Знайсці
04.10.2018 / 11:4813РусŁacБел

Беларускі поп-спявак Герман Цітоў: Мяне натхняюць Лаліта і Люся Лушчык

Яго творчы шлях пачаўся з удзелу ў хоры, а цяпер ён вядомы спявак, тэлевядучы і аўтар шматлікіх хітоў розных эстрадных выканаўцаў. Герман Цітоў не баіцца новых эксперыментаў і не ўяўляе свайго жыцця без творчасці. Газеты «Звязда» ўзяла інтэрв'ю ў выканаўцы. 

— Ваша сапраўднае імя Дзмітрый. У які момант вырашылі ўзяць псеўданім і чаму менавіта такі?

— Гэтая гісторыя адбылася на адным з канцэртаў, мне здаецца, на «Славянскім базары». Вядучы пачаў аб'яўляць мяне — «Дзмітрый…», як тысячная зала тут жа хорам працягнула за ім далей: «Калдун!». На той момант мы абодва былі выпускнікамі «Зорнага дыліжанса», і нас часта блыталі. Таму трэба было прыдумаць нейкі запамінальны псеўданім. З прадзюсарам вырашылі, што падыходзіць імя Герман, а прозвішча Цітоў дасталася мне па мамінай лініі.

— Любоў да творчасці ў вас з дзяцінства?

— Так, з малых гадоў я ўвесь у ёй. А як інакш? Калі б вы толькі чулі, як спявае мая бабуля Ліда! А тата які малайчына! Дзякуючы яму я паступіў у музычную школу па класе дудачкі. Наша мужчынская логіка казала нам, што дудачку будзе лёгка несці на заняткі (Смяецца.) Праўда, калі мама вярнулася з працы і даведалася пра гэтае рашэнне, яго прыйшлося памяняць. Так, дзякуючы маме, музычную школу я скончыў па класе харавых спеваў.

— Вы вучыліся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, аднак выбралі не музычны факультэт.

Чаму?

— Сапраўды, я спыніў свой выбар на прадзюсаванні. На той момант у мяне за плячыма ўжо быў Гродзенскі каледж мастацтваў, і гэтая спецыялізацыя для працягу адукацыі была вельмі дарэчы.

— У вас за плячыма ўдзел у многіх праектах. Яны былі своеасаблівай апорай для вашага творчага «ўзлёту»?

— У асноўным яны былі музычныя: «Зорны дыліжанс», «Сакрэт поспеху», «Народны артыст». Але магу сказаць, што такога роду праекты — гэта не зусім маё. Усе былі міма, вылятаў з першых жа тураў. І толькі перамога ў «Зорным дыліжансе» стала своеасаблівым зыходным пунктам у шоу-бізнесе.

— Акрамя таго, што вы спяваеце, дык яшчэ і пішаце песні. Ці складаней стварыць песню для іншага чалавека?

— Я не пішу песні на заказ… Нават не ведаю, каму ў выніку дастанецца тая ці іншая кампазіцыя. Калі ствараю, то проста давяраю інтуіцыі. Якой адчуваю песню, такой яе і раблю, не арыентуючыся на магчымага выканаўцу. Я добра памятаю, што сваю першую песню прадаў Уладзіміру Ухцінскаму. Менавіта з супрацоўніцтва з гэтым артыстам і пачалася мая аўтарская кар'ера.

— У якой сферы хацелі б яшчэ сябе паспрабаваць? Можа быць, кіно ці тэатр?

— Гэта таксама не зусім маё. Трэба вучыць велізарную колькасць тэксту… Мне падабаецца здымацца ў рэкламных роліках і працаваць у якасці мадэлі.

— У вас ёсць куміры, на якіх імкняцеся быць падобным ці з якіх бераце прыклад?

— У ідэале хацелася б самому быць прыкладам. Не тое каб я да гэтага імкнуўся, але мне ўласціва ўдасканальвацца. Калі называць імёны, якія натхняюць, то з артыстаў гэта Лаліта. З журналісцкага асяроддзя — мая сувядучая ў «Нашай раніцы» Люцыя Герашчанка. Не стамляюся захапляцца яе прафесіяналізмам, самааддачай і прыгажосцю.

— У вас ёсць творчая і жыццёвая мара?

