Знайсці
04.10.2018 / 17:262РусŁacБел

«Дынама», «Шахцёр», «Віцебск»: хто будзе трэцім лішнім? Пачынаецца чарговы тур чэмпіянату Беларусі па футболе

Разам з Букмекерскай канторай Марафон працягваем сачыць за нашай вышэйшай лігай.

БАТЭ перамог, мабыць, у самым важным матчы года на ўнутранай арэне. Гульня з «Дынама» не была простай. Мінчукі забілі першымі, але нейкім магічным чынам БАТЭ адгуляўся роўнай на 53-й хвіліне. Менавіта тады заўзятары ўшаноўвалі памяць генеральнага дырэктара БАТЭ Анатоля Капскага, які пайшоў з жыцця на 53-м годзе.

Банер ды піра-шоу ў гонар Анатоля Капскага. Фота ФК «Дынама-Мінск».

Наўрад ці нехта яшчэ дагоніць барысаўцаў, а вось барацьба за срэбра і бронзу толькі пачынаецца.

Цяпер пяройдзем да разбору гульняў.

«Тарпеда-Мінск» — «Мінск»

«Тарпеда» ўжо пахавалі амаль усе. Здавалася, што ў каманды абсалютна няма шанцаў на выратаванне. Але чароўным чынам аўтазаводцы перамаглі «Смалявічы». Цяпер самая олдскульная каманда краіны зноў у гульні і па настроі вылятаць няма ніякага жадання. Настаўнік «Тарпеда» Уладзімір Нявінскі вобразна адзначыў, што там, дзе знаходзілася ягоная каманда, ёсць толькі адна дарога — на верх.

Гульцы «Тарпеда» адзначаюць перамогу над «Смалявічамі» разам з фанатамі. Фота ФК «Тарпеда-Мінск».

«Мінск» — каманда, у якой таксама толькі адна дарога: вырошчваць таленавітых гульцоў для больш моцных клубаў. Калі нехта пачынае падаваць надзеі, то пакінуць яго ў складзе «гараджан» амаль немагчыма, бо не дазваляюць сродкі. У складзе «Мінска» заўсёды ледзь не 90% складае моладзь. У пачатку сезона яны глядзяцца не вельмі, а бліжэй да канцоўкі ўжо бяруць сваё.

Прагноз «НН»: «Тарпеда» не саступіць.

«Гарадзея» — «Прамень»

У «Гарадзеі» тры паразы запар. Прычым ні ў адным з гэтых матчаў каманда не забівала галоў. На нейкі час здавалася, што цукровым можна ўздыхнуць з палёгкай, а тут зноў акунацца трэба ў будні каманд, што змагаюцца за выжыванне. Спадзяванні, што ў пятнічны вечар гарадзейская тарсіда добра падтрымае сваіх улюбёнцаў.

«Прамень» пакуль на выратавальным 14-м месцы ў турнірнай табліцы. Каманда выкладваецца па поўнай у кожнай гульні, але майстэрства ўсё адно яшчэ малавата. Можа, у гульні з «Гарадзеяй» адзначыцца Лука Роткавіч. Чарнагорац у не самай паганай форме.

Прагноз «НН»: перамога «Гарадзеі».

«Слуцк» — «Віцебск»

Здаецца, «Слуцк» ужо супакоіўся. Стала ясна, што вышэй за галаву каманда не скокне, але і не апусціцца ніжэй за плінтус. У Слуцку ўсё па-людску, і нават месца акурат у сярэдзіне турнірнай табліцы. Патроліў случчакоў на гэтым тыдні кікбаксёр Віталь Гуркоў, які здзівіўся, што ў камандзе шмат чарнаскурых футбалістаў. «Там жа слуцкія ткачыхі, адкуль легіянеры?» — задаўся пытаннем баец.

За адсутнасцю лепшага гульню ў Слуцку можна назваць цэнтральнай у туры. «Віцебск» саступіў двойчы запар і цяпер займае крыўдны чацвёрты радок. Няўжо ўсё ж каманда была бурбалкай? І ўсе спадзяванні на медалі будуць марнымі. Не перамогуць цяпер, можна лічыць так. Для віцьбічаў ужо наступіў момант ісціны.

Прагноз «НН»: перамога «Віцебска».

«Дняпро» — «Дынама-Брэст»

Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Проста цяпер «Дняпро» — гэта дно. Каманда не павінна ўратавацца. Такім, як магілёўцы, рабіць у наступным сезоне ў вышэйшай лізе проста няма чаго.

Брэст уж дыхае ў патыліцу «Віцебску». Усяго толькі шэсць пунктаў і аж восем матчаў. Такое адставанне цалкам сабе можна ліквідаваць. Абаронца каманды Алег Вераціла сказаў, што для Брэста нетраплянне ў еўракубкі будзе трагедыяй. Не дапусціць яе — справа прынцыпу для ўсёй каманды.

Джаэль Фамее забіў два мячы «Слуцку». Фота ФК «Дынама-Брэст».

Прагноз «НН»: перамога Брэста з розніцай, большай за 1 гол.

«Гомель» — «Шахцёр»

«Гомелю» варта атрымаць яшчэ дзве-тры перамогі і спакойна рыхтавацца да наступнага чэмпіянату. Для такіх каманд ніколі не зразумела, што будзе праз год. Можа быць, узлёт, а можа быць, падзенне. Трэнер у гамельчукоў дастаткова таленавіты, таму хочацца верыць у першы варыянт.

«Шахцёр» не так даўно сенсацыйна саступіў «Іслачы». Цяпер, мабыць, будуць рабіць усё, што ў іх сілах, каб не дапусціць такога з «Гомелем». Лідарам «Шахцёра» ў сезоне з’яўляецца албанец Эліс Бакай. Ён кажа, што яму абсалютна ўсё падабаецца ў Салігорску. Калі Бакай працягне гэтак жа гуляць, то ці не захочуць яго налета ўбачыць у форме БАТЭ, мінскага ці брэсцкага «Дынама».

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

«Іслач» — БАТЭ

«Іслач», здаецца, чакаюць гарачыя дзянькі. Каманда пакуль не можа быць абсалютна ўпэўненай, што застанецца ў эліце. Быў адрэзак у сярэдзіне сезона, дзе «ваўкі» згубілі ўсё, што дасталося ім перад гэтым.

Можна спрагназаваць, што пасля гульні ў еўракубках Аляксей Бага выставіць на гульню чэмпіянату не асноўны склад, таму ў каманды з Мінскага раёна могуць з'явіцца шанцы на перамогу. Але гэта малаверагодна.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Нёман»

Абедзве каманды набралі ход і яўна будуць супраць таго, каб перарываць свае пераможныя серыі.

Няўдачы «Віцебска» робяць не такім недасягальным чацвёрты радок, які пры некаторых раскладах можа падараваць жодзінцам і гарадзенцам адзіную магчымасць пагуляць праз год у еўракубках, таму ў нядзелю ў Жодзіне будзе горача на полі, але, здаецца, шмат галоў мы не ўбачым.

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2,5.

«Дынама-Мінск» — «Смалявічы»

У мінулым аглядзе мы прадказвалі, што «Смалявічы» хутка ўключаць рэжым дагульвання чэмпіянату. Але нечакана ён ужо аказаўся ўключаным — бязвольная параза мінскаму «Тарпеда» таму пацвярджэнне.

«Дынама» прайграла БАТЭ, амаль выбыла з чэмпіёнскай гонкі і прапусціла «Шахцёр» на другі радок. Цяпер менавіта салігорцы — супернік нумар 1 на канец першынства.

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

Калі захочаце схадзіць на футбол, не забудзьцеся сур'ёзна ўцяпліцца! Каб было яшчэ цікавей сачыць за футболам, зрабі стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Зміцер Панкавец, Піліп Каваленка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера