Знайсці
18.09.2018 / 16:428РусŁacБел

Пяць фактаў пра пяць прызначэнцаў Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка зладзіў кадравы аўторак. З’явіўся новыя намеснікі старшынь Мінскага і Брэсцкага аблвыканкамаў, памочнік прэзідэнта па Віцебскай вобласці, намеснік старшыні КДК, паслы, а таксама старшыні райвыканкамаў. Што гэта за людзі, расказваем у гэтым матэрыяле.

Былы старшыня калгаса імя Суворава

Івану Маркевічу 52 гады, ён родам з вёскі Мякішы Шчучынскага раёна. Па адукацыі ён аграном, скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы ўніверсітэт. Пасля лёс панасіў Івана Станіслававіча па розных калгасах краіны: папрацаваў і ў Гродзенскім раёне, і ў Шумілінскім, і ў Валожынскім. У апошнім узначальваў калгас імя Суворава.

Адметна, што Маркевіч вучыўся не ў беларускай Акадэміі кіравання, а ў расійскай. Быў намеснікам старшыні Валожынскага райвыканкама па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Адтуль яго забралі кіраўніком справаў Мінскага аблвыканкама.

У 2016 годзе Іван Маркевіч вылучаўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Маладзечанскай сельскай акрузе. Супернікам у яго быў пенсіянер з АГП Уладзімір Смаляк. Ярмошына абвесціла ўпэўненую перамогу Маркевіча.

У сваёй дэкларацыі Маркевіч тады указаў крэдыт на суму 150 мільёнаў рублёў (па курсе 2015 года гэта складала 8 тысяч даляраў). Калі адняць крэдыт, то сярэдні даход Маркевіча складаў каля 22 мільёнаў на месяц, гэта каля 1100 даляраў. У яго валоданні ёсць вялікая кватэра ў Мінску (100 кв.м.), а таксама дом у Валожыне (198 кв.м.). Яшчэ вылучэнец меў матацыкл «Ява».

Як дэпутат Іван Маркевіч нічым асаблівым не адзначыўся. Быў намеснікам старшыні камісіі па заканадаўстве. «Хто хоча знайсці работу, той абавязкова яе знойдзе», — казаў ён.

Пасля новага прызначэння Маркевіч перастане атрымліваць заробак дэпутата, але давыбары праводзіцца не будуць. Выглядае, што пасада намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама — на гэты момант найвышэйшы пункт у кар’еры чыноўніка.

Новы намеснік Анфімава

Фота sb.by.

Васіль Герасімаў стаў намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю. Герасімаву 42 гады, а родам ён з Мінска. Раней ён працаваў памочнікам прэзідэнта па Брэсцкай вобласці.

Герасімаў скончыў юрыдычны факультэт БДУ, а па яго сканчэнні трапіў на працу ў Вышэйшы гаспадарчы суд (ужо ліквідаваны). Ад 2003 дзесяць гадоў займаў пасаду начальніка галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення КДК. Адтуль яго прызначылі кіраўніком КДК Гродзенскай вобласці.

У Брэсце Герасімаў сустракаўся з праціўнікамі будаўніцтва ў горадзе акумулятарнага завода, абяцаў перадаць тыя звесткі ў Адміністрацыю прэзідэнта. Падчас леташніх пратэстаў супраць «Дэкрэта аб дармаедах» Герасімаў выказваўся наступным чынам: «Не трэба ўспрымаць збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў як пакаранне. Гэта абавязак грамадзяніна — плаціць падаткі. Справа не ў тым, каб спагнаць. Гэта зроблена для таго, каб падштурхнуць грамадзян працаваць».

Папрацаваў у пасольстве Расіі ў Германіі

Фота inc.by.

Марына Даўгаполава больш не будзе паслом Беларусі ў Латвіі. Яе на гэтай пасадзе зменіць Васіль Марковіч.

Удакладненне: у першай версіі артыкула сцвярджалася, што на гэты момант ніводнае беларускае пасольства ў свеце не ўзначальваюць жанчыны. На самай справе паслом Беларусі ў Аўстрыі з'яўляецца Алена Купчына.

Новаму паслу ў Латвіі Васілю Марковічу 62 гады, ён родам з Кажан-Гарадка Брэсцкай вобласці. «Жанчыны пралі, вязалі, а мужыкі даставалі тытунь, складалі ў «папушы» і дробна рэзалі. З вялікай печкі, якая вуглом выходзіла ў пакой, мы, дзятва, захоплена назіралі за тым, як дарослыя рабілі самакруткі, зацягваліся і абавязкова казалі нешта тыпу: «Ох і моцны цюцюн у цябе, Лявонцьевіч, хоць бадыллё дадаваў», — расказваў дыпламат.

