Даслаць навіну
Знайсці
22.09.2018 / 13:49 9

Амаль 50 фактаў пра Анатоля Капскага — найлепшага менеджара беларускага футбола ФОТА

Павялічыць выяву

У суботу 22 верасня стала вядома пра смерць старшыні праўлення БАТЭ Анатоля Капскага. Менеджару было 52 гады. Яго ўклад у развіццё беларускага футбола неацэнны, а біяграфія — настолькі насычаная, што не кожны збярэ такую і да свайго стагоддзя, піша by.tribuna.com.

1. Адразу пасля нараджэння захварэў на запаленне лёгкіх. Хлопчык мог памерці, таму метрыку аформілі з чатырохдзённым спазненнем.

2. Вырас у вёсцы. Бацька Анатоль Нічыпаравіч, у гонар якога і назвалі сына, быў аграномам, а маці Соф'я Захараўна — цялятніца.

3. Яго сваякі пацярпелі ў часы Айчыннай вайны. Фашысты расстралялі сясцёр і дзяцей дзеда Капскага.

4. Практычна два гады Капскі, ва ўзросце з пяці да сямі гадоў, праляжаў у шпіталі на выцяжцы. Была раздробленая тазасцегнавая костка. Пасля адна нага стала на некалькі сантыметраў карацейшай. Усё праз тое, што хлопчык няўдала зваліўся з прычэпа і пашкодзіў тазабедраны сустаў. Было невядома, ці зможа Капскі паўнавартасна хадзіць.

5. Хадзіў у школу за некалькі кіламетраў ад дома. Пасля хваробы не мог самастойна вяртацца дадому, яго даводзілася забіраць маме.

6. У дзяцінстве марыў стаць доктарам.

7. Любіў беларускую мову. У школьныя гады сачыненне Капскага на тэму «Каб сонца над нашай радзімаю ззяла, І клікаў нас Колас, і клікаў Купала» было сярод прызёраў абласнога конкурсу.

8. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (цяпер БДЭУ) па спецыяльнасці «эканаміст» (1987) і Акадэмію кіравання (2007 г.).

9. Мог быць выключаны з БДЭУ праз канфлікт з супрацоўнікамі добраахвотнай дружыны, але за яго заступіўся дэкан.

10. У часы вучобы ў якасці члена будатрада ездзіў працаваць зваршчыкам у Сібір.

11. Пасля заканчэння БДЭУ вярнуўся ў Барысаў — на 140-ы рамонтны завод, дзе працаваў эканамістам.

12. З 1990 па 1995 год быў фінансавым дырэктарам прадпрыемства «Полымя», якое займалася аўтабізнесам. У актывах кампаніі былі маршрутнае таксі, СТО і аўтастаянка.

13. У 20-гадовым узросце ў Капскага выявілі рак. Першы курс хіміятэрапіі прайшоў у 1987 годзе. У 1999 годзе здарыўся рэцыдыў хваробы. Капскі тады прайшоў восем курсаў хіміятэрапіі за мяжой.

14. Капскі верыў у Бога, наведваў царкву. Атрымаў царкоўны ордэн «Святога дабравернага князя маскоўскага Данііла» ад імя патрыярха Алексія II за дапамогу ў будаўніцтве царквы Раства Хрыстова ў Барысаве.

Павялічыць выяву

15. У сярэдзіне 1995 годзе Капскі ўзначаліў кампанію «Сталкер», праз якую прадаваў камплектуючыя на БАТЭ. Пазней «Сталкер» стаў адным з дылераў прадукцыі завода. У лепшыя месяцы прадпрыемства прадавала да 450 аўтамабіляў: МАЗы, КамАЗы, ГАЗы, УАЗы і іншую тэхніку.

16. У 1996-м было вырашана аднаўляць завадскую каманду БАТЭ. Кіраўніком клуба стаў Анатоль Капскі, а галоўным спонсарам — яго прадпрыемства «Сталкер».

17. У тым жа годзе партнёры Капскага па «Сталкеры» выказалі незадаволенасць тым, што прадпрыемства траціць на футбол больш за палову даходаў. Капскаму прыйшлося ўлезці ў даўгі, каб выкупіць частку акцый прадпрыемства ў гэтых кампаньёнаў.

