Знайсці
25.09.2018 / 17:3910РусŁacБел

Прозвішчы гульцоў зборнай маглі напісаць шрыфтам Скарыны. Абралі іншы — ён таксама прыгожы

Стваральнік «Арт-Сядзібы» і Symbal.by Павел Белавус распавёў пра пяць ідэй для зборнай Беларусі па футболе ў сваім блогу на by.tribuna.com.

Гісторыя пачалася ў ліпені, калі мне проста ў фэйсбуку напісаў Зміцер Герчыкаў (намеснік дырэктара дэпартаменту маркетынга АБФФ) ды сказаў, што ёсць «цікавая прапанова» ад АБФФ.

Перад гэтым зазначу, што ўся нашая гісторыя супрацы з АБФФ пачалася прыкладна такім жа чынам, калі ў верасні 2016 года я напісаў Змітру ў фэйсбуку ды сказаў, што ў нас, «Арт Сядзібы», ёсць цікавая прапанова.

Так з’явіўся праект «Мова-Музыка-Футбол», а разам з ім музычная складанка , кліп пераможцаў і фотка з Румасам на фінале Кубка Беларусі ў 2017-м ў Гродне.

Новая прапанова супрацы ад АБФФ палягала ў тым, каб мы распрацавалі шрыфт з элементамі арнаменту, які б прыгожа дапасоўваўся і дадаваў новай форме ад Macron больш нацыянальнага каларыту. У нас было некалькі тыдняў, каб прапанаваць канкрэтнае рашэнне са шрыфтом для новай, ужо гатовай, формы ды ўсё паспець да прэзентацыі.

Ідэю я закінуў некалькім дызайнерам, з якімі крама Symbal.by доўгі час працавала.

У выніку сфармавалася пяць ідэй.

1. Выкарыстаць шрыфт Францыска Скарыны. Яго ў 2017-м алічбавалі і выклалі для бясплатнага выкарыстання да 500-годдзя скарынаўскай Бібліі.

Вось, што пішуць аўтары шрыфта: «Распрацаваны Скарынай шрыфт было вырашана рэканструіраваць у лічбавым фармаце з досыць падрабязнай перадачай уласцівасцяў арыгінальных літар. У сучаснай версіі шрыфта засталася задумка аўтара, гуманістычны дух ХVI стагоддзя і дадалося крыху дакладнасцяў, уласцівых лічбавым шрыфтам».

Плюсам гэтай ідэі была добрая і прыгожая медыйная гісторыя, але мінусам стала дрэнная чытэльнасць шрыфта.

2. Была яшчэ ідэя мінімалістычна дадаць элементы беларускага арнаменту ў лічбы. Дарэчы, традыцыйна вектарныя элементы ўсе бяруць з адной крыніцы.

3. Былі прапановы узяць прамы шрыфт і забіць цалкам літары і лічбы арнаментарным патэрнам.

4. Я звярнуўся за кансультацыяй і дапамогаю да прэс-сакратара мінскага «Тарпеда» Аляксея Янушэўскага. Ён да таго ж з’яўляецца выдатным дазайнерам і на той момант ужо меў досвед працы з формай ад кампаніі Macron для «Тарпеда».

Падбіраючы дзясяткі шрыфтоў і ўлічваючы спецыфіку, Аляксей спыніўся на новым шрыфце Pogo, які распрацаваў нарвежскі дызайнер Эрленд Сторакер і ў ліпені гэтага году выклаў у бясплатны доступ для асабістага і камерцыйнага выкарыстання.

Футбольная форма патрабуе асабліва высокага шрыфта для прозвішчаў і лічбаў. Уласны новы шрыфт з-за абмежаванасці па часе цяжка было б распрацаваць, таму найбольш рэальна было падабраць гатовы, больш за ўсё падыходзячы.

Шрыфт Pogo сучасны, з пэўнай атакуючай агрэсіяй, якую чакаюць ад зборнай. На форме ўжо ёсць арнамент, таму, на думку Аляксея, можа быць стылёва выкарыстаны ў мінімальных дадатках у лічбах. Беларусы традыцыйна выкарыстоўваюць барвовы і шэрыя колеры, якія якраз змогуць дапамагчы зрабіць гэты эфект.

