Знайсці
18.09.2018 / 10:4233РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Інтэрв'ю Пятрова і Башырава — самы ўдалы прадукт для фестывалю ў Канах

20-хвіліннае мак’юментары, стылізаванае пад інтэрв’ю канала RussiaToday з двума «нармальнымі» мужыкамі, якіх Вялікабрытанія памылкова абвінаваціла ў атручэнні Скрыпалёў, з’яўляецца самым удалым фестывальным прадуктам, вырабленым у Расіі з моманту ельцынскага дэбюту ў вялікім кінематографе з роллю «Я стаміўся, я сыходжу» (1999 г.). «Інтэрв’ю», знятае па ўсіх законах еўрапейскага сур’ёзнага кіно, быццам спецыяльна скіраванае на тое, каб уразіць вока стомленага адпачынкам у Канах ды Венецыі гледача.

Я расчулены.

Я выціраю слёзы.

1. Простая гісторыя па-складанаму

Амерыканскае кіно — гэта збольшага складаныя гісторыі, якія выкладаюцца як найпрасцей. Еўрапейскае (фестывальнае) кіно — простыя як качарга гісторыі, што распавядаюцца дужа пакручастым чынам.

Вось тут, з аднаго боку, проста: маем спробу атручвання. Маем двух чэлаў, якія яе здзейснілі ці не здзейснілі. Галівуд зрабіў бы нешта зразумелае. У стылістыцы «Зялёнай мілі». Бязвінна абвінавачаны рускі плача і чакае выдачы Інтэрполу. Ён енчыць пра загублены шэнген і знявечаную мару пабачыць статую Свабоды. Ён баіцца за сябе і за сваю кошку.

Але тут кантэксты ззяюць еўрапейскай амбівалентнасцю. Спачатку парачку паказваюць на фотаздымках брытанцы. Потым — паўза. Потым «пацаноў» знаходзіць Пуцін (!). Пуцін кажа: нармальныя мужыкі. Пасля «нармальныя мужыкі» пачынаюць запэўніваць, што ездзілі глядзець «на шпілі», прычым два разы. Таму што першы раз ім, «нармальным мужыкам», замінала «жыжа». «Нармальныя мужыкі» вымушаныя адказваць на пытанне, ці спалі яны ў адным ложку разам.

Уладзімір Уладзіміравіч, ну як так? Не шкадуеце вы нашага мозгу!

І гэта толькі частка кантэкстаў. Бо ёсць яшчэ нюансы. Інтэрв’ю бярэ не Кісялёў, які не адхіляўся б ад зададзенай рэжысёрам (пра яго — пазней) лініі. Інтэрв’ю бярэ Маргарыта Сіманьян, і бярэ яго для чагось вельмі прафесійна. То бок яе роля — задаць пытанні, вызначаныя пастаноўшчыкамі, а яна ператварае ўсё ў КВЗ. Сумняваецца. Хмурыць бровы проста ў кадры. А потым яшчэ і выкладае вось гэты ералаш як ёсць, без апрацоўкі. І вось ты не ведаеш, што і думаць.

Вось ты калумніст «Газеты.ру» ці відэаблогер «Ленты». І ты бачыш просты здзек з афіцыйнай пазіцыі рускага МЗС. І ты пачынаеш смяяцца — з «атрутнікаў», з Сіманьян, нават з рэжысёраў.

Так узнікае фестывальны эфект.

2. Кіно «без рэжысёра»

Запавет постструктуралістаў нарэшце выкананы. З’явілася масавая, прагледжаная мільёнамі і перакладзеная на ўсе сусветныя мовы стужка, на месцы рэжысёра якой — пустое месца. То бок часам «галоўнай спружынай» гэтай стужкі тужыцца заявіць сама сябе Сіманьян. Яна падпускае іроніі і наогул, як сказана вышэй, паводзіцца з выклікам. Але прыкладна ў той момант, калі яна просіць у «нармальных мужыкоў» паказаць фотаздымкі з «Салсберыйскага сабора» і тыя не паказваюць, а сюжэт рушыць далей — узнікае адчуванне наяўнасці нябачнай «моцнай рукі» за гэтым вадэвілем.

А як не прыгадаць той па-хічкокаўску страшны момант, калі, пасля некалькіх удакладненняў пра вопратку (ці збераглася яна ў гардэробе «нармальных мужыкоў» па вяртанні ў Расію?), у кадры раптам без усялякіх каментароў узнікае буйна ўзятая чорная пуховая куртка з зашпіленым зіперам, пры тым, што ні твар уладальніка курткі, ні прычына, ў якой «нармальны мужык» прыйшоў у студыю ў пухавіку на пачатку верасня ніяк не, кхм, эксплікуюцца.