— Мары ўсяго жыцця, скажам так, у мяне няма, хаця, магчыма, толькі пакуль няма… Але ёсць дзясяткі жаданняў, якія змяняюцца літаральна кожны дзень па меры таго, як ажыццяўляюцца. Я мужчына. Для мяне мара — гэта добра спланаваць шэраг дзеянняў і — ты каля мэты.

— Няўдачы вас выбіваюць з каляіны або, наадварот, мабілізуюць?

— Яны для мяне — прыступкі росту. Толькі праз барацьбу з няўдачамі і паражэннямі можна дамагчыся поспеху. Я лічу, што да ўзлёту і падзення трэба ставіцца правільна. Атрымалася — выдатна, не атрымалася — зрабіў высновы і пайшоў далей.

— Вы публічная асоба, многія, магчыма, вам зайздросцяць… Як вы рэагуеце на тую ж крытыку?

— Да яе я стаўлюся заўсёды адэкватна. Дзесьці з усмешкай і іроніяй, калі разумею, што крытыка неабгрунтаваная. Але калі ў заўвагах ёсць доля праўды і меркаванне чалавека для мяне аўтарытэтнае, то заўсёды прыму да ведама і падзякую за ўдзел. Што датычыцца зайздрасці… Хачу заўважыць, што зараз сацыяльныя сеткі вельмі агаляюць наша сапраўднае стаўленне адно да аднаго. Заўсёды зразумела, напрыклад, з якіх меркаванняў знаёмы чалавек крытыкуе ў абмеркаваннях у інтэрнэце, а пры асабістай сустрэчы заліваецца салаўём ад захаплення.

— Нядаўна вы ўдзельнічалі ў тэлепраекце «Замуж за Бузаву». Сапраўды хацелі знайсці там каханне ці нейкія новыя адчуванні?

— «Замуж за Бузаву» — гэта асаблівы вопыт для мяне. Усё пачалося са званка з канала ТНТ. Мне паведамілі, што заяўка прынятая і мне трэба з'явіцца на вочны кастынг у Маскву. Вы павінны ведаць: я наогул не разумеў, пра што гаворка, бо ніякай заяўкі… не адпраўляў. Потым высветлілася, што гэта мая клапатлівая творчая каманда так вырашыла пакпіць і дапамагчы мне з «замужжам». (Смяецца.) Што яшчэ сказаць?.. Засталіся змешаныя пачуцці пасля ўдзелу ў тым праекце. Усё ж казаць краіне «Добрай раніцы» для мяне больш проста і зразумела, чым улюбляцца і дэманстраваць сімпатыю на камеру.

— Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць прафесійны спявак і тэлевядучы?

— Харызма павінна прысутнічаць у першую чаргу. Для гледача ж як: прыцягненне альбо ёсць, альбо яго няма. Іншага не дадзена. Ты можаш быць тройчы дыпламаваным у музычнай сферы спецыялістам, але без унутранай прыцягальнасці як спявак ты будзеш нецікавы. І пачуццё гумару абавязковае. Без яго ў нашай сферы ніяк. Яно дапаможа знайсці выхад з любых казусных сітуацый.

— Дарэчы, адчуваеце сябе «зоркай»?

— Праз «зорную» хваробу, як мне здаецца, праходзіць у той ці іншай ступені кожны публічны чалавек. І ў мяне такі перыяд быў у часы працы з прадзюсарам. Калі за цябе вырашаюць усе пытанні, лёгка адчуць, што ты асаблівы. Але мяне хутка прызямлілі, і ўсё наладзілася.

— Ці хапае вам часу на «звычайнае» жыццё па-за працай?

— Я заўсёды ўдзяляю яго сваім жаданням і захапленням, а не толькі прафесійнай дзейнасці. Вось нядаўна сваімі рукамі зрабіў вазу пад садавіну на высокай ножцы з дрэва і дэкаратыўнага шнура. Праўда, сябры падумалі, што гэта кіпцюрніца для ката, але гэта ж творчасць, тут з якога боку паглядзець. (Смяецца.) Люблю ў тэхніцы разбірацца. Магу гадзінамі вывучаць навінкі, параўноўваць характарыстыкі, чытаць водгукі. Часу заўсёды хапае на тое, што мне папраўдзе трэба. Галоўнае — сапраўды любіць тое, чым ты займаешся.

Ангеліна Новікава, «Звязда»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930