Здалёк пры трансляцыях агрэсіўны арнамент будзе выглядаць як дробныя плямы, бо ў лічбах занадта мала месца, таму выкарыстанне барвовага ці шэрага здалёк незаўважна, але зблізу не перацягвае на сябе ўвагу ад асноўнага арнаменту, што будзе на форме.

5. У пятай ідэі мы разам з Аляксеем Янушэўскім паспрабавалі на базе яго распрацоўкі цалкам ці часткова забіць лічбу самым папулярным беларускім арнаментарным знакам «Васьміканцовая зорка». У дадатак Аляксей прапанаваў у лічбе схаваць яшчэ і шасціканцовы крыж Ефрасіні Полацкай.

Па выніках абмеркаванняў і кансультацый АБФФ прыняла за аснову чацвёртую ідэю. Абраны шрыфт усім спадабаўся.

Але далей апынулася, што тэхнічна ідэю з аздабленнем літар і лічбаў арнаментам рэалізаваць немагчыма. Macron вырабляе чыстую форму, а лічбы і літары наносяцца ўжо на месцы тэхналогіяй флексадруку, і не можа быць у адной лічбе некалькі колераў.

У сувязі з новымі абставінамі разам з дызайнеркай крамы Symbal.by Ганнай Клокавай мы распрацавалі адмысловы геаметрычны патэрн з васьміканцовай зоркай, які назвалі «Толькі наперад».

Зорка — цэнтральны элемент і ў арнаменце «белакрылых», такім чынам мы хацелі паказаць пераемнасць.

Але ў адрозненні ад узору «белакрылых», наш мы спрасцілі, прыбралі піксельнасць, зрабілі лініі прамымі, каб паменшыць яго візуальную нагрузку, а таксама каб яго можна было друкаваць флексам у адзін колер.

Далей апынулася, што гэта таксама тэхналагічна складана, і на форме будуць выкарыстоўвацца аднаколерныя лічбы і літары без дадатковых элементаў.

З улікам патрабаванняў да чытэльнасці лічбаў і літар на форме, узяты шрыфт Pogo быў крыху дапрацаваны. На прэзентацыі 3 верасня гульцы зборнай Беларусі выйшлі ў новай форме з новым «ваяўнічым» шрыфтом. 

Фінальны шрыфт:

Відэа прэзентацыі: 

Каб праца была не дарэмна зробленай, мы атрымалі згоду ад АБФФ і ўжо ў межах крамы Symbal.by распрацавалі і запусцілі ў продаж калекцыю атрыбутыкі для заўзятараў «Tolki napierad», дзе выкарысталі напрацоўкі, якія не атрымалі ўвасаблення ў форме.

«Толькі наперад» — папулярны вокліч, які актыўна выкарыстоўваюць сябры фан-групоўкі «B-12». Нумар «12» сімвалізуе заўзятара зборнай — 12-га гульца каманды.

PS. Не ведаю, як далей будуць складвацца нашыя ўзаемаадносіны з АБФФ пасля гісторый на матчы Беларусь — Сан-Марына.

Нашая прынцыповая пазіцыя ніколі не зменіцца: як беларускі арнамент, так і бел-чырвона-белы сцяг, так і «Пагоня» — гэта нацыянальныя сімвалы Беларусі, і заўзятары маюць права падтрымліваць сваю каманду без перашкодаў пад гэтымі сімваламі не толькі на выездзе, што наглядна паказала гульня Малдова — Беларусь, а і на родных стадыёнах.

Зараз у АБФФ ёсць рэальная магчымасць і механізмы спыніць падзел на правільныя і не правільныя, палітычныя і не палітычныя, забароненыя і дазволеныя сімвалы Беларусі; паспрыяць стварэнню пазітыўнага прыклада кансалідацыі беларускай нацыі, калі адкінуўшы ўсе палітычныя і любыя іншыя аспекты беларусы змогуць збірацца разам на стадыёне і падтрымліваць нацыянальную каманду разам, трымаючы ў руках розныя і ўсё адно родныя сімвалы сваё краіны.

Павел Белавус для by.tribuna.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера