Знайсці
26.09.2018 / 14:4226РусŁacБел

Вячаслаў Барок: Што было б, калі Папа прыехаў бы ў Беларусь

Папа наведаў краіны Балтыі. У спатканнях з вернікамі ў Літве і Латвіі ўзяло ўдзел больш за тры тысячы чалавек з Беларусі. Радасць сустрэчы з Папам у Каўнасе і Аглоне перажыў і я. Беручы ўдзел у сёлетнім візіце Святога Айца, які адбываўся з нагоды 100-годдзя незалежнасці балтыйскіх краін, я ўзгадваў візіт Яна Паўла ІІ, ён быў 25 год таму назад. Тады, 9 верасня 1993 года, молячыся ў Аглоне на перадсаборнай плошчы разам з трымастамі тысячамі вернікаў, я перажываў эйфарыю. Быў свята перакананы, што вось-вось Папа прыедзе ў Беларусь. Ён ўзмацуе наш Касцёл, і нашая краіна далучыцца да міжнароднай супольнасці, а мы будзем будаваць сваю будучыню на фундаментах грамадскіх каштоўнасцяў: праўды і свабоды, любві і справядлівасці, акурат так, як заахвочвае сацыяльнае навучанне Касцёла.

Мінула 25 год, я ізноў разам з вернікамі з Беларусі апынуўся на тым самым пляцы, аднак, у адрозненне ад таго першага разу, эйфарыі больш ужо не было, а толькі халоднае аналітычнае мысленне ў маёй галаве шукала адказу на пытанне: ці прыедзе Папа ў Беларусь? А калі так, то калі?

І ўвесь час лавіў сябе на думцы, што я малюся, каб Папа прыехаў як хутчэй, а зараз дзякую Богу, што ён не прыехаў дагэтуль. У прынцыпе гэта і ёсць мой адказ на вышэй агучанае пытанне.

Адказ паўжартоўны, але я ўсведамляю, што кожны жарт у сабе мае толькі частку жарту, рэшта ж ёсць праўдай.

Канешне, радасць спаткання з пантыфікам хацелася б перажыць і на сваёй Бацькаўшчыне. У гэтым візіце можна было б убачыць, што Папа дацэньвае партыкулярны Касцёл Беларусі, прызнае ягоную самадзельнасць і самастойнасць, якая ўласцівая мясцовым Касцёлам паасобных краінаў. Папа ў Беларусі быў бы доказам таксама таго, што Ватыкан як дзяржава прызнае дзяржаўнасць Беларусі і тое, што нашая краіна ёсць паўнавартаснай, якая здольная праводзіць незалежную і самастойную палітыку. А таму цяжка пераацаніць каштоўнасць папскага візіту, як у плане рэлігійным, так і агульнапалітычным.

Але медаль мае два бакі. А таму з іншага боку, як уяўлю сабе, што Папа заўтра прыедзе ў Беларусь, то выразна бачу наступную карціну. Папа вітаецца з прэзідэнтам краіны, які дагэтуль не можа забяспечыць выкананне канстытуцыі, якая дакладна гарантуе права на свабоду веравызнання і неўмяшальніцтва дзяржавы ва ўнутраныя справы Касцёла, а яскравым таму доказам ёсць існаванне ў Беларусі апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігіі. Гэта «савецкая» інстытуцыя захавалася ў нас яшчэ да гэтага часу, і пачанаючы з савецкіх часоў праз яе дзяржава ўмешваецца ў кампетэнцыі біскупаў, якія самі павінны вырашаць, хто і на якіх умовах мае права здзяйсняць рэлігійную дзейнасць у рэлігійных арганізацыях. І пакуль ёсць той «апарат», наогул паўстае пытанне, ці магчымы прыезд Папы? Ці Святы Айцец атрымае ўзгадненне на рэлігійную дзейнасць у нашай краіне?

Другая прычына, якая, як вясной недарэчны паслязімовы зледзянелы сумёт снегу ляжыць на шляху прыезду Папы, ёсць нашая вернасць чырвоным ідэалам.

Калі Папа прыехаў у Вільню, ён ушанаваў памяць ахвяраў, дзякуючы якім здабывалася свабода і незалежнасць Літвы. Канешне, наведаў і памятнае месца генацыду яўрэяў, тым самым ушаноўваючы ўсіх ахвяраў фашыстоўскага рэжыму, але ж наведаў і помнік свабоды ў Вільнюсе, і музей таталітарнага рэжыму, які размешчаны ў былым будынку КГБ.

Падкрэсліваючы непрымальнасць будавання будучыні на асновах таталітарных рэжымаў.

