Знайсці
12.10.2018 / 20:5620РусŁacБел

Ці можа Беларусь ужыць сілу за мяжой?

Піша Ягор Лебядок.

Падчас наведвання навучальнага палігона ў Івацэвіцкім раёне Аляксандр Лукашэнка заявіў: «І калі хтосьці асмеліцца, значыць (мы не ўтойваем гэта), дыверсійныя групы ўдараць і на той тэрыторыі, з якой адбудзецца напад на Беларусь». Нягледзячы на тое, што ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь мае абарончы характар, прымяненне беларускіх Узброеных Сіл за яе межамі пры вядзенні абароны сапраўды магчыма як у рамках міжнароднага права, так і нацыянальнага.

Артыкул 51 Статута ААН пацвярджае неад'емнае права на індывідуальную ці калектыўную самаабарону, калі адбудзецца ўзброены напад на Сябра Арганізацыі, якім з'яўляецца і Беларусь. Пры гэтым у рамках сучаснага развіцця міжнароднага права самаабарона прадугледжвае абарону ад даволі шырокага спектра форм нападу — ад класічных ваенных і тэрарызму да аперацый у інфармацыйнай прасторы. Пры гэтым у ходзе самаабароны варта прытрымлівацца прынцыпаў неабходнасці і суразмернасці. У рамках нападу ўзброеных сіл нейкай дзяржавы на Беларусь выкарыстанне беларускіх дыверсійных груп на тэрыторыі такой дзяржавы (пры выкананні імі норм міжнароднага гуманітарнага права) цалкам можна лічыць суразмерным і правамерным.

Падзеі апошніх дзесяцігоддзяў, у тым ліку ва Украіне і Сірыі, паказалі, што баявыя дзеянні ў інтарэсах нейкай дзяржавы могуць весціся ірэгулярнымі сіламі без фармальнага аб'яўлення вайны. Аднак, дзеянні дзяржавы з ужываннем ірэгулярных сіл таксама могуць быць прызнаныя агрэсіяй у рамках міжнароднага права. Рэзалюцыя 3314 (ХХIХ) Генеральнай Асамблеі ААН 1974 года сярод азначэнняў агрэсіі змяшчае і наступнае: засыланне дзяржавай або ад імя дзяржавы ўзброеных бандаў, груп, ірэгулярных сіл ці наймітаў, якія ажыццяўляюць акты прымянення ўзброенай сілы супраць іншай дзяржавы, якія маюць настолькі сур'ёзны характар, што гэта раўназначна пералічаным вышэй актам, або значны ўдзел у іх. Паводле Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права, якія датычацца дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб'яднаных нацый (рэзалюцыя 2625 (XXV) 1970 года), кожная дзяржава абавязана ўстрымлівацца ад арганізацыі або заахвочвання арганізацыі ірэгулярных сіл ці ўзброеных банд, у тым ліку наймітаў, для ўварвання на тэрыторыю іншай дзяржавы. Асобна міжнароднае права рэгулюе выкарыстанне наймітаў. У адпаведнасці з Міжнароднай канвенцыяй аб барацьбе з вярбоўкай, выкарыстаннем, фінансаваннем і навучаннем наймітаў дзяржавы-ўдзельнікі не вярбуюць, не выкарыстоўваюць, не фінансуюць і ня навучаюць наймітаў і забараняюць такую дзейнасць у адпаведнасці з палажэннямі гэтай канвенцыі. Выкарыстанне дзяржавай наймітаў з'яўляецца парушэннем норм названай канвенцыі. Але тут ёсць праблема: сярод дзяржаў, якія мяжуюць з Беларуссю, толькі Украіна ратыфікавала гэтую канвенцыю і Польшча падпісала без ратыфікацыі; Расія, Літва, Латвія канвенцыю не падпісвалі і не бралі на сябе адпаведныя абавязацельствы. Тым не менш, прымяненне дзяржавай-агрэсарам ірэгулярных сіл (у тым ліку і наймітаў, нават калі дзяржава не падпісала адпаведную канвенцыю) супраць Беларусі таксама з'яўляецца ў рамках міжнароднага права нападам на нашу краіну і прымяненне нашых дыверсійных і іншых спецыяльных сіл на тэрыторыі дзяржавы -агрэсара можна лічыць у поўнай меры суразмерным. Асабліва, калі яны выкарыстоўваюцца выключна супраць ірэгулярных фарміраванняў і іх інфраструктуры (уключаючы інфармацыйную і фінансавую).

Асобным пытаннем у міжнародна-прававых адносінах варта разглядаць прымяненне ірэгулярных сіл дзяржавы-агрэсара з тэрыторыі фармальна нейтральнай дзяржавы альбо імітацыю дзяржавай-агрэсарам сваёй нейтральнасці. У адпаведнасці з гаагскай Канвенцыяй аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў і асоб у выпадку сухапутнай вайны 1907 года на тэрыторыі нейтральнай дзяржавы на карысць ваюючых не могуць фармавацца вайсковыя атрады і адкрывацца ўстановы для вярбоўкі. У той жа час нейтральная дзяржава не нясе адказнасці ў тых выпадках, калі нейкія асобы перасякаюць мяжу па ўласным жаданні з тым, каб прапанаваць свае паслугі бакам, якія ваююць. У гэтых адносінах праблемным у доказным плане з'яўляецца сувязь транзіту ірэгулярных войскаў праз тэрыторыю фармальна нейтральнай дзяржавы і намерам дзяржавы ужываць іх. Г.зн. любыя ірэгулярныя сілы, якія перасякаюць мяжу, можна прадставіць на міжнароднай арэне як разрозненыя перамяшчэнні асобных «адпускнікоў», зняўшы з сябе адказнасць. У такім выпадку выкарыстанне нашых дыверсійных і спецыяльных сіл супраць такіх ірэгулярных сіл на тэрыторыі фармальна нейтральнай дзяржавы можа быць інтэрпрэтавана як напад Узброеных Сіл Беларусі на гэтую дзяржава з усімі вынікаючымі наступствамі.

Сучаснае прымяненне міжнароднага права ў ваеннай сферы шмат у чым зрушылася з фармальна лагічнага ў бок інтэрпрэтацыі, якая выгадная мацнейшаму боку канфлікту (асабліва боку, які мае вета ў Радзе Бяспекі ААН). У гэтай сувязі прымяненне спецыяльных сіл Беларусі на тэрыторыі праціўніка для паражэння ірэгулярных войскаў і наймітаў запатрабуе не толькі ваеннай падрыхтоўкі, але і шмат у чым ці нават у асноўным скаардынаванай і глыбока прадуманай інфармацыйнай і дыпламатычнай працы, паколькі пераконваць у сваёй правамернасці ўладам прыйдзецца не беларусаў па БТ, а разрозненую міжнародную супольнасць, якая, праз знешнюю палітыку беларускіх улад, не з'яўляецца, скажам так, добразычлівай да меркаванняў і знешнепалітычных рашэнняў афіцыйнага Мінска.

Што ж тычыцца нацыянальнага заканадаўства, то згодна з законам «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь» накіраванне вайскоўцаў за межы Рэспублікі Беларусь для выканання міжнародных абавязацельстваў дзяржавы, удзелу ў баявых дзеяннях і міратворчых аперацыях здзяйсняецца ў парадку, якi ўстанаўлiваецца заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь. Тут асабліва варта адзначыць адрозненне ў накіраванні вайскоўцаў для ўдзелу ў міратворчых аперацыях і баявых дзеяннях. У адпаведнасці з законам «Аб парадку накіравання ваеннаслужачых… для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі» праекты рашэнняў аб накіраванні вайскоўцаў за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі ўносяцца на разгляд прэзідэнта Саветам Міністраў, пры гэтым да ўнясення на разгляд названыя праекты мусяць пісьмова ўзгадняцца з пастаяннымі камісіямі Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. На адпраўленне вайскоўцаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях ўзгадненне парламенцкіх камісій не патрабуецца, што дазваляе юрыдычна аформіць рашэнне досыць хутка ўказам прэзідэнта. Гэта забяспечвае аператыўнасць у прыняцці рашэння аб накіраванні спецыяльных сіл за мяжу, а таксама ў большай ступені захоўвае сакрэтнасць іх прымянення.

Можна сказаць, што выкарыстанне беларускіх сіл спецыяльных аперацый і іншых дыверсійных груп на тэрыторыі суперніка ў рамках вядзення абароны мае пад сабой прававыя падставы. Аднак, эфектыўнае прымяненне ССА магчыма толькі ва ўмовах актыўнай інфармацыйнай і дыпламатычнай працы на знешнепалітычнай арэне, прычым падрыхтоўчую працу ў гэтай сферы варта пачынаць весці, як той казаў, учора.

Ягор Лебядок, bsblog.info

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930