Знайсці
10.10.2018 / 14:1711РусŁacБел

«Ноч»: Віктар Марціновіч выдаў новы раман пра Ноч, якая нас чакае

З рамана Віктара Марціновіча хочацца выбрацца. Вось метро тармозіць, твая станцыя. Вынырваеш з тэксту, азіраешся навокал — фууух. Выходзіш з падземкі і, здаецца, ніколі так не цешыўся сонцу.

Свет, які апісвае Марціновіч, халодны, брыдкі, зябкі. І вельмі цёмны. Фабула такая: на зямлі раптам перастала свяціць сонца. Мінск пагрузіўся ў вечную ноч і холад з усімі наступствамі. Няма кавы і чаю, усіх коцікаў і сабачак даўно з’елі. Народ перабіваецца хто чым. Валюта цяпер — батарэйкі. Усе камунікацыі абарваліся, абмен і гандаль працягваецца хіба з суседнімі раёнамі. А яны сталі раёнамі-дзяржавамі: брацтва Аўтаз, рабаўладальніцкая Народная дыктатура Кальварыя, Каралеўства Цэнтр, матрыярхат Зялёны Луг… Такія сабе старажытнагрэчаскія полісы, якія насялілі варвары і кінулі адразу ў Сярэднявечча.

Між тым, Марціновіч стаў песняром горада, ён натхняецца мінскай рэальнасцю і дорыць ёй новыя вобразы. Чаго варты, напрыклад, Мінск як горад з карцін Брэйгеля: Брэйгелевы дрэвы, Брэйгелевы людзі.

Прычын раптоўнай Ночы ніхто не ведае. Як і актуальных навін: усе навіны перадаюцца з дапамогай светлавых сігналаў ад паселішча да паселішча, першакрыніца іх — далёкая загадкавая вежа. І нагадваюць яны навіны вядомых тэлеканалаў у часы найглыбейшага сну розуму. З наступленнем Ночы на зямлі цемра наступае і ў галовах, і ў адчаі людзі пачынаюць верыць усяму. За сцены Грушаўкі выйсці баяцца — там блукаюць неўры, андрафагі, забойцы-свінакапытыя. Розум спіць (панікуе?) настолькі, што ўжо не можа распазнаць герояў, у якіх не верыў нават старажытны грэк. Вітанне, Герадот, бацька гісторыі, якая, здаецца, і скончылася на Зямлі з наступленнем Ночы. Ці толькі пачынаецца?

Бо на фоне ўсёй гэтай жудасці ідзе жыццё героя. Гэта проста сумленны чалавек і добры хлопец, на месцы якога, як ні старайся абстрагавацца, уяўляеш самога Віктара Марціновіча. Галоўны герой — жыхар Грушаўкі і вялікі аматар чытання — зарабляе тым, што падбірае і пазычае мінчукам кніжкі з хатняй бібліятэкі. Са сканчэннем эры электрычнасці і інтэрнэту ён губляе сувязь з каханай, што перад самым зацямненнем тэлефануе яму з Непала. І аднойчы Кніжнік рашаецца кінуць усё ды разам з любімым сабакам — бадай, адзіным, якога ў Грушаўцы яшчэ не з’елі — вырушае на пошукі дзяўчыны.

Нечакана — раман Марціновіча заканчваецца добра. Пра тое сам аўтар кажа ў пачатку. Таму, хто баяўся сумнага канца, як я, — не бойцеся. У той жа час, такое адкрытае прызнанне аўтара паказвае, што сэнс і інтрыга кнігі — не ў выніку, а ў працэсе.

У «Ночы» можна бачыць «Адысею», можна сярэднявечны рыцарскі раман, дзе місія героя высакародная, але мэта заведама невыканальная. Але дзівіць, што нашы пісьменнікі так часта сталі звяртацца да фантастыкі. Відаць, рэалістычная проза ім ужо не дастатковая, каб апісаць цяперашні свет. А ў фантастычнай «Ночы», канечне, сустракаеш многа знаёмага: і сляпую веру ў тое, у што зручна верыць, і дурныя забабоны, якія руйнуюць жыццё, і зло, народжанае безвыходнасцю і лянотай…

Здзіўляе таксама, што ўсё больш пісьменнікаў задумляюцца над адносінамі з прыродай. Пісьменнікі, як тыя ластаўкі, што залятаюць у шахту перад чалавекам і сваёй смерцю паказваюць на небяспеку. Вось Марціновіч выціснуў сябе падчыстую, каб падаць сігнал трывогі. Экалагічная катастрофа — пастаянная перспектыва нашага жыцця, але вось-вось ужо стане рэальнасцю. Але пакуль Ноч не настане, не запанікуем, такія ўжо мы.

Проза Марціновіча вельмі драматургічная і нават кінематаграфічная. Суперпадрабязныя апісанні падзей, месцаў, траекторыі герояў мо калі і стамляюць, але для будучага рэжысёра фільма «Ноч» гэта чыстая знаходка.

У такой падрабязнасці «Ночы» ёсць і яшчэ адна вялікая місія. Праз сто гадоў па «Ночы» можна будзе вывучаць наш час і наша грамадства. Ужо ўяўляю яе як адну з асноўных крыніц дысертацыі па гістарычнай антрапалогіі. Праблем у кнізе ўздымаецца безліч, адсылак безліч, і трэба не раз прачытаць, каб выявіць усе.

Ну і яшчэ — не забуксуйце па дарозе, дачытайце да канца. Бо Марціновіч, дзякуй яму, не кідае чытача і ўсё-ткі тлумачыць, чаму Ноч наступіла і як з гэтым справіцца. Адказ вельмі працвярэжвае і, прабачце, дае надзею. 

Паўліна Скурко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера