Знайсці
19.09.2018 / 22:1422РусŁacБел

Украінкі і беларус размаўляюць на сваіх мовах. Паслухайце, ці яны адно аднаго разумеюць?

Праграма «Вяскоўцы» тэлеканала «Белсат» распавядае пра жанчыну, якая марыла быць артысткай і спяваць на вялікай сцэне, але стала грузчыцай і мусіла цягаць мяшкі ў калгасе.

Вядоўца праграмы Віктар Шукеловіч адмыслова паехаў на ровенскае Палессе ва Украіне, каб спаткацца з самабытнай спявачкай народных песень Дамінікай Чэкун, унікальны стыль выканання якой заварожвае. Спадарыня Дамініка распавяла, што з маленства хацела стаць эстраднай спявачкай і даваць канцэрты, але ў 16 гадоў мусіла пайсці працаваць у калгас. Спачатку ўручную даіла кароў на ферме, а потым, калі выйшла замуж і зарабляла грошы на новы дом, пайшла працаваць грузчыцай. На сваіх плячах яна перацягала сотні тонаў збожжа.

Віктар пазнаёміўся таксама з бабуляй Палажкай, якая блаславіла яго знайсці добрую жонку. Спадарыня распавяла, што калісьці за адзін дзень праходзіла 80 кіламетраў, каб закупіцца ў Пінску і вярнуцца назад.

Вядоўца праграмы рыхтаваў корм для каровы, спрабаваў адрамантаваць абарваны электрычны дрот, а потым разам са сваймі новымі ўкраінскімі знаёмымі спяваў песню, якую ведаюць як ва Украіне, гэтак і ў Беларусі.

Даўнейшыя песні ў стане сцісла перадаць змест цэлых раманаў, распавесці пра людскія лёсы і раскрыць жыццёвыя драмы. Напрыклад, Віктар пачуў ва Украіне песню пра Кацярыну, якая пакінула мужа, дзяцей, забрала цэлы куфар рэчаў, кажух, і «пацягалася з маскалямі».

Віктар высвятляў, як ва Украіне ўспрымаюць Беларусь і ці хацелі б украінскія вяскоўцы туды перасяліцца.

Праграму «Вяскоўцы» можна глядзець кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), анлайн або ў закладцы «Праграмы» на сайце тэлеканала. А таксама ў Facebook.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера