Знайсці
25.09.2018 / 17:1912РусŁacБел

Як рабіць папулярнае фемінісцкае выданне, якое чытаюць і мужчыны? Асноўныя тэзісы сустрэчы з Wonderzinе у Мінску і ФОТАРЭПАРТАЖ

24 верасня «Наша Ніна» зладзіла сустрэчу з журналісткамі расійскага анлайн-выдання Wonderzinе у Прэс-клубе, які выступіў нашым партнёрам і дапамог у арганізацыі мерапрыемства.

Рэдактарка раздела «Жыццё» Саша Савіна, б’юці-рэдактарка Маргарыта Вірава, а таксама рэдактарка росту і дыстрыбуцыі Ксюша Пятрова дзяліліся з беларускай публікай лайфхакамі па стварэнні аднаго з самых папулярных на постсавецкай прасторы рэсурсаў з карысным кантэнтам для жанчын.

Дарэчы, яны адзначаюць, што доля беларусаў складае 30% ад замежнай аўдыторыі Wonderzinе.

Публікуем кароткі канспект выступлення рэдактарак. Відэатрансляцыю з падзеі можна паглядзець вось тут.

Мадэратарка сустрэчы Ала Шарко (Прэс-клуб) з Сашай, Рытай і Ксюшай на крэслах кампаніі «Мэбля, што расце» (злева направа).

«Жаночыя тэмы — гэта не сорамна»

Яшчэ 10 год таму рынак СМІ, у першую чаргу ў Расіі, выразна падзяляўся на выданні для мужчын і жанчын. Першыя пісалі пра ўсё цікавае і важнае ў грамадстве, а другія канцэнтраваліся на тэмах прыгажосці і адносін. Рабіць тое самае цяпер не сучасна. Гэта не значыць, што выданням для жанчын трэба адмовіцца ад парадаў, як выхоўваць дзяцей ці не пісаць пра касметыку. Проста можна прэзентаваць гэта па-іншаму.

Напрыклад, Wonderzinе актыўна піша пра адносіны, але гэта не толькі стасункі з мужчынамі — сюды ўваходзяць і бацькоўскія адносіны, і адносіны з калегамі, і нават з самім сабой. Тое самае, напрыклад, з выхаваннем дзяцей: можна глядзець на тэму аднабока, а можна пісаць пра жанчын, якія выхоўваюць дзяцей нестандартна (не навязваюць думку, што хлопчыкі не плачуць, а дзяўчынкі — гэта прынцэсы). Ці даваць слова людзям, якія ўвогуле не хочуць мець дзяцей.

«Даваць пляцоўку нават для радыкальных поглядаў, але захоўваць нейтралітэт»

Рэдакцыя можа папрасіць у пазаштатнікаў напісаць пра антынаталізм (гэта рух, паслядоўнікі лічаць, што людям трэба перастаць размнажацца) ці пра актывістак, якія прапаноўваюць жыць у камунах без мужчын. Але пры гэтым выданне будзе мець сваю пазіцыю: хутчэй, нейтральную. «Нашаму выданню 5 год, за гэты час фемінізму вакол стала больш, але і сёння многія лічаць, што гэта нешта радыкальнае. І нас лічаць радыкальнымі, хаця гэта не так: мы стараемся не кідацца ў крайнасці», — кажа Саша.

Саша Савіна.

«Калі пішаце пра сацыяльны тэмы, не трэба ціснуць на жаль»

Калі журналісты расказваюць гісторыі пра сямейны гвалт ці людзей з інваліднасцю, часта можна заўважыць, што яны стараюцца сваім тэкстам расчуліць чытача. Рэдактарка раздзела «Жыццё» Саша Савіна лічыць, што куды важней проста даць глыбокую гісторыю. Саша, напрыклад, неяк рыхтавала матэрыял пра бяздомную жанчыну — да такіх людзей негатыўна ставяцца нават тыя, хто прасунуты ў пытаннях правоў чалавека. У гісторыі было шмат страшных падрабязнасцяў, але аўтарка далёка не ўсе ўключыла ў тэкст, куды важней было паказаць, што гэта такі ж чалавек, як і ўсе мы.