Вучыўся на юрфаку БДУ, пасля ўладкаваўся ў Гандлёва-прамысловую палату БССР. Пачынаў працаваць на дыпламатычнай ніве яшчэ за СССР, быў трэцім сакратаром пасольства СССР (а пасля і Расіі) у Германіі. Справа ў тым, што тады яшчэ не існавала пасольства Беларусі ў Германіі. Калі такое з’явілася, то і там Марковіч займаў пасаду трэцяга сакратара.

Тагачасны пасол Беларусі ў Германіі, сябра БНФ Пятро Садоўскі згадвае: «Годны чалавек, самыя найлепшыя мае рэкамендацыі. Гэта чалавек слова. Выдатна ведае нямецкую мову. Вельмі ўсцешаны такім прызначэннем. Беларускую мову ён таксама добра ведае, мы ж тады ўсю дакументацыю вялі па-беларуску», — кажа спадар Садоўскі.

Ад 1998 года Марковіч быў генеральным консулам Беларусі ў Дзвінску (Даўгаўпілсе). Так што латвійскі накірунак яму вядомы. Пры ім у горадзе быў адкрыты Цэнтр беларускай культуры. «Ведаеце, калі знаходзішся за мяжою, дык свая нацыянальнасць робіцца бліжэй, ты адчуваеш гэта вастрэй, чым тут, у Беларусі», — казаў тады Марковіч.

Апошняй дыпламатычнай працай Васіля Марковіча была пасада пасла ў Чэхіі. Адметна, што ў гэты час таваразварот між нашымі краінамі дасягнуў найбольшага ўздыму. Марковіч прадстаўляў Беларусь на пахаванні былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавэла.

Жонка ў Марковіча з Падмаскоўя. Пазнаёміліся ў лагеры на Азоўскім моры, дзе былі важатымі. Кажа, што гэта было каханнем з першага позірку. Цяпер яны жывуць у Лагойскім раёне ў вёсцы Маркоўшчына, пабудавалі там дом.

Еўразійскага інтэгратара адправілі ў Хельсінкі

Фота euroradio.fm.

Аляксей Самасуеў стаў новым паслом Беларусі ў Фінляндыі. Да гэтага ён быў начальнікам упраўлення еўразійскай інтэграцыі пры МЗС.

Адметна, што Самасуеў нярэдка суправаджаў Аляксандра Лукашэнку ў паездках у Расію. Напрыклад, ён быў у Сочы падчас майскага візіта туды кіраўніка дзяржавы. Ездзіў назіраць за выбарамі ў Азербайджан. А да гэтага працаваў у пасольстве Беларусі ў Бельгіі.

Звернем увагу, што менавіта Самасуеў знаёміў замежных дыпламатаў з новымі правіламі ўезду ў Беларусь пасля таго, як быў прыняты бязвізавы рэжым для грамадзян еўрапейскіх краін і ЗША.

Адметна, што Аляксей Самасуеў жанаты з галоўнай бухгалтаркай МЗС Вікторыяй Сысоевай. У сацыяльных сетках ён падпісаны на пасольствы Беларусі ў Швейцарыі і Паўднёвай Афрыцы, а таксама на англамоўныя навіны.

Калі быў старшынёй раёна, жыў у вёсцы, а не ў горадзе

Валерый Рабкавец 12 гадоў узначальваў Пінскі райвыканкам. За адданую службу яго паставілі намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама. Родам ён з вялікай палескай вёскі Чухава Пінскага раёна. Калі Валерыю было пятнаццаць гадоў, то памёр бацька. Маці адна паставіла на ногі шасцярых дзяцей.

Скончыў Рабкавец сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «эканаміст». Працаваў у родным калгасе «Прагрэс». Да прызначэння ў Пінскі райвыканкам узначальваў мясцовую райсельгасхімію.

Цікавы факт, што пасля прызначэння ён не пераехаў жыць у Пінск, а катаўся на працу з мястэчка Лагішын, дзе меў дом. Там жа медрэгістратарам у бальніцы працавала ягоная жонка. У пары дзве дачкі.

«Нам ёсць што паказаць, ёсць чым здзівіць прыезджых. Раён мае выдатныя перспектывы для развіцця экалагічнага, сельскага, воднага і іншых відаў турызму. Для перасоўвання па маршрутах можна выбраць любы транспарт — лодку, катар, аўтобус, ровар і нават воз», — казаў Рабкавец.

Цяпер Валерый Рабкавец будзе намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031