Знайсці
06.10.2018 / 12:3012РусŁacБел

The Times: Расійскія інтэрнэт-тролі ад імя Эмы Уотсан спрабуюць маніпуляваць брытанскімі падлеткамі

Інтэрнэт-тролі з Расіі вялі у сацыяльных сетках скрытую кампанію па дэзынфармацыі, накіраваную на брытанскіх падлеткаў. Пра гэта са спасылкай на звесткі амерыканскіх даследчыкаў паведамляе газета The Times.

Cтваральнікі фэйкавых акаўнтаў, якія спрабавалі маніпуляваць думкамі брытанскіх юнакоў і дзяўчат, пазіцыянавалі сябе як «прыхільнікі Гары Потэра» ці выкарыстоўвалі вобразы знакамітасцяў, напрыклад, актрысы Эмы Уотсан, заўважае Times.

Эма Уотсан з Дэніэлам Рэдкліфам (злева) і Рупертам Грынтам на прэм'еры фільма «Падарункі смерці» у 2011 годзе. Фота: flickr.com

Акрамя гэтага тысячы маладых брытанцаў, паводле даследавання амерыканскіх спецыялістаў, былі ўцягнутыя ў кампанію па дэзынфармацыі пры дапамозе «фінансаванага Крамлём» YouTube-канала пад назвай «Блю Пітэр рускай прапаганды» (The Blue Peter of Russian propaganda).

Аўтар гэтага канала, па інфармацыі газеты, «спрабаваў стварыць блытаніну» адносна атручвання ў Солсберы былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

У поўнай жа меры маштабы расійскай кампаніі, як паказвае выданне, могуць быць раскрытыя толькі пасля таго, як эксперты прааналізуюць больш за тры мільёны твітаў і іншых паведамленняў у сацыяльных сетках, якія сабралі амерыканскія даследчыкі. Вынікі гэтага аналізу, паводле Times, могуць быць апублікаваныя ўжо 6 кастрычніка.

Кампанія ў сацыяльных сетках, якая, як мяркуюць аналітыкі, праводзіцца Крамлём, «добра фінансуецца» і ўяўляе сабой «вялікую небяспеку, таму што яна скрытая».

Дзеянні троляў ў сацыяльных сетках, як стала вядома экспертам, каардынаваліся Агенцтвам інтэрнэт-даследаванняў з Санкт-Пецярбурга. Яно з'яўляецца часткай «фабрыкі троляў», якую, як мяркуецца, спансаваў пецярбургскі бізнэсмен Яўген Прыгожын.

Амерыканскім даследчыкам удалося высветліць, што адзін з акаўнтаў, створаны пры дапамозе гэтага агенцтва, спрабаваў звярнуцца да заходніх падлеткаў ад імя змагара за правы геяў.

Апублікаванае на старонцы гэтага інтэрнэт-троля паведамленне з тэкстам: «Час ад часу ў класе мае быць невялікая драма», — па дадзеных аналітыкаў, матывавала школьнікаў «палітычнымі пратэстамі сарваць ўрокі».

У паведамленнях яшчэ аднаго фэйкавага акаўнта змешваліся фатаграфіі Эмы Уотсан і пасты з крытыкай амерыканскага ўмяшання ў Сірыю, дзе Расія падтрымлівае рэжым сірыйскага лідара Башара Асада, піша газета.

Іншыя акаўнты троляў, па інфармацыі экспертаў, спрабавалі заваяваць увагу маладых феміністак, экаактывістаў і прыхільнікаў еўрапейскіх войскаў. Многія з размешчаных паведамленняў, як прызналі даследчыкі, былі «бяскрыўднымі». На несапраўдных старонках часта публікаваліся мемы — карцінкі з гумарыстычнымі вобразамі, якія хутка распаўсюджваюцца ў інтэрнэце.

У цэлым жа ў кампаніі па дэзынфармацыі ўдзельнічалі 2848 акаўнтаў у Twitter. Таксама звязаныя з гэтай праграмай карцінкі публікаваліся ў Instagram і Tumblr.

Самай жа «дакучлівай спробай Расіі павесці маладых брытанцаў» суразмоўцы Times назвалі «спансаваны Крамлём» канал YouTube пад назвай ICYMI. Яго аўтар — блогер Полі Бойка вінаваціла брытанскі ўрад у крывадушнасці адносна захавання правоў чалавека і заяўляла аб тым, што прэзідэнты Расіі і ЗША Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп, на яе думку, павінны быць саюзнікамі.

У Twitter, каментуючы дадзеныя аб кампаніі дэзынфармацыі, заявілі, што прадстаўнікі мікраблогу ўжо распачалі актыўныя крокі для ліквідацыі маніпуляцый пры дапамозе платформы. А ў кампаніі Google, якая валодае YouTube, паведамілі, што любое ўмяшанне з дапамогай сайта было б непрымальным. У Facebook, якой належыць Instagram, сказалі, што кампанія сутыкнулася са «складанымі апанентамі ў выглядзе нацыянальных дзяржаў».

Раней усе гэтыя інтэрнэт-гіганты (Facebook, Twitter і Google) ужо сутыкаліся з наплывам палітычных інтэрнэт-троляў. Па версіі амерыканскіх уладаў, менавіта з дапамогай гэтых платформаў Расія спрабавала ўмяшацца ў прэзідэнцкую кампанію ў ЗША ў 2016 годзе. У 2017 годзе Facebook, Twitter і Google апублікавалі дадзеныя аб маштабах гэтага ўмяшання. Як сцвярджалі ў кампаніях, на палітычную сітуацыю ў Амерыцы павінны былі паўплываць мільёны фальшывых акаўнтаў. У Расіі, у сваю чаргу, дачыненне да гэтага ўмяшання неаднаразова адмаўлялі.

Паводле РБК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930