Знайсці
17.09.2018 / 11:3911РусŁacБел

Камунальнікі абяцаюць, што праз 7—10 год перастануць адключаць улетку гарачую ваду

Дырэктар УП «Мінсккамунцепласетка» Уладзімір Аляксандраў у гутарцы з карэспандэнтам агенцтва «Мінск-навіны» падзяліўся аптымістычным прагнозам аб завяршэнні эпапеі з адключэннем гарачай вады ў міжсезонне.

Уладзімір Аляксандраў

— Як абгрунтаваць той факт, што ўлетку традыцыйна на два тыдні адключаюць гарачую ваду?

— З гэтай нагоды часта ставяць у прыклад Заходнюю Еўропу і ЗША. Але там зусім іншая, так склалася гістарычна, сістэма цеплазабеспячэння, якая мае плюсы і мінусы. Так, для ацяплення выкарыстоўваюцца электраэнергія, газ. Ёсць і цэнтралізаваныя схемы, як наша, якія таксама спыняюць на прафілактыку і рамонт сетак.

Трубаправоды неабходна правяраць падвышаным ціскам, каб узімку не было пашкоджанняў і нават кароткачасовых адключэнняў у падачы цяпла. 20 гадоў таму нікога не здзіўляла відовішча, калі з-пад зямлі вырываўся слуп гарачай пары і замярзаў на дрэвах. Да людзей, якія ліквідуюць такую аварыю, ставіліся як да герояў. Калі падобнае здарэнне адбудзецца сёння, рэакцыя будзе кардынальна іншай.

Не прынята ўспамінаць і пра тое, што раней гарачую ваду адключалі на 30 дзён, цяпер — максімум на 14, але ў некаторых выпадках гэты перыяд доўжыцца менш. Па нашым прадпрыемстве сёлета ён складае ў сярэднім 12 сутак. Скарачэнне тэрміну адбываецца дзякуючы замене старых сетак на сучасныя папярэдне ізаляваныя (ПІ) трубаправоды. Такіх пераклалі ўжо 40% ад агульнай колькасці. ПІ-трубы могуць праслужыць 30 і больш гадоў і не маюць патрэбы ў выпрабаваннях: іх стан у рэжыме рэальнага часу адсочваецца на маніторы камп’ютара. Дарэчы, пры вытворчасці работ па замене сустракаюцца незадаволеныя ўжо не столькі тэрмінамі адключэння, колькі раскопкамі. Трэба разумець: давядзецца пацярпець, часова ахвяраваць камфортам, пакуль ПІ-трубы не будуць пракладзены ўсюды. Толькі тады мы зможам адмовіцца ад летніх адключэнняў гарачай вады наогул, акрамя хіба што асобных участкаў на дзень-два.

— Калі гэта адбудзецца?

— У Мінску, думаю, гадоў праз 7—10.

— А чаму сёння працягваюцца адключэнні ў дамах, да якіх ужо падведзены ПІ-трубы?

- Справа ў тым, што большасць з іх пракладзена асобнымі адрэзкамі, злучанымі са старымі сеткамі, а не суцэльна ад цеплакрыніц да спажыўца. Акрамя таго, ёсць дакумент, які абавязвае праводзіць апрасоўку сетак. Ён з'явіўся да выкарыстання ПІ-труб. З аднаго боку, яго немэтазгодна адмяняць да поўнай мадэрнізацыі трубаправодаў, але з другога — такія выпрабаванні не ідуць на карысць ПІ-труб. Па нашай гаспадарцы плануем гэтае пытанне вырашаць сумесна з арганізацыямі, якія гэта рэгламентуюць.

Варта, па-мойму, разгледзець і такі варыянт. Будуецца атамная станцыя, і пара ўжо думаць пра ўжыванне электранагрэву для атрымання гарачай вады нават на перыяд рамонту кацельных і ЦТП. Чаму ў Нямеччыне амаль няма адключэнняў? Працуюць газавыя і электракатлы. Мы ўжо рэалізуем праект па кацельні на вуліцы Прылуцкай па ўкараненні гібрыднай схемы нагрэву вады: для выпрацоўкі цяпла ў разрэзе сутак будуць выкарыстоўвацца і газ, і электраэнергія. Мяркую, калі-небудзь такія схемы будуць выкарыстоўвацца больш шырока.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031