Знайсці
12.10.2018 / 21:5422РусŁacБел

Ва Украіне забілі ваўка Міхася, які збег з Беларусі

У верасні абарвалася жыццё воўка Міхася, які раней збег з Беларусі ва Украіну — яго застрэлілі.

Фота: vouk.by.

Спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Мікалай Чэркас расказаў: «Мы хацелі працягнуць сачэнне за Міхасём, каб пабачыць, застанецца ён на гэтай тэрыторыі ці мігруе, як будзе дзейнічаць яго зграя. Шкада, што так раптоўна нашае сачэнне скончылася». 

У пачатку верасня спецыялісты пабывалі ва Украіне і агледзелі мясціны, дзе Міхась прыбіўся да зграі. Міхась знайшоў сабе самку, у іх з’явіліся чацвёра ваўчанят (генетычны аналіз пакажа, крэўныя яны Міхасю ці забітаму раней ваўку з той зграі, да якой належала самка).

Напэўна, нават нядоўгае сямейнае жыццё паспрыяла таму, што Міхась раздабрэў: калі яго забілі, ён важыў 50 кг, у той час як пры адлове ў Белавежскай пушчы менш за год таму яго вага была толькі 39 кг. 

Міхась жыў з сям’ёй у невялікім ляску, адпачывалі яны ў сланечнікавым полі. Калі сланечнікі прыбралі, ваўкам ужо асабліва не было дзе хавацца. 

У сярэдзіне верасня Міхася і аднаго з ваўчанят застрэлілі. Ваўчыха з трыма ваўчанятамі засталіся жыць.

Адметнасцю Міхася было тое, што ён трымаўся спецыфічнай дыеты: любіў фрукты, ягады і мышэй, а буйныя жывёлы ў яго рацыёне сустракаліся не так часта. Тым не менш, яго палічылі канкурэнтам паляўнічых: маўляў, ён вынішчыць у лесе казуль і ім не пакіне. Таму ў лясной гаспадарцы вырашылі ад ваўка пазбавіцца, хоць даследаванні вучоных кажуць, што наяўнасць воўчай зграі не скарачае папуляцыю капытных на гэтай тэрыторыі, а толькі запавольвае яе рост.

vouk.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера