Знайсці
25.09.2018 / 12:1640РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Адметнасць беларусаў — нянавісць да сябе

Івана Шылу звольнілі з «Белсата» пасля публікацыі фотаздымка, які дэманстраваў не знявагу да прэзідэнта Польшчы, а памылку службы пратаколу. Такое ў мяне склалася меркаванне. Але што тут істотна — адразу пасля гэтага здарэння ў Фэйсбуку, Тэлеграме і Твітары пачалі памнажацца запісы вельмі цікавага характару. Запісы пра тое, што ва ўсім вінаватыя беларусы, Беларусь і беларускасць.

Прычым — што істотна — «беларусаў» у якасці паўдуркаў, ганебных, нецывілізаваных, людзей, з кішэняў у якіх тырчыць салома, прыгадвалі як тыя, што былі за Івана Шылу, лічачы, што кіраўніцтва канала пераспрытнічала з рэакцыяй, так і тыя, хто быў катэгарычна супраць Шылы. Апошнія прыгадвалі «беларускасць» як прычыну «нецывілізаванасці» здзейсненага Іванам учынку, ягонай непавагі да карпаратыўнай этыкі, ягонай непрацавітасці і г.д. Што тут вельмі прынцыпова — і першую, і другую партыю складалі беларусы ж.

І вось мне складана прыгадаць тут якую іншую аб’яднаных колерам пашпарта таварышаў, якія, паглядзеўшы, як у іншай краіне незразумела і паспешліва зрабілі з іх суродзічам, пачалі б пісаць тое, што пісалася.

Маўляў, «чалавека з Беларусі можна вывезці, а Беларусь з чалавека — не».

Пачыналі б таптацца па заганах усіх астатніх замежных праектаў з удзелам беларусаў і знаходзіць у іх недасканаласці не ў выніку быцця за мяжой ці пошуку грошай, ці, нарэшце, памылак пэўных асоб (такія можна выправіць). Але ж, але. Прычынай заняпаду ўсяго на свеце аб’яўлялася датычнасць да гэтага ўсяго беларусаў.

І мне цікава: што гэтыя каментатары маюць на ўвазе пад заганнай «беларускасцю»? Асаблівы склад характару? Прыроджаны, на ўсю нацыю распаўсюджаны комплекс Шарыкава?

Што яны дакладна маюць на ўвазе, калі кажуць, што «тут у кожным сядзіць Лукашэнка»? Можа быць, тое, што Лукашэнку сапраўды выбралі тыя 86%? Ці, можа, што мы ўсе будзем заўсёды паводзіць сябе «як Лукашэнка»? Заўважым, дарэчы, што людзі, якія апускаюцца вось да такіх аргументаў, Лукашэнку звычайна не любяць. І тыцкаюць тым Лукашэнкам у вочы менавіта каб абразіць усіх астатніх. І вось у мяне да іх пытанне: калі ён, Лукашэнка, на іх думку, з’яўляецца ў беларусе? Проста па факце нараджэння? Ці, можа, у момант паступлення ў школу? Атрымання пашпарту? А калі чалавек у Беларусі не нарадзіўся, хадзіў у прыстойны дзіцячы садок дзе-небудзь у Берліне, дык ён ужо і не здольны будзе рабіць зло? Ён заўсёды будзе добранькі, як той Дзед Мароз на рэкламе «Кока-колы»?

Але ж калі вы чытаеце не толькі tut.by, вы бачыце, што «ўключаць беларусаў» у тым зняважлівым сэнсе, які ўкладаецца ў стогны пра «заганнасць тутэйшага», уласціва не толькі кіраўніцтву буйных дэмакратычных краінаў, але і нават колішнім іконам мясцовай хіпстоты. Згадаем, напрыклад, паводзіны Ілана Маска падчас сітуацыі з дзецьмі, што захраслі ў тайскай пячоры (ды іншыя крокі Маска за апошнія 6 месяцаў), і зразумеем, што круцельства, дурнота, падман, тупасць — не толькі нашыя нацыянальныя хваробы.

Не беларусы прыдумалі зло, вы сабе ўявіце! Заганы ўтварыліся да таго моманту, калі люд наш з’явіўся на гэтай зямлі.