У неадназначных тэмах добра прытрымлівацца прынцыпу «не глядзець з вышыні». Часта людзі думаюць, што загадзя ведаюць, як вырашыць нейкую праблему.Так, на сайце неяк падымалася тэма «Як іслам ужываецца з фемінізмам». Людзі з боку лічаць, што варта жанчынам перастаць трымацца ісламу, як усе іх праблемы знікнуць. Варта сысці ад агрэсара, і гвалт скончыцца, але калі ты знаходзішся ўнутры канфлікту, усё куды больш складана.

Для сацыяльнай журналістыкі карысна супрацоўнічаць з праверанымі дабрачыннымі арганізацыямі, але важна памятаць: куды прадуктыўней напісаць пра тых, каму патрэбная дапамога, чым друкаваць аб'яву: калі ласка, дайце грошай.

Як працаваць з фемінітывамі?

У рэдакцыі Wonderzinе няма адзінай пазіцыі наконт фемінітываў: для некаторых рэдактараў іх ужыванне недапушчальнае. Што тычыцца ўнутранай палітыкі ў плане працы з героямі, то тут рэдакцыя пытаецца ў іх, ці хочуць яны быць падпісаныя «рэдактаркамі» і «юрысткамі», журналісты не навязваюць сваю пазіцыю.

Дзе можна не даваць другое меркаванне?

У рэдакцыі не выкарыстоўваюць другое меркаванне ў адназначных, на іх погляд, тэмах: напрыклад, пра ВІЧ-дысідэнцтва (бо адмаўляць існаванне хваробы — глупства), ці пра сэксуальную адукацыю (маўляў, бо адукацыя — гэта добра).

Як пазбягаць лукізму і дыскрымінацыі ў матэрыялах пра цела, знешнасць і макіяж?

Сёння можна заўважыць, што тэма прыгажосці пакрысе трансфармуецца: нават вытворцы касметыкі замест таго, каб палохаць дзяўчат маршчынамі, прызнаюць, што свет вакол разнастайны. Яны не абяцаюць, што твар стане ідэальным пасля іх крэмаў, а проста расказваюць пра склад.

Справа — Маргарыта Вірава.

У рэдакцыі Wonderzinе аддзел рэкламных спецпраектаў працуе асобна ад усіх астатніх. Гэта дае магчымасць аўтарам і рэдактарам быць незалежнымі ў сваіх меркаваннях.

Так, плошча раздзела «Прыгажосць» ніколі не прадасца касметычным брэндам. Усіх іх чакае ўмова: мы пішам толькі пра той крэм ці памаду, якія сапраўды падабаюцца нашай рэдакцыі. Калі яны няякасныя, то журналісткі так і напішуць. Канечне, далёка не ўсе кампаніі на такія ўмовы пагаджаюцца.

Б'юці-рэдактарка Маргарыта Вірава расказвае, што некаторыя феміністкі крытыкуюць іх партал за рубрыкі «Стыль» і «Прыгажосць», але ў іх ёсць тлумачэнне іх існаванню: «Нам усё яшчэ пішуць на пошту розныя піяршчыкі з прапановамі паспрабаваць на сабе іх антыцэлюлітныя праграмы, але для рэдакцыі прыгажосць заключаецца ў індывідуальнасці і разнастайнасці. У нас ва ўсіх ёсць праблемы з целам, пра якія шчыра можна пагаварыць хіба што з псіхолагам. Таму мы лічым, што пра гэта трэба пісаць, але так, каб на першым плане ў матэрыяле стаяла асоба, а не яе знешнасць».

Галоўнае адрозненне Wonderzinе ад глянца ў тым, што апошні напісаў бы нешта ў стылі «Як схуднець да лета?». А Wonderzinе, хутчэй, разбярэцца ў тэрміне «фатшэймінг» і патлумачыць, чаму нельга смяяцца з паўнаты.

