Знайсці
20.09.2018 / 11:459РусŁacБел

Намеснік міністра замежных спраў Дапкюнас: «БНР — частка нашай гісторыі»

20 верасьня ў Менску праходзіць чацьвёртае паседжаньне Кансультацыйнай рады беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў, піша Радыё Свабода.

Раду ачольвае кіраўнік ведамства Уладзімір Макей, аднак на пачатку паседжаньня ён адсутнічаў — быў на перамовах Аляксандра Лукашэнкі з кітайскай дэлегацыяй. Адкрываў сустрэчу беларусаў замежжа намесьнік міністра Андрэй Дапкюнас.

Ён падкрэсьліў, што імідж Беларусі фармуецца ня толькі намаганьнямі дзяржаўных установаў, але і праз простых людзей, асабліва тых, хто зьвязаны зь Беларусьсю, але з розных прычынаў знаходзіцца за яе межамі.

«Духоўная повязь, сувязь культур, яна ня страчваецца, — сказаў Андрэй Дапкюнас. — І нават калі чалавек не грамадзянін Рэспублікі Беларусь, але мае беларускія карані, то ён можа шмат зрабіць для ўмацаваньня іміджу Беларусі. Асабліва важна, каб гэтыя людзі папрацавалі яшчэ і на фармаваньне сучаснай эканомікі. Бо менавіта сучасная эканоміка — гэта і ёсьць найлепшы падмурак дабрабыту беларусаў».

Скарыстаўшыся магчымасьцю, журналісты запыталіся ў Андрэя Дапкюнаса пра яго стаўленьне да таго, што ў Менску да гэтага часу не павесілі памятную шыльду на будынку, дзе абвяшчалася незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, нягледзячы на абяцаньні менскіх уладаў зрабіць гэта яшчэ ў сакавіку.

«Як грамадзянін Беларусі лічу, што гісторыя маёй краіны ёсьць такая, якой яна склалася за шмат стагодзьдзяў, — адказаў намесьнік міністра, адзначыўшы, што ў ягоную кампэтэнцыю гэтае пытаньне не ўваходзіць. — Але гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі — гэта таксама частка нашай гісторыі. Выкінуць гісторыю БНР з агульнага працэсу проста нельга».

У Кансультацыйную раду беларусаў замежжа ўваходзяць 20 чалавек, прадстаўнікоў розных беларускіх дыяспар. Сёньня на сустрэчы прысутнічаюць беларусы Францыі, Нямеччыны, Чэхіі, Швайцарыі, Украіны, Расеі, Польшчы ды іншых краінаў.

Рада праводзіць свае паседжаньні раз на год, штогод адбываецца яе частковая ратацыя.

Уладзімір Глод, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930