Знайсці
24.09.2018 / 09:1314РусŁacБел

Сусветны банк: планету завальвае смеццем

Траціна адкідаў у свеце ніяк не апрацоўваецца.

Сусветны банк апублікаваў новую справаздачу па праблеме адкідаў. Паводле яе, штогод чалавецтва генеруе 2,01 мільярда тонаў побытавага смецця. Як мінімум трэцяя частка яго ніяк не перапрацоўваецца.

Галоўны рухавік гэтага смеццевага патопу — рост гарадоў. Па разліках Сусветнага банку, памер смецця падвысіцца на 70% на працягу наступных трох дзесяцігоддзяў да шалёных 3,4 мільярда тонаў.

Лічба настолькі вялікая, што яе цяжка ахапіць розумам. З чым параўнаць такую гару смецця?

Вось, напрыклад, пластыкавыя адкіды. Яны складаюць 90% смецця ў акіяне. У 2016 года людзі выкінулі 242 мільёны тонаў пластыку. З яго можна было б вырабіць 24 трыльёны паўлітровых пластыкавых бутэлек. Уявіце сабе, што вы напоўнілі ўсе тыя бутэлькі вадой. Дык вось, уявіце сабе пяць планетаў Зямля. На іх разам жыве 40 мільярдаў чалавек. І вось усе гэтыя людзі прымаюць ванны. І для гэтых ваннаў ім трэба будзе столькі ж вады, колькі ўмясцілася б у тыя ўмоўныя бутэлечкі.

І гэта толькі пластык, які — заўважце — складае толькі 12% ад усіх адкідаў.

Калі зірнуць на справу геаграфічна, то найбольш пабытовага смецця прадукуецца ў азіяцка-ціхаакіянскім рэгіёне.

А калі змераць па эканамічным прынцыпе, то самыя багатыя і развітыя краіны нясуць адказнасць за 34% смецця, хоць і маюць насельніцтва, роўнае ўсяго толькі 16% агульнай колькасці людзей.

Тут хаваецца адзін з галаўных боляў планеты — па меры таго, як людзі пачынаюць жыць лепей, яны больш спажываюць, а, значыцца, пакідаюць за сабой смецця. Таму густанаселеныя рэгіёны, якія пакуль што адстаюць ад развітых краінаў, выкідаюць меней. Але па меры таго, як расце іх дабрабыт, бедныя краіны ствараюць усё больш смецця. Сусветны банк чакае, што да 2050 года жыхары трапічнай Афрыкі і Паўднёвай Азіі патрояць аб’ём свайго смецця і будуць прадукаваць 35% сусветнай колькасці адкідаў.

Паводле Сусветнага банку, ключ да праблемы ў тым, каб бедныя рэгіёны, якія багацеюць, таксама пераймалі практыкі развітых краінаў. Ужо цяпер у заможных нацыях амаль усё смецце цэнтралізавана збіраецца, а не хаатычна выкідаецца ў прыроду. Трэцяя частка тых адкідаў цалкам перапрацоўваецца. А вось у бяднейшых краінах «рысайклінг» закранае толькі жалю вартыя 4% ад агульнага аб’ёму чалавечых адкідаў.

У цэлым на нашай планеце перапрацоўваецца толькі 13,5% усяго смецця, а 5,5% адпраўляецца на кампост. Карацей кажучы, расці ёсць куды.

«Калі нічога не рабіць, то свет ступіць на небяспечны шлях да яшчэ большай колькасці смецця і ўсеагульнага забруджвання», — піша Сусветны банк. І тады змагацца са зменай клімату, разбурэннем прыроды і асяродкаў чалавечага існавання, з праблемамі са здароўем давядзецца непараўнальна больш вялікім коштам, чым той, якія патрэбны на ўкараненне сучасных сістэмаў перапрацоўкі смецця.

Нават у Мінску праблему смецця можна заўважыць няўзброеным вокам. Дастаткова пракаціцца на коле агляду ў парку Горкага і зірнуць у бок Завадскога раёну ў яснае надвор'е. На даляглядзе, нібы гара Кіліманджара, узвышаецца адна са звалак за кальцавой дарогай.

Дарэчы, у чэрвені ўлады пастанавілі ўзяць крэдыт на 5 мільёнаў еўра ў Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця на пабудову новага смеццевага палігону ў Мінскай вобласці і мадэрнізацыю сістэмы збору адкідаў. 

Руслан Гаёк паводле World Bank

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930