Знайсці
08.10.2018 / 16:0062РусŁacБел

Лукашэнка сустрэўся з Віктарам Юшчанкам. Той прамаўляў па-ўкраінску

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з трэцім прэзідэнтам Украіны (2005-2010) Віктарам Юшчанкам, паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны. Адметна, што падчас сустрэчы Юшчанка прамаўляў па-ўкраінску.

«Ёсць шмат праблем, якія я з задавальненнем гатовы з вамі абмеркаваць, у тым ліку і па пазіцыі Украіны ў СНД. Як вядома, Украіна фактычна заявіла аб выхадзе, але афіцыйна гэта падзея яшчэ не наступіла. І на апошнім саміце ў Душанбэ ўкраінскі сцяг прысутнічаў, як заўсёды. Я так разумею, што гэта працэс не аднаго дня. Напэўна, і Украіне ірваць усякія сувязі з нашымі дзяржавамі паасобку і ў цэлым з СНД нявыгадна. Таму будзе нейкі працэс. Мой пункт гледжання вы ведаеце. Я заўсёды казаў пра тое, што выйсці прасцей, чым потым увайсці, калі трэба будзе. Але гэта суверэнная справа Украіны, мы вымушаны з гэтым лічыцца», — сказаў беларускі кіраўнік.

«Па падзеях ва Украіне вы маю пазіцыю ведаеце. Мы ні ў якім разе не хочам умешвацца ў падзеі ва Украіне. Груба кажучы, гэта не наша справа, калі нас не просяць. Хоць, шчыра скажу, — мы пра гэта пагаворым — уплыў падзей ва Украіне на нас вельмі вялікі. Асабліва ў плане, што нас турбуе, — прыток зброі праз украінскую мяжу. Вельмі шмат мы канфіскоўваем зброі», - адзначыў кіраўнік Беларусі.

Паводле яго слоў, выяўляюцца факты, калі зброя ідзе ў Беларусь з Украіны праз Расію. «Калі крымінальныя справы расследуюцца, мы таксама такія факты фіксуем. І я прэзідэнту Расіі пра гэта казаў. Вось гэта нас больш за ўсё турбуе», — заявіў кіраўнік Беларусі.

«Але, шчыра кажучы, магло б быць нашмат горш. І калі ўжо шчыра казаць, няма такой азлобленасці ў дачыненні да беларусаў з боку ўкраінцаў. Няма гэтага сутыкнення народнай думкі і народаў. Вось гэта самае галоўнае. Гэта абнадзейвае. Гэта аснова нашых добрых адносін, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Праблем шмат, і я гатовы абмеркаваць гэтыя праблемы».

Закранаючы двухбаковыя адносіны Беларусі і Украіны, кіраўнік дзяржавы ўспомніў і пра час прэзідэнцтва Віктара Юшчанкі.

«Калі параўноўваеш цяперашні час… Я ўжо не толькі кажу пра Украіну і Беларусь, - і нашы ўзаемаадносіны на постсавецкай прасторы. Вядома, гэта быў не горшы час, асабліва паміж нашымі дзяржавамі. Мы пры ўсіх адрозненнях, розных пунктах гледжання заўсёды знаходзілі нейкі кансэнсус і выбудоўвалі нашы адносіны, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. —І гэта датычыцца не толькі нас. Як бы ні было складана, і з Расійскай Федэрацыяй знаходзілі агульную мову, узаемапрымальную, з іншымі дзяржавамі. Усяляк было, але ў цэлым заўсёды мы выходзілі на пазітыўны вынік. І па тавараабароце мы тады высокімі тэмпамі раслі. Хоць і цяпер у нас крыўдзіцца няма на што - прырост тавараабароту 20-30 працэнтаў. Дарэчы, у СНД яшчэ вышэйшы. Другі год такі рост адбываецца. Было сур'ёзнае падзенне, а цяпер салідны рост і ў Еўразійскім эканамічным саюзе, і ў СНД у цэлым. Тое ж самае адбываецца і з Украінай».

У сваю чаргу Віктар Юшчанка адзначыў, што ў яго разуменні двухбаковыя адносіны з Беларуссю заўсёды былі ідэальнымі і на палітычным узроўні, і на народным.

«Мы заўсёды знаходзілі неабходнае паразуменне ў самых складаных пытаннях. Цяпер тое, што адбываецца не толькі ва Украіне — гэта вялікае выпрабаванне, гэта вялікая праблема для ўладкавання і нашага жыцця як нацыі, краіны, і суседзяў, і Еўропы», — адзначыў экс-прэзідэнт Украіны.

Паводле яго слоў, з аднаго боку, ва Украіне людзі сталі больш кансалідаваныя, чым, напрыклад, 5-10 гадоў таму. «Мы працягнулі адзін аднаму руку больш, чым калі-небудзь, больш стала адзінства», - сказаў ён.

З іншага боку, Віктар Юшчанка адзначыў складанасць тэрытарыяльнага пытання, падкрэсліўшы, што простага аднакампанентнага рашэння не можа быць знойдзена. «Відавочна, гаворка ідзе пра доўгатэрміновы працэс», — мяркуе экс-прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што на фоне ўсіх падзей унутрыпалітычнае жыццё ва Украіне таксама складанае, бо ёсць шмат бакоў, якія хочуць нешта ўзяць з кантэксту і на гэтым рабіць палітыку. Віктар Юшчанка выказаў меркаванне, што па гэтай прычыне на прэзідэнцкіх выбарах можа быць самая вялікая колькасць кандыдатаў у гісторыі краіны. Ён адзначыў, што вострая ўнутрыпалітычная дыскусія часта не працуе на стабілізацыю, але ўкраінскі народ праходзіць вельмі важную нацыянальную школу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930