То рэжысёр у кіна ёсць, ім, відавочна, з’яўляюцца службы, блізкія да абслугоўвання знешнепалітычных інтарэсаў і бяспекі Расійскай Федэрацыі. Але рэжысёр старанна хавае сябе, ажно да поўнага знікнення. Ніколі яшчэ рэжысёрская роля не палягала ў аўтаанігіляцыі. Які артхаўс!

3. Прамоцыя з удзелам Пуціна

Як гэта часцяком здараецца з «сур’ёзнымі» кінамі (згадайма, напрыклад, Citizenfour Лоры Пойтрас), да раскруткі кінца была прыцягнутая першая асоба ядзернай дзяржавы. А вы кажаце, Дар’я Жук.

4. Правы меншасцяў

Крытычны прагляд карціны «Інтэрв’ю RT» не пакідае аніводнага сумневу ў тым, што яго глыбінная, прадонная драма — гэта расповед пра тое, як цяжка быць геем у Расіі.

Калі толькі бесцырымонная Маргарыта Сіманьян у першы раз задае пытанне пра тое, чаму гэтыя двое цягаліся па Лондане без жанчын, мы пачынаем адчуваць нарастанне напружання. Ну давайце, мужыкі, скажыце, дзе вашы «малыя»! Ну? Шопіліся? Манікюрам займаліся? Але мужыкі маўчаць. Пацеюць. Паведамляюць, што самі звязаныя з фітнес-індустрыяй (ага, добра, што не з шоў-бізнесам!) Пасля, яшчэ больш крэхчучы, прызнаюцца, што сапраўды шмат разоў ездзілі ў Швейцарыю, Францыю (о, Парыж, горад кахання!) — і ўсё ўдвух. Яны глядзелі на «гару Манбланк». Таксама ўдвух. Бо ў Расіі — нельга. У Расіі могуць запаліць. І вось яна, па-еўрапейску амбівалентная драма: зрабіце камін-аўт, і з вас будуць знятыя ўсе брытанскія абвінавачванні. Але яны не могуць. Бо навокал — чачэны.

5.

У гэтага кіна, як і ў гісторыі Скрыпалёў, цэлы хмарачос розных узроўняў. Адна з інтэрпрэтацый — тое, што мы маем справу з няўдала зробленым інтэрв’ю з няўдалымі забойцамі брытанскага грамадзяніна. І вось ёсць «амаль забойцы», праз якіх Расія вось-вось падпадзе пад неймаверныя міжнародныя санкцыі. І нават тут артхаўсны аспект проста зашкальвае.

Бо глядзіце: гэтыя дурні, абодва, мусяць іграць «простых мужыкоў», але не могуць. І гэта абсурд. Бо ўсё жыццё іх вучылі пазбягаць трапляння ў кадр, а не натуральным паводзінам у кадры.

Яны мусілі выконваць заданне і злівацца. Замест гэтага яны не выканалі заданне і зрабіліся самымі вядомымі расіянамі верасня.

І гэта таксама абсурд. Як тут не прыгадаць раман «Pale Fire» Набокава? Тэкст, у якім беглы рускі ў каментары да паэмы свайго амерыканскага калегі малюе гісторыю сваіх уцёкаў з айчыны і партрэт няўдалага наёмнага забойцы, Градуса? Чытаючы Набокава, думаеш: якая бздура гэты вобраз небаракі-асасіна. Бо звычайна наёмны забойца — сінонім прафесіяналізму. Тут мы бачым двух блазнаў, якіх падазраюць у спробе выкарыстання хімічнай зброі. Яны спрабуюць выклікаць наш смех, і гэта страшна. Кажу ж, артхаўс.

Галоўная выснова пасля прэм’еры рускага кіна «Інтэрв’ю RT»: пасля такога магчыма ўжо абсалютна ўсё. Гэта абрушэнне ўсіх межаў сэнсу, логікі, разумення і нават разумення разумення. Калі можна зняць вось такое відэа, прагледзець яго папярэдне і палічыць «нармальным», прыдатным для публікацыі, значыць, свет сёння гатовы да чаго заўгодна. Можна абвяшчаць Трампа рэптылоідам, Пуціна — Вялікім Сфінксам, Навальнага — апарышам, усіх беларусаў — носьбітамі гена Сцяпана Бандэры. І быць абсалютна ўпэўненым у тым, што свет гэтаму паверыць.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031