18. На першым часе ў БАТЭ Юрый Пунтус і Юрый Пудышаў называлі Капскага Талюсікам.

19. У маладосці любіў мяняць гальштукі. У калекцыі Капскага іх было больш за 40 штук.

20. На пачатку прадпрымальніцкай кар'еры трапляў у складаныя сітуацыі. У 90-х з двума гранатамі РГД-5 у машыне паехаў у Башкірыю, каб вярнуць частку тавару прадпрыемства «Сталкер». На блокпасце аўтамабіль пачалі правяраць, але нічога не знайшлі.

21. Бацька Анатоля Капскага быў заўзятарам зборнай Бразіліі. Памёр у ноч пасля фіналу чэмпіянату свету 1998 года, у якім бразільцы саступілі французам.

22. У 1999 годзе Капскі пераехаў жыць у Мінск. Пазней пабудаваў дом у прыгарадзе сталіцы.

23. Кінуў паліць ў 2004 годзе.

24. З 2004 года перастаў быць акцыянерам футбольнага клуба БАТЭ. З тых часоў выконваў абавязкі старшыні праўлення клуба.

25. Завод БАТЭ ў 1990-х стаў акцыянерным таварыствам з доляй дзяржакцый 2,7%. У 2001 годзе гендырэктара Бусела вымусілі напісаць заяву па ўласным жаданні, а ў БАТЭ ўпершыню ў гісторыі Беларусі быў апрабаваны механізм «залатой акцыі». Дзяржава атрымала магчымасць накладаць вета на рашэнні сходаў акцыянераў. Капскі стаў генеральным дырэктарам БАТЭ, чатыры гады да гэтага прапрацаваўшы намеснікам.

26. У першы год працы Капскага ў якасці гендырэктара завода БАТЭ прадпрыемства атрымала неразмеркаваны прыбытак у памеры 2,5 мільёна даляраў. У 2013-м чысты прыбытак (змянілася метадалогія падлікаў Міністэрства фінансаў) не дацягнуў да 200 тысяч долараў.

27. Добраахвотна сышоў з выканкаму АБФФ. Пасля шмат крытыкаваў работу галоўнага органа федэрацыі, называючы яго членаў бездарамі і ідыётамі.

28. Перыядычна канфліктаваў са СМІ. У розныя часы ў БАТЭ абвастраліся адносіны з тэлеканалам СТВ, інтэрнэт-праектам Goals.by/Tribuna.com, газетай «Прессбол». Час ад часу Капскі закрываўся ад зносін з медыя. Нярэдка тэлефанаваў журналістам, каб выказаць сваю пазіцыю наконт публікацыі.

29. У футбольным клубе працавалі яго сваякі. Пляменнік Кірыл Альшэўскі быў намеснікам генеральнага дырэктара па спартыўных пытаннях. Дачка Алеся Капская да сыходу ў дэкрэтны адпачынак была намеснікам начальніка дэпартамента развіцця. Пляменнік Віктар Хадасевіч працаваў спецыялістам па сувязях з грамадскасцю.

30. Лічыў сябе ранімым чалавекам. «Прасцей жа ўсяго абражаць кагосьці, калі ведаеш, што застанешся беспакараным. Гэта я пра некаторых насельнікаў інтэрнэту. Наогул, я вельмі ранімы чалавек. І ўсе блізкія ведаюць, што мяне лёгка зачапіць», — прызнаваўся Капскі.

31. Ухваляў у БАТЭ пераемнасць пакаленняў. За час працы Капскага ў клубе было толькі шэсць галоўных трэнераў, і толькі адзін прыйшоў з боку. Многія экс-гульцы БАТЭ цяпер займаюць у структуры клуба розныя пасады.

32. Заўсёды абараняў работнікаў клуба, прычым вельмі імпульсіўна. Пасля матчу БАТЭ — «Шахцёр» у 2004 годзе ў падтрыбунным памяшканні ледзь не пабіўся з Юрыем Вяргейчыкам.

33. Рэканструяваў стадыён «Гарадскі» ў Барысаве. Таксама БАТЭ прымаў удзел у будаўніцтве «Барысаў-Арэны», які быў дабудаваны ў 2014 годзе. Кошт стадыёна ацэньваецца прыкладна ў 58 мільёнаў даляраў — праўда, фінансавы ўклад клуба не вельмі вялікі.

34. Два гады не вітаўся з Крывушэнкам пасля сыходжання трэнера з БАТЭ.

35. Любімымі каментатарамі называў Юрыя Розанава і Васіля Уткіна, нягледзячы на выпады апошняга ў адрас клуба.

36. На выбарах прэзідэнта ў 2010 годзе быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. У гэтым статусе правёў шмат сустрэч з выбаршчыкамі. Лічыў, што дзеючы прэзідэнт з'яўляецца гарантам сацыяльна-эканамічнага развіцця.

37. У 2011 годзе Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні вакол завода БАТЭ холдынгу «Аўтакампаненты». Пад кіраўніцтвам Анатоля Капскага аб'ядналіся 12 прадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю запчастак.

38. Згодна з Указам прэзідэнта №388 ад 30.08.2011, за добрую працу холдынгу «Аўтакампаненты» па выніках года Капскі мог атрымаць ўзнагароджанне не больш за дзве тысячы долараў.

39. У студзені 2013-га ў Вільні перанёс найскладанейшую аперацыю на сэрцы, пасля якой знаходзіўся ў трохдзённай коме.

40. Вельмі любіў ягады: дурніцы, маліны, суніцы. Калі Капскі аднаўляўся пасля аперацыі на сэрцы, сябры і сваякі прыносілі іх у бальніцу ў велізарнай колькасці.

41. У 2013 годзе збіраўся пакінуць пасаду старшыні праўлення БАТЭ. Пасля перамогі БАТЭ над «Дэбрэцэнам» заявіў, што стаміўся ад пастаяннай крытыкі ў адрас клуба. Пераемнікам называў свайго намесніка Аляксандра Захарчанку. У канцы сезону Капскі спаслаўся на занятасць Захарчанкі на заводзе МАЗ і працягнуў кіраваць БАТЭ.

42. Аддаваў перавагу жорсткаму стылю кіравання, быў прыхільнікам жорсткай рукі ва ўладзе. Лічыў, што палітыка Пуціна лепшая за палітыку Гарбачова або Ельцына. Любімыя палітычныя дзеячы — Маргарэт Тэтчэр, Рузвельт, Машэраў, Грамыка. Прымакоў.

43. Капскі атрымліваў прапановы прадаць БАТЭ. Цікаўнасць да клуба праяўлялі не толькі расійскія кампаніі, але кампраміс не быў знойдзены. Адной з абавязковых умоў старшыні праўлення было тое, што ён застаецца кіраўніком клуба.

44. У шлюбе з Алай Капскай выгадаваў дваіх дзяцей — дачку Алесю і сына Андрэя, які працаваў у структуры завода БАТЭ. Акрамя гэтага, у Капскага яшчэ два сыны.

45. Капскі праварочваў самыя буйныя здзелкі на трансферным рынку Беларусі. За пераход Віталя Кутузава ў «Мілан» БАТЭ атрымаў 3,5 мільёна еўра. За куплю серба Міркі Іваніча «жоўта-сінія» заплацілі мільён еўра.

46. Любіў творчасць ірландскага музыкі Гэры Мура. Хадзіў на мінскі канцэрт «Scorpions».

47. У 2014 годзе па версіі «Ежедневніка» стаў самым паспяховым бізнэсменам Мінскай вобласці.

48. Не бачыў сябе ў крэсле чыноўніка, хоць атрымліваў прапановы ўзначаліць АБФФ. У часы працы ў федэрацыі Генадзя Нявыгласа член камітэта УЕФА па статусе і пераходах футбалістаў Сяргей Ільіч прапаноўваў напісаць Капскаму перадвыбарчую праграму на пасаду кіраўніка федэрацыі. Кіраўнік БАТЭ адмовіўся.

Паводле by.tribuna.com

1
Анатоль Сідарэвіч / адказаць
22.09.2018 / 19:00
З якога часу Святы Пасад стаў Святым Прастолам?  
0
Бухой / адказаць
22.09.2018 / 20:54
Бум,  и не только. При строительстве "Борисов-арены" исчезло 30 миллионов долларов.
0
Morzh / адказаць
01.11.2018 / 23:05
Бухой, почему только 30, а не 100?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2017 2018 2019
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31