Знайсці
21.09.2018 / 13:0646РусŁacБел

Дзікавіцкі: Шылу звольнілі за сукупнасць «заслуг»

З нагоды скандальнага звальнення Івана Шылы з тэлеканала Белсат, дзе ён адказваў за сацыяльныя сеткі, на сваёй старонцы ў фэйсбуку выказаўся Аляксей Дзікавіцкі, намеснік дырэктара Белсат TV. 

Фота: belsat.eu

Спадарства, Іван Шыла быў звольнены з Белсату не за «жарт з прэзідэнта Польшчы», як піша «НН», але, як і было пазначана ў маім да яго мэйле, «за неадпаведныя паводзіны ў дачыненні да калегаў і ўсёй фірмы». Калі крыху расшыфраваць гэтую фармулёўку, дык вядзецца пра неахайнае выкананне сваіх абавязкаў (а гэтаму ёсць не адно пацвярджэнне) ды адсутнасць субардынацыі — падаецца, гэта дастатковыя прычыны для любога працадаўцы.

Пошук кандыдатуры на пасаду Івана вядзецца ўжо некаторы час (а сам Іван неаднаразова апошнім часам заяўляў, што збіраецца звальняцца), а пазаўчорашні пост стаўся толькі адным з элементаў гэтай сітуацыі, калі SMM-шчык, які працуе для канкрэтнай фірмы (і такім чынам усе ягоныя допісы таксама атаясамліваюцца з гэтай фірмай), не прытрымліваецца прынятых у фірме нормаў.

Гэта зусім не першы такі выпадак. Дастаткова ўзгадаць нядаўні публічны допіс пра пошук марыхуаны (калі прасілі выдаліць — Іван не выдаляў, а як пачаўся скандал — выдаліў, але скрын захаваўся і далучаны тут). Як можна было сваіх калег так падставіць (ці можна пасля гэтага ў руках такога чалавека пакідаць магчымасць доступу да профіляў каналу ў сацсетках?) і чаму БТ не ўхапілася за гэта?! Так жа лёгка было зрабіць прапагандысцкі сюжэцік, пра тое, што супрацоўнікі Белсату — спрэс наркаманы! Але не — учапіліся за іншае.

Тыя, хто са мной знаёмы, ведаюць, што я далёкі ад тэорыяў змовы, але гэтым разам ці выпадкова тое, што скандал (з даносамі ў польскія медыі і нават перакладам пастоў на ангельскую мову — салідны маштаб!) разгарэўся напярэдадні ўвядзення на Белсаце грунтоўнай рэформы; у часе, калі мы чакаем рашэнняў аб дадатковым фінансаванні, якое дало б каналу магчымасць далейшага развіцця; нарэшце ў разгар выбарчай кампаніі ў Польшчы, калі любая, нават дробная інфармацыя падобнага кшталту будзе неадкладна выкарыстаная ва ўнутранай палітычнай барацьбе, да якой мы ніякага дачынення не маем і не хочам мець!

Я нават не абражаюся на тоны лайна, літры яду, вылітыя на нас і часам на мяне асабіста ў гэтай сітуацыі, бо ведаю, што эмоцыі эмоцыямі (у тым ліку і ў некаторых белсатаўцаў), а справа — перадусім. І мы яе робім — так, з памылкамі і недахопамі — але найлепей як умеем, на карысць Беларусі.

Напрыканцы яшчэ адна істотная акалічнасць. Часта журналісты з розных краінаў задаюць мне пытанне: «Калі вы атрымліваеце грошы ад польскіх уладаў, дык, пэўна, вас пільнуе МЗС, каб пасыл вашага вяшчання быў прапольскі?». Дык вось жа, з усёй адказнасцю кажу, што за амаль 11 гадоў вяшчання такога не было НІКОЛІ! Ніхто мне не тэлефанаваў і не казаў, што, маўляў, пан Дзікавіцкі, нам тое і тое не падабаецца, трэба казаць іначай. І гэта я называю сапраўднай братэрскай дапамогай — стварыць умовы і не ўмешвацца. Думаю, далёка не ўсе калегі з іншых СМІ маюць такі камфорт.

Аляксей Дзікавіцкі, намеснік дырэктара Белсат TV

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930