Знайсці
10.10.2018 / 11:4014РусŁacБел

Польшча плануе пабудаваць найбуйнейшы аэрапорт у Еўропе

Згодна з планамі польскага ўрада, новы аэрапорт будзе абслугоўваць да 100 млн пасажыраў за год. Агульны кошт праекта — 16,5 млрд еўра. Пра планы краіны-суседкі піша dw.com

Магчыма, у найбліжэйшай будучыні ў Варшаве з'явіцца самы буйны аэрапорт на еўрапейскім кантыненце — прынамсі, такую мэту паставіў перад сабой урад краіны. Распараджэнне аб пачатку будаўніцтва так званага «Цэнтральнага камунікацыйнага порта» ўжо падпісаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

На першым этапе плануецца, што новы перасадачны аэрахаб будзе абслугоўваць да 45 млн пасажыраў на год, аднак іх колькасць будзе расці і ў выніку дасягне 100 млн чалавек. Калі чаканні польскіх уладаў апраўдаюцца, то новыя паветраныя вароты змогуць скласці канкурэнцыю такім гігантам, як лонданскі Хітроу, парыжскі аэрапорт імя Шарля дэ Голя і амстэрдамскі аэрапорт Схіпхол.

«Наша краіна знаходзіцца ў пункце перасячэння такіх ключавых маршрутаў, як Лос-Анджэлес — Тэль-Авіў, Вена — Токіа, Шанхай — Парыж і Нью-Ёрк — Тэгеран», — адзначаецца ў рэзалюцыі польскага ўрада, прынятай у 2017 годзе. Без новага аэрапорта Польшчы будзе цяжка канкурыраваць з заходнееўрапейскімі краінамі на авіяцыйным рынку, гаворыцца ў дакуменце.

Новы транспартны вузел, якому неафіцыйна прысвоена назва «Салідарнасць», будзе знаходзіцца паміж Варшавай і горадам Лодзь: да варшаўскага цэнтральнага вакзала адтуль можна будзе даехаць на цягніку за 15 хвілін. Чакаецца, што аэрапорт прыме сваіх першых пасажыраў у 2027 годзе. 

Тым часам пытанне аб фінансаванні новага транспартнага хаба пакуль застаецца адкрытым. Паводле прагнозаў, агульны кошт праекта складзе каля 70 млрд злотых (16,5 мільярда еўра): пры гэтым першы этап будаўніцтва абыдзецца Варшаве ў 35 млрд злотых (8,1 мільярда еўра) — адну дзясятую частку бюджэту краіны.

Кіраўнік дзяржаўнага Польскага фонду развіцця Павел Борыс у 2017 годзе заявіў, што ў фонду дастаткова сродкаў для ўдзелу ў праекце. У сваю чаргу Мікалай Вільд дапускае, што грошы на стварэнне інфраструктуры аэрапорта маглі б вылучыць еўрапейскія фонды. Аднак, згодна з правіламі Еўрасаюза, гэта магчыма толькі пры ўмове, што будаўніцтва самога аэрапорта будзе ажыццяўляцца на грошы прыватных, а не дзяржаўных кампаній. Улічваючы, што ў Еўропе няма недахопу ў буйных аэрапортах, Варшаве наўрад ці ўдасца прыцягнуць патрэбную колькасць прыватных інвестыцый.

У чэрвені 2018 года Мікалай Вільд правёў перамовы на гэтую тэму з сінгапурскімі кампаніямі. Ён таксама адзначыў, што патэнцыяльнымі партнёрамі Варшавы могуць стаць і Кітай і Паўднёвая Карэя. Варта адзначыць, што ідэя пабудаваць новы аэрапорт з'явілася ў польскага ўрада ў кантэксце пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва Варшавы з Пекінам. Новая стратэгія Кітая «Адзін пояс — адзін шлях» прадугледжвае рэалізацыю розных інфраструктурных праектаў з мэтай забяспечыць хуткую і танную дастаўку кітайскіх тавараў і паслуг на заходнееўрапейскія рынкі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930