Знайсці
17.09.2018 / 12:4624РусŁacБел

«Беларускамоўнага азербайджанца» выкідваюць з краіны, бо ён не хоча працаваць на сілавікоў? Разбіраемся

Палітык Павел Севярынец пасля чарговых сутак, на якія ён трапіў за акцыі ў Курапатах, падзяліўся з грамадскасцю незвычайнай навіной. Маўляў, беларускамоўнага фермера родам з Азербайджана 5 месяцаў трымаюць пад вартай, бо ён адмаўляецца ад супрацы з органамі.

«Наша Ніва» пацікавілася гэтай гісторыяй.

І вось што атрымалася. Сеймур Мамедгусейнаў сапраўды знаходзіцца ў ІЧУ з красавіка. Але прычыны, па якіх ён туды трапіў, у кожнага боку гэтай гісторыі розныя.

Хто такі Мамедгусейнаў

Сеймуру Мамедгусейнаву 50 гадоў, ён нарадзіўся ў тады яшчэ Азербайджанскай ССР у горадзе Алі-Байрамлы.

Сеймур (справа) са старэйшым сынам Рафаэлем

У 1989 годзе ён пераехаў у Беларусь. Асеў у Лідзе. Там ажаніўся з беларускай, у 1991 годзе ў іх нарадзіўся сын Рафаэль. Але неўзабаве пара развялася.

У 1996 годзе Мамедгусейнаў атрымаў беларускае грамадзянства.

Ад пачатку 2000-х ён жыў у Мінскім раёне. Усё было афіцыйна, Сеймур меў прапіску. Працаваў таваразнаўцам. Жыў разам з беларускай Алесяй. Шлюб яны не афармлялі, але завялі дзіця (ізноў сын, назвалі Ахмедам).

Але ў 2006 годзе ў Мамедгусейнава забралі пашпарт. Патлумачылі гэта тым, што Сеймур мае грамадзянства Азербайджана (але ж азербайджанскага пашпарта ён не меў). Мамедгусейнаву аформілі права на жыхарства ў Беларусі. Яго працягвалі некалькі гадоў, але ў 2010 Сеймуру прапанавалі звярнуцца ў пасольства Азербайджана і атрымаць там пашпарт. Права на жыхарства ў Беларусі анулявалі. Рэгістрацыю ў Мінскім раёне таксама. У пасольстве ж адказалі, што Сеймур грамадзянінам Азербайджана не з’яўляецца. Пашпарт ён так і не атрымаў.

Пасля беларусы выдалі ўсё ж Сеймуру права на жыхарства. Цяпер — як асобе без грамадзянства.

Мамедгусейнаў займаўся фермерствам, вырошчваў і прадаваў бульбу, таксама быў адным з заснавальнікаў фірмы, якая скупляла бульбу ў беларускіх фермераў ды вяскоўцаў і прадавала яе ў Малдову і Сербію.

За працяглы час працы з вяскоўцамі Сеймур сапраўды трохі вывучыў беларускую. Але размаўляе і на ёй, і на рускай. Усё ж, шчыра кажучы, беларускамоўным яго назваць нельга.

Але ў 2016 годзе права на жыхарства яму анулявалі зноў. Пачалася перапіска з чыноўнікамі. Сеймур прасіў выдаць яму права на жыхарства ў Беларусі, бо тут ён мае сям’ю, а сваякоў у Азербайджане ў яго не засталося. Мамедгусейнаў спрабаваў атрымаць дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі, яму адмаўлялі. Так цягнулася больш за год.

У красавіку 2018 года ў Сеймура сканчвалася часовая рэгістрацыя. Ён пайшоў у аддзел па грамадзянстве і міграцыі УУС Мінскага раёна. Дадому Сеймур ужо не вярнуўся. Яго ўзялі пад варту і паведамілі, што прымусова вышлюць з краіны. Акрамя таго, уезд у Беларусь яму будзе забаронены на 10 гадоў.

Цяпер Мамедгусейнаў усё яшчэ пад вартай. Ніякага грамадзянства ён не мае. Таму вырашаецца пытанне, якая краіна пагадзіцца яго прыняць.

Крымінальнік ці ахвяра?

Але ж чаму раптам міліцыя зацікавілася бяскрыўдным фермерам?

Тут ва ўсіх свая праўда.

Міліцыя сцвярджае, што Мамедгусейнаў мае крымінальныя сувязі. Таму, маўляў, у яго і забралі права на жыхарства ў 2016 годзе. Гэта было зроблена, бо ГУБАЗіК паведаміў, што Сеймур мае знаёмствы ў крымінальных колах Расіі, Азербайджана і іншых краін. Акрамя таго, па версіі сілавікоў, Мамедгусейнаў прымае актыўны ўдзел у мясцовым крымінальным жыцці, вырашае пытанні, якія ўзнікаюць у азербайджанскай дыяспары. Таксама ён нібыта прымае ў сябе крымінальнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь, дапамагае ім фінансава.

Атрымаць дазвол на пражыванне ў Беларусі Сеймуру адмовілі з наступнай фармулёўкай: «Паводле інфармацыі, якая паступіла з Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, знаходжанне Сеймура Ахмедавіча Мамедгусейнава на тэрыторыі Беларусі можа негатыўна адбіцца на стане крымінагеннай абстаноўкі».

Жонка ж Сеймура, Алеся Кудравец, ўпэўненая, што ўсё не так. Маўляў, сілавікам нават не трэба, каб ён з’язджаў — яны проста ціснуць на Мамедгусейнава, каб атрымаць патрэбную інфармацыю.

«Сеймур даўно жыве ў Беларусі, але ён ніякі не крымінальнік. Ён нават з дыяспарай не падтрымліваў зносін, працаваў не з азербайджанцамі, а з беларусамі. Пра нейкі крымінал гэта прыдумала міліцыя, — запэўнівае Алеся Кудравец. — Ім нават не трэба, каб ён выехаў з краіны, таму яго і трымаюць столькі пад вартай. Гэта форма ціску на Сеймура. Сілавікі хочуць, каб ён даваў ім патрэбную інфармацыю на сваіх знаёмых.

Прыходзяць з канкрэтнымі прозвішчамі і хочуць, каб ён даваў інфармацыю пра іх. І гэта не столькі азербайджанцы, колькі беларусы. Хацелі [даведацца] штосьці пра яго знаёмых беларусаў, якія ў Расіі даўно жывуць. Гэтыя знаёмыя сядзелі ў турме калісьці, таму міліцыянты пішуць, што ў Сеймура нібыта сувязі з крымінальным светам. Але ж гэта не так. І сам ён ніколі не сядзеў у турме!»

Пакуль вырашаецца лёс Сеймура, сам ён сядзіць у ІЧУ Мінскага раёна. Насупраць ІЧУ — радзільня. Тут Алеся нарадзіла чарговага сына. Назвала ў гонар бацькі, таксама Сеймурам.

Нарадзіўся Сеймур-малодшы ў жніўні. У тым жа жніўні чарговую скаргу Сеймура-старэйшага суд пастанавіў адхіліць. Як толькі ГУБАЗіК вырашыць пытанне з краінай, якая згодная прыняць Мамедгусейнава, таго дэпартуюць з Беларусі.

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031