Знайсці
04.10.2018 / 01:068РусŁacБел

Як аформіць і атрымаць Tax Free

Паездка за мяжу — гэта не толькі новыя ўражанні, але нярэдка — новыя набыткі, якія пры пэўных абставінах могуць аказацца яшчэ і выгаднымі. Як купляць за мяжой выгадна? Што такое сістэма Tax Free і што неабходна, каб вярнуць грошы? Разбіраемся з пытаннямі.

Што такое TaxFreeі чаму ёсць магчымасць вярнуць грошы

Кожны тавар у краме абкладаецца падаткам на дадатковую вартасць (ПДВ, VAT), які плацяць грамадзяне краіны і яе падатковыя рэзідэнты. Паколькі турысты і замежныя госці ў гэтыя катэгорыі не ўваходзяць, то і падатак на дадатковую вартасць яны плаціць не абавязаныя.

Менавіта для таго, каб замежнік меў магчымасць вярнуць аплачаны пры набыцці тавару падатак, была ўведзена сістэма вяртання замежным грамадзянам падатку на дадатковую вартасць (ПДВ, VAT) — сістэма Tax Free. У перакладзе з ангельскай гэтае словазлучэнне акурат і перакладаецца «без збораў».

Хто займаецца вяртаннем падатковых плацяжоў

Існуюць два асноўныя спосабы вяртання падатковых плацяжоў.

Першы — праз пасрэдніцтва міжнародных кампаній, такіх як Global Blue, Tax Free Worldwide, Premier Tax Free, Tax Card, Litofolija Tax Free (апошнія дзве дзейнічаюць на тэрыторыі Літвы).

Другі — праз нацыянальную сістэму вяртання Tax Free той краіны, дзе была здзейснена пакупка. У прыватнасці, такія сістэмы дзейнічаюць на тэрыторыі Літвы і Польшчы.

У першым выпадку суму падатку вяртае кампанія, з якой супрацоўнічае крама. Гэты спосаб мае большую колькасць варыянтаў вяртання грошай і падыдзе тым, хто не плануе альбо не мае магчымасці вярнуцца ў краіну, дзе быў набыты тавар. З відавочных мінусаў — пасрэднік забярэ сабе частку грошай.

У другім выпадку падатак вяртаецца ў той краме (альбо адной з крам гандлёвай сеткі), у якой была здзейснена пакупка. Камісійныя зборы не спаганяюцца, адпаведна вяртаецца 100% падатку. Асноўны мінус — абавязкова трэба вярнуцца ў краіну, дзе была здзейснена пакупка.

Да ўвагі: некаторыя польскія і літоўскія крамы могуць працаваць па абедзвюх сістэмах звароту Tax Free, што дазваляе пакупніку выбраць больш зручны для яго спосаб вяртання грошай.

Пра тое, што гандлёвы аб’ект працуе ў сістэме вяртання Tax Free, сведчаць адмысловыя лагатыпы, якія звычайна знаходзяцца на дзвярах, вітрынах, каля касы.

Ад чаго залежыць сума вяртання

Сума вяртання залежыць ад стаўкі ПДВ той краіны, у якой была зроблена пакупка. Пры гэтым на розныя катэгорыі прадуктаў стаўкі ПДВ могуць быць рознымі. У Польшчы, напрыклад, асноўная стаўка ПДВ складае 23% (бытавая тэхніка, вопратка, абутак і інш), ПДВ на дзіцячыя тавары, бытавую хімію — 8%, на харчовыя прадукты, кнігі і сацыяльную прадукцыю — 5%. У Літве асноўная стаўка ПДВ — 21%, у Германіі — 19%, у Францыі — 20%, у Чэхіі — 21%.

Актуальную інфармацыю пра стаўкі ПДВ па канкрэтных краінах можна правяраць на афіцыйных сайтах кампаній Premier Tax Free і Global Blue. На сайце апошняй ёсць праграма-калькулятар, якая дазваляе рабіць папярэднія разлікі сумы выплат па чэках Tax Free.

Не забывайцеся, што суму вяртання трэба лічыць не ад кошту ўсёй пакупкі, а ад кошту пакупкі за выняткам ПДВ. Іншымі словамі,

калі тэлевізар каштуе 1000 даляраў, у Польшчы атрымаецца вярнуць максімум 177 даляраў (ад 1000 даляраў аднімаем 230 даляраў ПДВ, і вылічваем 23% ад атрыманага ліку). У рэальнасці гэта каля 17-18% ад поўнага кошту. А калі афармляць дакументы праз Global Blue, атрымаецца вярнуць 12-13%.

Асноўны прынцып вяртання грошай

Каб вярнуць грошы, трэба прасачыць за правільным афармленнем дакументаў на пакупку і праштампаваць на мяжы чэкі Tax Free.

За якія тавары вяртаецца Tax Free

Пералік тавараў адрозніваецца ў залежнасці ад краіны. У пераважнай большасці выпадкаў немагчыма вярнуць Tax Free за алкаголь і цыгарэты, кнігі, паліва, запчасткі для аўтамабіляў, каштоўныя камяні і ювелірныя вырабы, а таксама паслугі. Не вяртаецца Tax Free і за пакупкі, зробленыя праз інтэрнэт.

Да ўвагі: у Літве і Польшчы можна аформіць Tax Free на харчовыя прадукты і лекі, а вось у Германіі — яшчэ і на кнігі.

 

Што неабходна зрабіць, каб мець магчымасць вярнуць грошы

Правілы вяртання Tax Free у кожнай краіне розныя, а таму перад паездкай за мяжу варта ўдакладняць нюансы па кожнай краіне асобна. Асноўны ж алгарытм дзеянняў наступны:

1. У краме, дзе дзейнічае сістэма Tax Free, набыць тавар і заплаціць за яго адпаведную суму.

Гэта значыць, што Tax Free вяртаецца не з кожнай пакупкі, здзейсненай за мяжой, а толькі пры набыцці пэўных відаў тавараў і на пэўную мінімальную суму. Пры гэтым мінімальная сума павінна быць прабіта ў адным чэку і для кожнай краіны гэтая сума розная.

Да ўвагі: у літоўскіх крамах можна вярнуць Tax Free па сукупнасці чэкаў за тавары, набытыя ў адзін дзень у аднаго прадаўца.

Карысная інфармацыя: мінімальная сума пакупкі для афармлення чэкаў Tax Free ў Польшчы — 200 польскіх злотых, у Літве — 55 еўра, у Германіі — 25 еўра (30 еўра на кнігі), у Францыі — 175,01 еўра, у Чэхіі — 2001 чэшская крона. Актуальную інфармацыю пра стаўкі ПДВ па краінах можна правяраць на афіцыйных сайтах кампаній Global Blue і Premier Tax Free.

2. Пасля таго, як тавар будзе аплачаны і на руках будзе чэк, папрасіць у прадаўца запоўніць спецыяльную форму (чэк, бланк) на атрыманне Tax Free.

Важна: 1) для таго, каб аформіць чэк Tax Free, неабходны пашпарт!

2) чэк на вяртанне Tax Free павінен быць аформлены ў дзень пакупкі тавару. Адпаведна на чэку Tax Free і чэку на пакупкі павінна стаяць аднолькавая дата. Аформіць чэк Tax Free ў іншы дзень пасля пакупкі нельга. Несупадзенне дат на чэках — прычына для адмовы ў вяртанні Tax Free.

3) чэк Tax Free дзейнічае толькі пры наяўнасці чэка на пакупку. Без чэка на пакупку форма Tax Free з’яўляецца несапраўднай.

Запоўненая форма Tax Free павінна быць без выпраўленняў. Калі запоўнены бланк мае выпраўленні, лепш не пасаромецца і папрасіць прадаўца запоўніць новы.

3. На мытні пры выездзе з краіны паставіць мытную пячатку на чэку Tax Free.

Краіны Еўрасаюза з’яўляюцца адной эканамічнай зонай, таму ставіць мытную пячатку трэба ў той краіне ЕС, праз якую вы выязджаеце.

Для таго, каб атрымаць пячатку, неабходна паказаць мытніку набыты тавар, чэк на пакупку, чэк Tax Free і пашпарт.

Важна: 1) усе тавары, пазначаныя ў чэку Tax Free, павінны быць у наяўнасці. У адваротным выпадку ёсць верагоднасць атрымаць штраф, які давядзецца заплаціць тут жа на мытні.

2) тавар павінен быць неўжываным, мець непашкоджаную спажывецкую ўпакоўку, захаваныя біркі і этыкеткі. Гэта ў тым ліку тычыцца вывазу харчовых прадуктаў, ласавацца якімі да праходжання мяжы не рэкамендуецца.

3) існуюць дакладна вызначаныя тэрміны, у якія неабходна вывезці тавар з краіны і паставіць мытную пячатку. У прыватнасці, тавары, набытыя на тэрыторыі ЕС, неабходна вывезці не пазней за апошні дзень трэцяга месяца пасля месяца, у які была здзейснена пакупка. Гэта значыць, што калі вы набылі тавар у сакавіку, то паставіць мытную пячатку на чэкі Tax Free неабходна да 30 чэрвеня.

Да ўвагі: калі вы пакідаеце тэрыторыю Еўразвяза праз Польшчу, то ёсць магчымасць загадзя зарэгістраваць свае пакупкі ў электроннай сістэме польскай мытні «Вяртанне ПДВ для падарожнікаў». Кожны чэк Tax Free неабходна рэгістраваць асобна. У выпадку перасячэння мяжы на аўтамабілі наяўнасць электроннай рэгістрацыі дае права праходжання мытні ў паласе «Tax Free / E-Service».

Як вярнуць грошы, калі скарыстаўся паслугамі кампаній-пасрэднікаў

Калі вы скарысталіся паслугамі міжнародных кампаній-пасрэднікаў, то, каб вярнуць грошы, можна:

1) Звярнуцца ў пункт вяртання Tax Free у той краіне, дзе была здзейснена пакупка.

Звычайна такія пункты пазначаны надпісам Tax Free Cash Refund. Іх можна знайсці ў аэрапорце альбо на вакзале (шукаць каля крам Duty Free), а таксама ў гандлёвых цэнтрах і абменніках.

У аэрапорце альбо на вакзале можна звярнуцца ў пункт вяртання грошай толькі пасля праходжання мытнага кантролю. Адпаведна, праштампаваныя чэкі Tax Free прад’яўляюцца адразу. Грошы таксама выдаюцца адразу, наяўнымі альбо на банкаўскую картку.

У пунктах вяртання Tax Free, што знаходзяцца ў гандлёвых цэнтрах альбо ў абменніках, можна аформіць папярэднюю кампенсацыю Tax Free. Папярэднюю, бо без праходжання мытні немагчыма прад’явіць праштампаваныя чэкі Tax Free.

Абавязковай умовай атрымання такой кампенсацыі з’яўляецца тое, што арыгіналы праштампаваных чэкаў Tax Free, якія вы атрымаеце на мытным кантролі, у строга вызначаны тэрмін будуць высланыя на адрас кампаніі-пасрэдніка.

У адваротным выпадку кампенсацыя на картку альбо не паступіць, альбо, калі сродкі былі выплачаныя адразу і наяўнымі, налічаная сума з карткі будзе спісаная.

2) Пасля вяртання ў Беларусь звярнуцца ў аддзяленні «Тэхнабанка», якія займаюцца вяртаннем Tax Free. Акрамя Мінска, такія аддзяленні ёсць у Гомелі і Магілёве.

«Тэхнабанк» абслугоўвае такія міжнародныя кампаніі, як Global Blue, Premier Tax Free, Tax Free Worldwide, Tax Card і Litofolija Tax Free. Грошы вяртаюцца наяўнымі і адразу. Што тычыцца сумы камісійнага збору, то яна адрозніваецца ў залежнасці ад таго, чэкі якой кампаніі вяртаюцца.

 3) Адправіць на адрас кампаніі-пасрэдніка праштампаваны чэк Tax Free і свае дадзеныя.

Грошы ў такім выпадку вяртаюцца на банкаўскую картку, нумар якой указаны ў дакументах. Сярэдні тэрмін вяртання грошай — 45 дзён. Пры гэтым адправіць дакументы можна яшчэ на мытні, апусціўшы канверт з адпаведнымі дакументамі ў адмысловую скрыню tax-free. Можна таксама адправіць дакументы звычайным парадкам — праз аддзяленні пошты.

Дакументы на атрыманне Tax Free адпраўляюцца ў спецыяльным канверце, які выдаецца пры афармленні бланкаў Tax Free. На гэтым жа канверце ўказаны адрас, на які неабходна адпраўляць ліст. Адрас можна таксама ўдакладніць на афіцыйным сайце кампаніі-пасрэдніка.

Важна: калі вы плануеце забіраць кампенсацыю праз безнаяўны разлік, то варта загадзя праверыць, з якімі відамі банкаўскіх картак працуе ваша кампанія-пасрэднік, і пры неабходнасці завесці адпаведную картку.

Да ўвагі: па польскіх чэках Tax Free падатак вяртаецца толькі наяўнымі. Атрыманне грошай на банкаўскую картку альбо на банкаўскі рахунак немагчыма. Калі, знаходзячыся ў Польшчы, вы скарысталіся паслугамі Global Blue, не трэба адпраўляць праштампаваныя чэкі Tax Free на адрас гэтай кампаніі. На тэрыторыі Беларусі грошы можна вярнуць толькі ў аддзяленнях «Тэхнабанка».

