Знайсці
19.09.2018 / 06:2621РусŁacБел

27 гадоў таму бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі

27 гадоў таму, 19 верасня 1991 года, гістарычная сімволіка была прызнана дзяржаўнай. Такое рашэнне прыняў пасля краху СССР Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання — парламент, які быў абраны на часткова свабодных выбарах.

Нацыянальная сімволіка заставалася дзяржаўнай да Рэферэндуму 1995 года, калі замест яе вярнулі савецкія сімвалы.

Раней бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі — першага дзяржаўнага ўтварэння, што абвясціла сваю незалежнасць ад іншых краін і выкарыстоўвала азначэнне «беларускі».

Герб «Пагоня» — ваяр з узнятым мячом на белым кані ў чырвоным полі — вядомы ў Беларусі з глыбокай старажытнасці.

У якасці дзяржаўнага герба Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, яе пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII ст. Выявай «Пагоні» ўпрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў».

«Пагоня» была на сцягах беларуска-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў — ад Грунвальда да Оршы.

Пасля Люблінскай уніі «Пагоня» нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу. Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII ст, калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, «Пагоня» засталася гербам беларускіх губерняў.

Бел-чырвона-белы сцяг у сённяшнім выглядзе, у адрозненне ад «Пагоні», мае канкрэтнага аўтара. Сцяг стварыў у 1917 Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

Створаны Дуж-Душэўскім сцяг быў упершыню ўзняты ўвесну 1917 на будынку Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу (Дуж-Душэўскi быў супрацоўнiкам гэтага Таварыства).

А 12 сакавiка ў Мінску ўпершыню адбылося масавае свята — нацыянальны Дзень беларускага значка. Бел-чырвона-белыя значкi, кукарды і сцяжкi можна было пабачыць паўсюль на вулiцах.

Бел-чырвона-белую стужку ў 1917-м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх.

У снежнi 1917 у Мінску падчас Усебеларускага з’езда бел-чырвона-белы сцяг ужо адзiнадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi. Ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

За саветамі ж сцяг быў забаронены. Чырвона-зялёны сцяг прыдумалі сталіністы.

У канцы 1940-х Сталіну спатрэбілася стварыць сцягі саюзных рэспублік СССР, асабліва тых, якія былі членамі ААН. Яны былі выраблены на аснове сцяга савецкай імперыі. Гэты сцяг і зацвердзілі ў 1951.

Герб БССР быў прыняты ў 1927, таксама на аснове герба СССР.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031