Маргарыта расказвае, як звычайныя тэмы пра касметыку, могуць зайграць новымі фарбамі:

«У нас ёсць папулярная рубрыка «Касметычка», дзе гераіні дзеляцца касметычнымі сродкамі па доглядзе. Аднойчы мы запрасілі ў яе актывістак, якія адсядзелі за мітынг. Пасля многія дзякавалі нам за карысныя парады — цяпер яны таксама ведалі, што пакласці ў торбу, калі ідзеш на акцыі пратэсту. Крыху іншы ракурс — і вось ужо тэма касметыкі выглядае па-іншаму».

Што рабіць, каб тэкст дайшоў да чытача?

На думку Wonderzinе, сёння медыя канкурыруюць не з іншымі выданнямі, а з сацсеткамі і блогамі, таму важна праводзіць працу і ў гэтых кірунках. Значная доля трафіку ў іх выпадку прыходзіць з «Укантакце» і інстаграма. Пакуль што сацсеткамі займаецца адзін чалавек, але час ад часу яму дапамагаюць стажоры. Каб атрымаць частку аўдыторыі блогераў, Wonderzinе проста піша пра іх.

З кожным годам павялічваецца колькасць тых, хто чытае матэрыялы з тэлефона: ужо цяпер гэта больш за 50%. Таму важна не забывацца пра наяўнасць добрай мабільнай версіі.

Выданні для жанчын чытае нямалая колькасць мужчын: гэта таксама трэба ўлічваць пры стварэнні кантэнту (Wonderzinе пакуль што чытае 20% мужчын).

Чаму фемінісцкаму выданню трэба пісаць пра ЛГБТ?

Рэдакцыя лічыць, што гэта проста дзіўна — жыць у сучасным свеце і рабіць выгляд, што не існуе больш нікога, акрамя цысгендарных людзей і гетэрасэксуалаў.

Толькі СМІ можа даць выказацца тым людзям, якія звычайна не маюць права на голас. Пры гэтым, напрыклад, пішучы пра трансгендараў, рэдактаркі лічаць, што адказваюць за іх бяспеку і эмацыйны стан: менавіта таму часам такія матэрыялы могуць давацца часткова ананімна, а каментары да іх будуць фільтравацца.

Ксюша Пятрова.

Дзе браць натхненне, каб быць на крок наперадзе?

Асабіста дзяўчаты арыентуюцца на наступныя замежныя рэсурсы: the cut.com, refinery29.com, broadly.com, W magazine, Rookie mag, Jezebel, Nylon, Vice, Into the gloss, Allure USA і іншыя.

Варта адзначыць, што пасля выступлення рэдактарак Wonderzine чакала процьма пытанняў ад гледачоў. За самыя цікавыя з іх яны атрымалі падарункі ад нашых партнёраў.

Прыз ад кампаніі «Мэбля, што расце», настольная лямпа, дастаўся за пытанне «Ці ёсць месца тэмам пра смерць у рубрыцы «Жыццё»?». Дарэчы, месца такім тэмам сапраўды ёсць: журналісткі пісалі пра феномен парных суіцыдаў, пра экапахаванне, пра тое, як перажыць смерць блізкага.

Гэта пытанне задала Ірына Альхоўка, кіраўніца арганізацыі «Гендарныя перспектывы».

Самым незвычайным пытаннем самі гледачы палічылі цікаўнасць да таго, якія вінтажныя фарматы накшталт падкастаў хацелі б аднавіць на сайце рэдактаркі. Канкрэтнага адказу на гэта пытанне ў іх пакуль няма.

Прадстаўнік кампаніі CeramoHeat перадае абагравальнік аўтару пытання Вадзіму Мажэйку.

Варта адзначыць, што яшчэ адзін падарунак (50-працэнтную зніжку на сонечныя акуляры ад салона «Золушка» на Незалежнасці, 16) усё яшчэ можа атрымаць любы з удзельнікаў сустрэчы, калі запосціць у сацсеткі здымак з сустрэчы з хэштэгам #оптиканезависимости16. 

Nina.nn.by, фоты Волі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера