У Бельгіі за карупцыю арыштавалі арбітра, які судзіў скандальны матч «Зеніт» — «Дынама» (Мінск)
Карупцыйны скандал разгараецца ў бельгійскім футболе. Учора паліцыя гэтай краіны правяла ператрусы ў офісах дзесяці клубаў, яны падазраюцца ў адмыванні грошай і арганізацыі дамоўленых матчаў.
Себасцьян Дэльфер'ер. Фота rsport.ria.ru.
Вобшукі прайшлі нават у офісах такіх грандаў бельгійскага футбола, як «Андэрлехт» і «Бруге». Пад раздачу таксама трапіў клуб «Локерэн», у якім гуляе беларус Антон Сарока.
Яшчэ адзін цікавы момант у гэтай гісторыі для беларусаў. Паліцыя арыштавала футбольнага арбітра Себасцьяна Дэльфер’ера, ён падазраецца ў атрыманні хабараў. Менавіта гэты суддзя абслугоўваў матч «Зеніт» — «Дынама» (Мінск), што праходзіў у жніўні ў Санкт-Пецярбурзе.
Мінскае «Дынама» ў гэтай гульні саступіла з лікам 1:8, хаця ў першай сустрэчы атрымала перамогу 4:0. Многія карыстальнікі інтэрнэту выказвалі меркаванне, што гэта магла быць гульня па дамоўленасці. Але ніякіх доказаў гэтага няма.