Знайсці
21.09.2018 / 18:2349РусŁacБел

Чаргінец, Ярмоленка, Шабановіч: Мы нават не бачылі заяву ў падтрымку РПЦ, пад якой нібыта падпісаліся

Існуе такая структура, як «грамадская палата Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі». Утвораная яна была летась у Мінску, увайшлі ў палату вядомыя ў Беларусі і Расіі асобы: рэлігійныя дзеячы, палітыкі, спартсмены, касманаўты. Усяго больш за 200 чалавек. Офіс арганізацыі знаходзіцца ў Маскве.

Фота з сайт op-soyuz.ru.

«Міжнародная экспертная і камунікацыйная пляцоўка, створаная з мэтай служыць умацаванню раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага расійска-беларускага супрацоўніцтва», — гаворыцца на сайце арганізацыі.

Узровень сустрэч і прыёмаў у грамадскай палаты дастаткова высокі. Напрыклад, іх прымаў у сябе былы прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў. Свае імпрэзы палата ладзіць на сцэне Дзяржаўнага крамлёўскага палаца ў Маскве.

19 верасня на сайце грамадскай палаты саюзнай дзяржавы з’явілася заява ад імя арганізацыі, у якой з асуджэннем гаворыцца пра спробы Украінскай праваслаўнай царквы дабіцца аўтакефаліі.

«Грамадская палата саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі цалкам падтрымлівае рашэнне Святога сінода Рускай праваслаўнай царквы, які 14 верасня 2018 года прыпыніў памінанне Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея I і сумеснае служэнне з падпарадкаванай яму іерархіяй, а таксама прыняў шэраг іншых мер у дачыненні да Канстанцінопальскага Патрыярхата», — гаворыцца ў заяве.

Далей у тэксце гаворыцца пра «падступнае ўварванне на кананічную тэрыторыю РПЦ», гэта значыць Украіну. Адзначаецца, што дзеянні Канстанцінопальскага Патрыярхата накіраваныя на знішчэнне праваслаўя.

«Лічым небяспечнай працу ў Беларусі і Расіі структур украінскіх псеўдаправаслаўных раскольнікаў, якія могуць расхістваць грамадзянскае адзінства нашых грамадстваў, асабліва ў выпадку «легітымізацыі» іх Канстанцінопалем», — адзначаецца ў заяве.

Мы патэлефанавалі некаторым вядомым беларускім сябрам грамадскай палаты. Ніхто не чуў нічога пра падобны зварот.

Старшыня дзяржаўнага Саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец кажа: «Шчыра кажучы, не бачыў і не чытаў. Мая пазіцыя наступная — раздзел цэркваў немэтазгодны. Гэта вядзе да расколу ў грамадстве».

Спявак Анатоль Ярмоленка таксама не бачыў тэксту звароту. «Я не буду нічога каментаваць, бо не бачыў яго».

Урэшце муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’ядання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч таксама кажа, што «ніхто не ставіў яго ў вядомасць» адносна такога звароту.

Выходзіць, што нехта ў Маскве робіць палітычныя заявы, нават не цікавячыся пазіцыяй беларускіх сябраў грамадскай палаты. Тым самым, выкарыстоўваючы іх вядомасць, аўтарытэт і імя ў сваіх мэтах.

Сябрамі палаты таксама з’яўляюцца атлет Фомачкін, які пранёс расійскі сцяг на адкрыцці Паралімпіяды ў Рыа, Андрэй Герашчанка, якога звольнілі ў Віцебску з працы за адмаўленне незалежнасці Беларусі, паэт-славянафіл Анатоль Аўруцін, вядомы сваімі імперскімі поглядамі Сяргей Бабурын, акцёр Уладзімір Гасцюхін, дачка Пятра Машэрава Наталля, касманаўты Клімук і Навіцкі, святар Усевалад Чаплін і многія іншыя.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930