплывам гармонаў бясконца скача настрой, увесь твар у прышчах. А пры гэтым хочацца, каб было шмат сяброў, быць ім цікавым, трэба вучыцца. Няпроста, праўда? А калі яшчэ самыя блізкія і родныя людзі, ад якіх чакаеш падтрымкі і прымання, крытыкуюць тваю знешнасць, адзначаюць мінімальныя недахопы? Відавочна, што ў сітуацыі з нашай гераіняй не працуюць знешнія прыёмы дапамогі. Неабходна навучыцца прымаць сваю каштоўнасць, бачыць прыгажосць на глыбінным узроўні, незалежна ад ацэнак наваколля. Шчыра дараваць крыўдзіцелям, адзначаць (а лепш скласці спіс) сваіх дасягненняў у любой сферы жыцця. І абавязкова адасобіцца ад бацькоў тэрытарыяльна. Як толькі будзе магчымасць, жыць самастойна. Давярайце толькі сваім ацэнкам і ніякім больш. Верце ў сябе і ў вас усё атрымаецца!

Чытайце таксама:

Вялікая гутарка з дачкой Лявона Вольскага, якая стала спявачкай

Nina.nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930