Як я ўжо казаў, да гэтых спекулятыўных абагульненняў адносна беларусаў легітымна могуць прыходзіць толькі беларусы. Бо калі гэта паляк кажа: «Беларусы не ўмеюць працаваць ці працуюць так, быццам ім непатрэбныя грошы», — дык мы яму гэта абавязкова не прабачым. А нашым, свойскім, не толькі можна, але і трэба. Дрэнны допіс беларуса пра беларусаў выклікае тону лайкаў і мільён рэпостаў.

Таму што — будзем шчырымі: мы не любім ні сваю краіну, ні сваю дзяржаву, ні нават горад, у якім жывём.

Але вось што: калі мы ў цяперашнім стане краіны, дзяржавы і горада вінавацім «беларускасць», мы, атрымліваецца, насамрэч вінавацім саміх сабе. Бо гэта ж усё зрабілі мы, не нехта прышлы. Не было такога, каб прыйшлі рускія, ці літоўцы, ці ўкраінцы, зрабілі добрых беларусаў дуракаватымі беларусамі, сышлі, і мы засталіся такімі назаўсёды. Так, Беларусь шмат пакутавала апошнія два стагоддзі, згадайма хаця б ноч расстраляных паэтаў, але хто, якая нацыя не пакутавала? Якую нацыю не крыўдзілі, гэтаксама без права прахрыпець сваю праўду свету? Ці расказаць вам пра генацыд армян — факт, які дагэтуль не мае міжнароднага прызнання? Але ж паспрабуйце пры армяніну сказаць дрэннае ці пра армян, ці пра адметнага армяніна. Вас будзе вышукваць уся дыяспара. Што прынцыпова, здарыцца гэта нават тады, калі вы самі — армянін.

Глядзіце: мне таксама вельмі не падабаецца, што ў Мінску аб’яўленая вайна дрэвам, што маштабы ўшчыльнення двароў у цэнтры можна параўнаць хіба з рассяленнем «буржуйскіх» кватэр на камунальнае жытло ў Маскве 1920. Мне таксама цяжка чытаць пра тое, што кожны дзень у нас адбываецца нейкі новы арышт. Прычым у істотнай колькасці выпадкаў «бяруць» чалавека, які чамусьці абсалютна беспакарана, гадамі, прысвойваў сотні тысяч даляраў народных грошай. Мне не падабаюцца і «дробязі» кшталту той сітуацыі, што склалася з шыльдай у гонар абвяшчэння БНР. Людзі не сталі праводзіць шэсце 25 сакавіка, бо некаму паабяцалі, што шыльда будзе, потым яны збіралі грошы на тое, каб перапісаць словы на ёй з тарашкевіцы на наркамаўку, і вось — тыц! — шыльды зноўку няма, прычым з фармулёўкамі, які можна чарговым разам назваць «вельмі беларускімі».

Але ўсе гэтыя заганы горада і свету выбягаюць зусім не з таго, што мы — беларусы. Беларусы не горшыя за іншых. Мы працавітыя. Мы цывілізаваныя. Мы не шпурляем семкавае шалупінне пад ногі і не пакідаем ежу на сядзеннях на вакзале. Мы не гарланім, абпіўшыся півам у гатэльных калідорах, мы далікатныя і дбаем пра сваё.

Не трэба блытаць заганы сістэмы і людзей, якія пад той сістэмай жывуць. Калі вы мне скажаце, што ў гэтых людзей захаваліся хоць нейкія шляхі ўплыву на стратэгію гэтай сістэмы, згадайце, напрыклад хуткасць, з якой былі сабраныя грошы на шыльду ў гонар БНР. А цяпер перачытайце афіцыйнае абгрунтаванне яе адсутнасці.

Ва ўсяго вышэйназванага ёсць навуковая назва: ксенафобія. Толькі прыдумалі гэты тэрмін, каб апісаць агрэсію, скіраваную на іншых. Нашая знявага скіраваная на такіх, як мы. То бок гэта «аўтаксенафобія». І я нават не ведаю, хто тут большы вычварэнец, ксенафоб ці аўтаксенафоб.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930