Знайсці
29.09.2018 / 09:319РусŁacБел

Як прыгатаваць класічны яблычны штрудзель РЭЦЭПТ

Калі ў вас ці вашых сваякоў і знаёмых ёсць лецішча, то з упэўненасцю магу сказаць, што недзе ў хаце вас ужо чакае скрыня з яблыкамі. І кожны дзень вы задаяцеся пытаннем, што ж яшчэ можна з імі зрабіць (есці проста так надакучыла, шарлоткі таксама не лезуць). Але не здавайцеся! З іх можна зрабіць вялікую колькасць іншай выпечкі.

І сёння мы пазнаёмімся з вамі з класічным яблычным штрудзелем.

З нямецкай мовы штрудзель можна перакласці як віхор, і гэтая назва добра адлюстроўвае сутнасць стравы — тонкае цеста, шмат разоў закручанае з начыннем. Страва мае аўстрыйскае паходжанне, найстарэйшы рэцэпт датуецца 1696 годам. Ёсць меркаванне, што аўстрыйскія кандытары натхняліся такімі ўсходнімі слодычамі, як пахлава, дзе галоўную ролю таксама адыгрывае вельмі тонкае цеста.

Для цеста:

  • 200 гр. мукі;
  • 1 яйка;
  • 30 гр. масла;
  • 0,5 ч. л. воцату;
  • 65 гр. вады.

Масла растапліваем. Змешваем усе інгрэдыенты і замешваем гладкае тугое цеста. Заварочваем у плёнку і пакідаем у халадзільніку мінімум на 2—3 гадзіны (лепш за ўсё на ноч). Гэтая працэдура дасць цесту дадатковую эластычнасць.

Для начынкі:

  • 5 сярэдніх яблыкаў;
  • 100 гр. паніравальных сухароў;
  • 70 гр. масла;
  • 70 гр. разынкаў;
  • 20 гр. рому ці каньяку;
  • 0,5 ч. л. цынамону;
  • 50 гр. міндалю;
  • 60 гр. цукру.

Для абмазкі:

  • 20 гр. растопленага масла;
  • 10 гр. вяршкоў.

Разынкі добра памыць і заліць ромам ці каньяком на некалькі гадзін. Яблыкі абіраем, наразаем тонкімі скрылёчкамі. Міндаль дробна наразаем (калі ёсць магчымасць, лепей узяць міндальныя пялёсткі).

На патэльні растапліваем масла, дадаём сухары і трохі падсушваем. Дадаём яблыкі, міндаль, цукар і цынамон і абсмажваем начынку 3—4 хвілінкі. Дадаём разынкі з ромам.

Для раскаткі цеста падрыхтуйце рушнік без ворсу. Цеста дастаём з халадзільніка і спачатку расцягваем яго тыльным бокам далоні, дакладней касцяшкамі пальцаў. Робім усё акуратна, каб не парваць цеста. Пасыпаем ручнік мукой і перакладаем на яго цеста, спрабуем яшчэ раскатаць яго. На тонкае цеста выкладаем начынку. Заварочваем бакі і робім рулет.

Перакладаем штрудзель на бляху, якую загадзя змазваем маслам. Сам штрудзель таксама змазваем маслам і накрываем фольгай. Ставім у духоўку, разагрэтую да 175 градусаў. Праз 20 хвілін здымаем фольгу, абмазваем штрудзель вяршкамі і пакідаем у духоўцы яшчэ на 20 хвілін. Па жаданні можна абсыпаць цукровай пудрай і есці з шарыкам ванільнага марозіва. Смачна есці!

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера