Знайсці
14.09.2018 / 09:4715РусŁacБел

Зміцер Хведарук: Я зразумеў, што змяніць жыццё ў Беларусі на раз-два не атрымаецца

Футбаліст-аматар, палітжаўнер і палітвязень, вернік пратэстанцкай царквы — кароткі зьмест багатай на падзеі біяграфіі былога маладафронтаўца Зьмітра Хведарука. Пра зьбіцьцё сілавікамі і сустрэчу з прэзыдэнтам ЗША, пра палітыку і палітыкаў, а таксама пра сёньняшнюю працу ў прыватнай школе — працяг праекту Свабоды «Забытыя. Размовы з героямі ўчорашніх дзён».

Гульня ў складзе футбольных клюбаў «Дарыда» і «Трактар» — улюбёныя заняткі Зьмітра Хведарука ў юнацтве. Сьпеў у царкоўным хоры і выкладаньне ў нядзельнай школе ў царкве «Ян Прадвесьнік» — духоўная патрэба ў больш сталым веку.

16-гадовы мянчук зь сям’і гарадзкой інтэлігенцыі Зьміцер Хведарук далучыўся да «Маладога фронту» ў 2005 годзе: «З таго часу размаўляю па-беларуску. А дагэтуль, прызнацца, думаў так: беларускамоўныя — гэта людзі вясковыя і малаадукаваныя. Ня раз пакаяўся за гэта».

Узначаліў менскую арганізацыю «МФ». Ня раз адбываў зьняволеньні і атрымліваў штрафы за ўдзел у акцыях пратэсту і «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі».

Сустракаўся з колішнім Дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс і прэзыдэнтам Джорджам Бушам у складзе дэлегацыі беларускай апазыцыі ў 2007 годзе. «Мне было 19 гадоў, і дзяржслужбы ЗША нават сумняваліся, ці пускаць мяне на тэрыторыю краіны для сустрэч на вышэйшым узроўні. Але Джордж Буш менавіта са мной распачаў гаворку, якая аказалася плённай для ўсёй беларускай дэлегацыі», — прыгадвае сёньня Зьміцер Хведарук.

Пасьля моцнага зьбіцьця сілавікамі падчас акцыі пратэсту супраць прыезду Пуціна ў Менск у 2008 годзе Хведарук трапіў у шпіталь.

У 2009-м яго, студэнта Тэалягічнага каледжу, гвалтам забралі служыць у войска. «У кайданках даставілі ў вайсковую частку пад канвоем аўтаматчыкаў».

За ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў на плошчы Незалежнасьці ў 2010 годзе адбыў 10 сутак арышту. «Я тады захварэў на вятранку, і мяне выкарыстоўвалі як «бактэрыялягічную зброю» — штодня пераводзілі ў чарговую камэру», — сьмяецца Зьміцер.

Ад палітычнай дзейнасьці адышоў у 2008 годзе. Працуе настаўнікам у прыватнай пачатковай школе.

«Мама ладзіла дома «беларускамоўныя дні»

— Зьміцер, як такое магло здарыцца: сталічны інтэлігент, і раптам — апазыцыя, пратэсты, рэпрэсіі?

— Усё пачалося з рэфэрэндуму 2004 году — тады мы з аднаклясьнікамі пайшлі на мітынг на Кастрычніцкую плошчу. Я навучаўся тады ў гімназіі, дзе нашай кляснай кіраўніцай была Эльвіра Невяроўская — мама журналіста Радыё Свабода Альгерда Невяроўскага, як я даведаўся пазьней. Гэта была выключна цудоўная настаўніца, проста ідэал, якая прышчапляла нам любоў да ўсяго роднага. За гэта яе неўзабаве і звольнілі. Мы — малыя тады — не маглі зразумець: чаму нашая настаўніца, якую любілі і дзеці, і бацькі, пакідае гімназію?

Мы былі такія ўзьнёслыя рамантычныя юнакі, якія пайшлі выказаць нязгоду. А трапілі ў такі «замес», якога нават не ўяўлялі: людзі ў камуфляжы і касках з дручкамі ганяліся за іншымі людзьмі і жорстка зьбівалі. Ледзь уцяклі, трапілі ў групу моладзі каля Купалаўскага тэатру. Нас пачаставалі сасіскамі і далі нумар тэлефона, які аказаўся нумарам Зьмітра Дашкевіча. З гэтага ўсё і пачалося.

— Беларуская мова сталася роднай таксама пад уплывам маладафронтаўцаў?

— Ня толькі. Мама наладжвала дома «беларускамоўныя дні», а я прачытаў «Дзікае паляваньне караля Стаха» па-расейску. Мяне гэтая аповесьць гэтак уразіла, што я тады падумаў: калі па-расейску гэтак цікава і прыгожа, то як жа тады гэтая гісторыя гучыць па-беларуску? І так паволі стаў чытаць і размаўляць сам.

Асаблівых праблем не было, калі не лічыць, што ў школе дзёньнік, да прыкладу, не дазвалялі запаўняць па-беларуску. Таксама я тады гуляў у футбол, і даводзілася чуць на свой адрас і «калгасьнік», і іншыя кпіны — ледзь да боек не даходзіла.

«Казаў Дашкевічу: ты ж нармальны, адукаваны хлопец — «ну ня нада вот этага вот»»

— А што асабліва ўразіла ці запомнілася з тых часоў?

— Напэўна, мая адседка ў турме КДБ, калі на мяне заводзілі крымінальную справу. