Знайсці
17.09.2018 / 17:1912РусŁacБел

«Зялён явар, дуброва»: музыка Полаччыны ад палачан

Полацкі фальклорны гурт «Варган» прэзентуе дэбютны альбом з музыкай роднай зямлі. У альбом увайшлі песні і інструментальныя кампазіцыі, якія некалі гучалі на тэрыторыі Полаччыны на працягу гадавога каляндарнага кола. Кружэлка прызначана для аматараў этнічнай музыкі і беларускага фальклору.

«Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» — першы студыйны альбом фальклорнага гурту «Варган». Ён змяшчае 18 трэкаў, сярод якіх песні, танцы і нават «цярэшкі». У якасці бонуса — запіс купальскай песні ад аўтэнтычнай спявачкі Алімпіяды Міхайлаўны Шчарбаковай з вёскі Шастова Полацкага раёна.

 

У выкананні «варганцаў» можна пачуць абрадавыя песні, прымеркаваныя да знакавых гадавых святаў, а таксама лірычныя — жаночыя ды мужчынскія. Раней песня ішла з чалавекам праз усё жыццё. Песняй сустракалі пры нараджэнні, песня дапамагала ў цяжкай працы і ў нялёгкіх жыццёвых абставінах. На кожным свяце гучалі асобныя песні, унікальныя ў кожным рэгіёне і нават вёсцы. Спявалі ў хаце, ў полі, ў дарозе.

Вясковы свет не быў глухім і шэрым кутком, як і людзі не былі сумнымі і заморанымі рабацягамі. Бо не працай адзінай жыў чалавек. Нашыя продкі ўмелі і любілі весяліцца. Як доказ — інструментальная частка альбома, што пераносіць слухача на сапраўдную вясковую вечарыну з танцамі. гармонік ды скрыпка, цымбалы ды бубен, дуда ды колавая ліра і, вядома ж, варган. Так, сапраўды, на дыску можна пачуць гукі гэтага старажытнага інструмента. І гэта не нейкія фантастычныя разважанні на тэму. Мала хто ведае, але ў Полацку гралі на варганах з ранняга сярэднявечча. Гэта пацвярджаюць археалагічныя знаходкі. Ды і назву гурт абраў сабе не выпадкова. Варган для спевакоў сімвалізуе своеасаблівы «партал», які дазваляе вандраваць у прасторы і часе і паглыбляцца ў гукавую стыхію мінулых стагоддзяў. 

У стварэнні інструментальнай часткі альбома бралі ўдзел запрошаныя музыкі — вядомы майстар, музыка і мастак Алесь Лось (дуда, колавая ліра), а таксама Алеся Сівохіна (цымбалы).

«Наша мэта — стварыць жывы музычны вобраз Полаччыны, прапусціўшы аўтэнтычны матэрыял праз сваё сэрца, прадэманстраваць тую палітру гукаў і эмоцый, якія несла ў сабе гэтая музыка» — кажуць удзельнікі гурту. Спрабуючы дакрануцца да ўнікальнай музычнай традыцыі Полаччыны, удзельнікі гурту «Варган» імкнуцца максімальна наблізіцца да аўтэнтычнай манеры выканання і перадаць яе жывую энергетыку.

Гучанне альбома стварае атмасферу, набліжаную да палявога запісу ў час свята, вечарынкі, ігрышча. Частка кампазіцый запісвалася ў Полацку (запіс, звядзенне — Алесь Лось), частка — у Мінску (запіс, звядзенне, мастэрынг — Арцём Петрашкевіч і Валерый Бяляеў).

Дызайн вокладкі стварыла Святлана Клепікава.

Прэзентацыі альбома «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» адбудуцца ў Полацку 6 кастрычніка і ў Мінску 14 кастрычніка.

Альбом выйшаў у межах праекта «Традыцыя», у якой раней пабачыў свет дыск «Мужчынская традыцыя спеву» і «Вясельныя песні і найгрышы вёскі Лявонпаль і яе наваколляў»

Паслухаць альбом можна тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930