Знайсці
02.10.2018 / 15:3365РусŁacБел

Алексіну выдзеляць 2400 месцаў для продажу цыгарэт. Кіёскі з'явяцца на вуліцах Мінска

Кіёск у Гродне, newgrodno.by

Кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная бізнэсмэну Аляксею Алексіну, створыць цягам двух гадоў у Беларусі амаль 2500 гандлёвых пунктаў па продажы цыгарэт, у тым ліку каля 500 у Мінску. Пра гэта TUT.BY распавялі інфармаваныя крыніцы.

Пункты продажаў — кіёскі, крамы, павільёны — з'явяцца ў сувязі з рэалізацыяй «Энерга-Оілам» інвестпраекта па стварэнні недзяржаўнай сеткі па гандлі тытунёвымі вырабамі, сказаў суразмоўца, знаёмы з працэсам.

Для гэтага, як кажа крыніца, мясцовыя выканкамы павінны без аўкцыёну прадаставіць у арэнду інвестару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання гандлёвых аб'ектаў. Гэта будуць кіёскі, крамы, павільёны і неізаляваныя пункты, у якіх не менш за 80% тавару — тытунёвыя вырабы.

Памеры і месца гэтых зямельных участкаў вызначаюцца інвестарам па ўзгадненні з мясцовымі ўладамі.

Па словах суразмоўцы, да канца 2018 года «Энерга-Оілу» павінна належаць амаль тысяча зямельных участкаў ва ўсіх абласцях, каля 190 з якіх — у Мінску. Да канца 2019 года іх колькасць павінна ўзрасці да прыкладна 2500, уключаючы амаль 500 у сталіцы.

А гэта можа значыць, што на вуліцах Мінска цяпер будуць не толькі кіёскі «Белсаюздруку» і «Мінсктранса», але і тытунёвыя. 

Але гаворка не заўсёды будзе ісці аб стварэнні новых пунктаў продажаў, паколькі ў арэнду «Энерга-Оілу» перайшлі ўсе кіёскі «Тытунь» Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Аб перадачы аб'ектаў іншай кампаніі парталу Newgrodno.by распавядаў дырэктар УП «Тытунь» Аляксандр Мельнічак.

Па стане на кастрычнік 2017 года ГТФ належала 585 гандлёва-модульных пунктаў, а мінулай восенню «Нёман» абвясціў тэндар на куплю яшчэ 80 кіёскаў на суму за 1,1 млн рублёў.

Што яшчэ будзе рабіць кампанія Алексіна

Раней паведамлялася, што «Энерга-Оил» таксама інвестуе ў праект 122 мільёны рублёў і павялічыць магутнасці Гродзенскай тытунёвай фабрыкі. У прыватнасці, кампанія паставіць на «Нёман» яшчэ дзве лініі — кожная коштам па 10 мільёнаў даляраў.

Акрамя таго, «Энерга-Оіл» развівае тытунёвую вытворчасць у Шабанах. Для гэтага ўказам прэзідэнта зменены межы Мінска. Меркаваны аб'ём інвестыцый складзе каля 100 мільёнаў рублёў. Будзе створана каля 200 працоўных месцаў.

А нядаўна «Энерга-Оіл» стала другім імпарцёрам цыгарэт (L&M, Parliament, Marlboro) у Беларусь. Раней толькі «Беларусьгандаль» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі меў права ўвозіць у краіну цыгарэты.

Для чаго гэта ўсё трэба

Былы віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы тлумачыў, што ў апошні час за мяжой значна ўзрос попыт на прадукцыю беларускай тытунёвай галіны. Вытворчасць задзейнічана ў кругласутачным рэжыме, але паставіць на экспарт патрабаваны аб'ём цыгарэт, не агаліўшы ўнутраны рынак, немагчыма.

— Ёсць вялікія нішы, нават у Еўрапейскім саюзе. Яны нам выгадныя. Чаму мы не хочам іх запаўняць? Гаворка ідзе пра адну са значных крыніц папаўнення бюджэту. Таму калі ёсць попыт, трэба прадаваць тытунёвыя вырабы. Не прададзім мы, прададуць іншыя. Рынкі будуць занятыя, — казаў у сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка.

Хто такі Аляксей Алексін

Алексін — былы галоўны спецыяліст дэпартамента энергарэсурсаў і нафтапрадуктаў кампаніі «Белзнешгандльінвест», якая ўваходзіла ў склад Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Бізнэсмэн раней быў таксама партнёрам Юрыя Чыжа.

Аднак у 2012 годзе іх шляхі разышліся. Зараз інтарэсы прадпрымальніка сканцэнтраваны на гандлі нафтапрадуктамі, банкаўскай сферы (МТБанк), вытворчасці мясных вырабаў («Вялес-Міт»), дэвелапменце і лагістыцы («Брэміно-Груп»), а таксама рэстаранным бізнэсе («Старое русла»).

Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930