Поўны зварот ПДВ у Літве і Польшчы

У суседніх Літве і Польшчы дзейнічаюць нацыянальныя сістэмы вяртання Tax Free, карыстанне якімі дае магчымасць вярнуць ПДВ у поўным аб’ёме.

Поўны зварот ПДВ у Літве

Для таго, каб вярнуць поўную суму ПДВ на пакупкі ў Літве, неабходна пасля пакупкі запоўніць дэкларацыю на вяртанне падатку — PVM gražinimo deklaracija (форма FR0420), а пасля на працягу 3-х месяцаў вярнуць аформленую на мытні дэкларацыю ў краму, дзе быў набыты тавар.

Грошы вяртаюцца наяўнымі пасля адпаведнай праверкі дакументаў. Вяртаць безнаяўнымі нашмат складаней, трэба мець літоўскі рахунак. На замежны рахунак грошы перавесці таксама можна, але за гэта будзе спагнана немалая камісія.

Карысная інфармацыя: крамы, дзе можна аформіць поўны зварот ПДВ, — Senukai (сетка крам з гаспадарчымі таварамі), BALSANA , ARSAN, iStore, NCS, Topocentras і некаторыя іншыя. Аднак іх колькасць невялікая.

Поўны зварот ПДВ ў Польшчы

Нацыянальная сістэма вяртання ПДВ ў Польшчы таксама прадугледжвае, што падатак будзе вернуты ў той краме (альбо адной з крам гандлёвай сеткі), у якой была здзейснена пакупка. Грошы вяртаюцца толькінаяўнымі, у злотых пасля прад’яўлення пашпарта і арыгінальнай формы Tax Free з пастаўленымі мытнымі пятачкамі. Адпаведна для таго, каб атрымаць Tax Free, тавар неабходна вывезці з краіны, а пасля паўторна вярнуцца за грашыма з арыгіналамі чэкаў Tax Free і пашпартам.

 Гандлёвыя кропкі, што працуюць у дадзенай сістэме, пазначаны адмысловым знакам: белая наклейка з зялёнай рамкай і надпісам ZWROT VAT, TAX FREE DLA PODRÓŻNYCH альбо TAX FREE FOR TOURIST.

Важна: тэрмін вяртання чэкаў па польскіх Tax Free абмежаваны і адрознівацца ў залежнасці ад крамы. Максімальны тэрмін вяртання можа быць 10 месяцаў. Аднак прадавец мае права ўсталяваць іншы. Таму пры афармленні Tax Free важна ўдакладніць максімальны час, праз які варта вярнуцца, каб забраць грошы.

Да ўвагі: калі вы плануеце, што грошы па вашых чэках будзе забіраць нехта іншы — сваяк ці сябар, — даверанасць лепш за ўсё аформіць у краме падчас афармлення чэкаў Tax Free. Тут жа можна ўзяць узор дакумента. Натарыяльнага зацверджання даверанасці не патрабуецца.

Карысная інфармацыя: сярод найбольш вядомых сеткавых крам, якія працуюць з нацынальнай сістэмай вяртання Tax Free ў Польшчы, крамы RTVEuroAGD, MediaMarkt, MediaExpert, Bedronka і іншыя.

Да ўвагі: у польскіх крамах бытавой і электроннай тэхнікі можна сустрэцца з наяўнасцю абмежаванняў на афармленне Tax Free пры пакупцы некалькіх аднатыпных адзінак тавару. Гэта звязана з тым, што, паводле заканадаўства, Tax Free афармляецца толькі на тавары, набытыя для ўласнага карыстання. У выпадку неабходнасці купіць больш за адну адзінку аднатыпнай бытавой тэхнікі альбо электронікі, можна аформіць адзін з чэкаў Tax Free на іншую асобу. Яшчэ варыянт — набыць тавар праз некалькі месяцаў.

Ці можа атрымаць Tax Free не ўласнік чэкаў?

Так. Але для гэтага на яго павінна быць аформлена даверанасць. Разам з даверанасцю прад’яўляецца копія пашпарта паручальніка.

У якіх выпадках чэкі Tax Free не афармляюцца?

Чэкі Tax Free не афармляюцца, калі замежны грамадзянін знаходзіцца на тэрыторыі краіны, дзе была здзейснена пакупка, больш за паўгода (184 дні), мае дазвол на жыхарства ў гэтай краіне альбо права на працу.

Прыемных падарожжаў і выгадных набыткаў!

Ганна Валодзіна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера