Знайсці
05.10.2018 / 14:176РусŁacБел

Некалькі фактаў пра гінеколага і праваабаронцу, якія атрымалі Нобеля за барацьбу з сэксуальным гвалтам

Сёння ў Осла стала вядома, што лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру за 2018 год сталі доктар Дэніс Муквеге з ДР Конга і Надзя Мурад з Ірака.

Дакладная фармулёўка іх заслуг, за якія яны і атрымалі ўзнагароду гучыць, як «за намаганні, накіраваныя на спыненне выкарыстання сэксуальнага гвалту як зброі ў войнах і канфліктах».

Распавядзём пра іх дзейнасць крыху падрабязней.

«Чалавек, які «рамантуе» жанчын»

Дэніс Муквеге, фота: tvc.ru.

Жыццёвы лёс 63-гадовага Дэніса шмат у чым вызначыла дзейнасць яго бацькі: ён быў трэцім у сям'і пастара-пяцідзясятніка, што працаваў у шведскай місіі.

Дэніс з дзяцінства бачыў шмат хворых людзей, таму і вырашыў стаць доктарам. Цікава, што першапачаткова ён спецыялізаваўся на педыятрыі, але сутыкнуўся з вялікай колькасцю пасляродавых ускладненняў у кангалезскіх жанчын, якія не мелі доступу да медыцынскай дапамогі, таму вырашыў сур'ёзна вывучаць акушэрства і гінекалогію.

Пасля навучання ў Францыі вярнуўся на радзіму і стварыў у Рэспубліцы Заір (цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга) службу акушэрства і гінекалогіі.

З 90-х ён актыўна дапамагае жанчынам, якія пацярпелі ад сэксуальнага гвалту: гэты час быў поўным узброеных канфліктаў і чалавечых смерцяў, масавых згвалтаванняў.

Дэніс не проста аказваў усім жанчынам дапамогу, ён вёў і актыўную кампанію ў СМІ супраць жудаснай традыцыі, калі салдаты гвалцяць жанчын з варожых кланаў. З міжнароднай дапамогай ён пабудаваў шпіталь. Паводле некаторых звестак, з таго часу ён з разам з калегамі правеў больш за 40 тысяч аперацый для жанчын і дзяўчынак.

За тое, што доктар актыўна даваў інтэрв'ю СМІ, выступаў у ААН, заклікаючы спыніць масавыя згвалтаванні ў ДРК, у яго адрас няспынна паступалі пагрозы. У 2012 годзе на яго дом увогуле напалі: у закладнікі трапілі дзве дачкі Дэніса (усяго ў яго 5 дзяцей).

Усяго за яго кар'еру на яго нападалі яшчэ 5 разоў, можна сказаць, што доктар цудам застаўся жывым: яго целаахоўніку аднойчы пашанцавала куды менш, ён загінуў.

Згодна з дакладам ААН, апублікаваным у пачатку 2014 года, на працягу чатырох гадоў са студзеня 2010 па снежань 2013 г. у ДРК было згвалтавана больш за 3600 жанчын. Калі б не Муквеге, хто ведае, можа, гэта страшная лічба была б яшчэ большай…

У 2014 годзе доктар атрымаў прэмію імя Сахарава «за барацьбу ў абарону жанчын».

Некалькі цытат Муквеге:

«Неабходна любіць іншых, як сябе самога. Часам да мяне прыходзяць жанчыны з такімі траўмамі, што мне хочацца плакаць. І я нават дзіўлюся, як гэтыя жанчыны знаходзяць у сабе сілы ўзнавіць сваё жыццё».

«Адзінкавы выпадак згвалтавання — ужо сур'ёзны і патрабуе ўсіх нас распачаць дзеянні; у маёй краіне  сотні тысяч згвалтаваных жанчын. Мы занадта доўга і занадта шмат энергіі патрацілі на выпраўленне наступстваў гвалту, цяпер настаў час заняцца яго прычынамі».

«Былая палонная баевікоў ІД»

Надзя Мурад. Фота ezidi.news.

Праваабаронцы з Ірака Надзе Мурад Басе Таха 25 год. Яна марыла стаць педагогам, але не змагла скончыць універсітэт: яе пасёлак Коча ў 2014 годзе захапілі баевікі ІД. 

Надзя мае езідскае паходжанне (субэтнас курдаў), таму трапіла ў лік тых, каго пераследуюць ісламісты. Большасць яе сям'і джыхадзісты забілі за адмову прыняць іслам.

Разам з іншымі жанчынамі Надзя апынулася ў сэксуальным рабстве, спрабавала няўдала бегчы, за што падвяргалася катаванням. Некалькі разоў перапрадавалася. Змагла збегчы толькі пасля трох месяцаў палону.

У 2016 годзе былая палонная ІД стала паслом па абароне годнасці людзей, якія перажылі гандаль, ад упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці. Сёння яна жыве ў Германіі.

У 2016 годзе Мурад таксама была ганараваная прэміяй імя Сахарава.

Некалькі цытат Надзі:

«Я езджу па ўсім свеце, наведала больш за 20 арабскіх і еўрапейскіх дзяржаў. Я сустракалася з многімі лідарамі, парламентарыямі і проста з людзьмі. Чаго мы дамагаемся? Мы б хацелі пакараць вінаватых бойні, пакараць злачынцаў у Міжнародным крымінальным судзе і абараніць невялікія нацыянальныя суполкі, такія як езіды і хрысціяне, што жывуць у Іраку і Сірыі».

«Цяпер увесь свет бачыць, што такое ІД, увесь свет бачыць, што робіць ІД. Але проста цяпер дзяўчат і жанчын прадаюць і гвалцяць. Але сумленне чалавецтва не абудзілася, і гэтых жанчын няма каму вызваліць».

Nina.nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930