У нас жа, напэўна, адвезлі б Папу ў Хатынь, і яно добра, і хай сабе, але пры гэтым можна фантазіраваць далей і ўяўляць, як павялі б Святога Айца ускладаць кветкі ля помніка Леніну, бо пакуль гэтыя помнікі не ёсць выключна музейнымі экспанатамі, іх можна лічыць сімвалам Беларусі, бо іх ёсць найбольш у Беларусі, агулам каля чатырохсот. Наўрад ці Папу адвезлі б у Курапаты, ну калі толькі перакусіць…

Потым, напэўна б, пунктам праграмы была сустрэча з праваслаўным мітрапалітам, які палохаў Еўропу «чарнобыльскім кранікам», вызнаваў сваю веру ў «іншага бога» і бараніў духоўныя скрэпы, перасцерагаючы грамадства ад крайнасцяў, што сёння можам высмеяць рускага цара, а заўтра на самога Леніна падымем руку» (інтэрв’ю да фільма «Матыльда»).

А без такога спаткання немагчымы візіт, бо ў нас галоўнай прычынай, як кажуць, ёсць тое, што Беларусь — гэта «кананічная тэрыторыя» РПЦ МП, што, па меркаваннях іншых, гэта зусім не так. Як вынікае з нядаўняга інтэрв’ю (партал credo.ru) славутага багаслова і праваслаўнага іерарха Канстанцінопальскага Патрыярхата Жэнеўскага архіяпіскапа Тэльміскага Іёва Беларусь, можа, і ёсць тэрыторыя кананічная, але ж зусім не Маскоўскага патрярхату, а Канстанцінопальскага. Як кажуць, а цар то несапраўдны!

Асабіста ж на маю думку, гэта ўсё вельмі ўмоўна з той «кананічнай тэрыторыяй», бо калі ў Беларусі ёсць 1.5 мільёна католікаў, то павінна знайсціся і такая тэрыторыя, дзе католікі маглі б сустрэцца са сваім пастырам, незалежна ад таго, падабаецца тое камусьці ці не.

Ну і напрыканцы, даў бы Бог, адбылося б спатканне з вернікамі, на якое б сабралася, напэўна, не менш за 100 або нават і 200 тысяч вернікаў з усёй Беларусі, і тут бы зноў праявіла б сябе МУС, якое б у святле апошніх заяў пра арганізацыю еўрапейскіх гульняў, што маюць адбыцца ў Мінску, можна прагназаваць, запрасіла б не толькі замежных паліцэйскіх з Расеі, але ж, можа, нават і іх войскі. Так, на ўсялякі выпадак, каб мець упэўненасць, што энтузіязм і эйфарыя свабодалюбівых католікаў будзе пад кантролем стабільнай дзяржаўнай сістэмы. І тады, да прыкладу, усе тыя нараканні на працу міліцыі на такіх фэстах, як будслаўскі, здадуцца кветачкамі і лёгкай прэлюдыяй, перад яблычкамі і сапраўдным канцэртам. А пра гэта нават думаць не хочацца.

Вось гэта і ёсць тыя прычыны, якія, як халодны душ, пазбаўляюць ад эйфарыі і, вяртаючы да зямных рэалій, дазваляюць рабіць выснову: дык, можа, і добра, што Папа дагэтуль не прыязджаў, а то Папа прыедзе і паедзе, а нам далей жыць і хадзіць нашымі «ўлюбёнымі» савецкімі вуліцамі.

Аднак гэта ўсё непакоіць, калі заставацца на ўзроўні лагічнага людскога мыслення.

Я ж чалавек веруючы і веру, што там, дзе чалавек бачыць адну сцяну, Бог здольны адчыніць дзверы. А таму надзеі не губляю і малюся, каб Папа прыехаў!

Бог здольны парасстаўляць усё на сваё месца. І пунктам выхаду, лічу, ёсць словы Хрыста: «Пазнайце праўду, і праўда вас вызваліць» (Ян 8,32). З чагосьці пачынаць трэба. Беларусі трэба раскрыць усе тайны архіваў: палітычных злачынстваў, пераследу іншадумства, гераічнага супраціву тых, хто не ішоў на супрацоўніцтва са злачыннай уладай і заставаўся верным свайму сумленню нават коштам уласнага жыцця.

Гэта будзе першы крок да агульнабеларускага пакаяння, і пасля паяднання дзяцей тых, чые продкі пісалі даносы, здраджвалі, забівалі, і тых, хто станавіўся ахвярай. Без гэтага не будзе нас, нашай краіны, нашай будучыні і не відаць нам Папы.

Прыклад суседзяў вучыць, што іншага шляху няма.

Вячаслаў Барок, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930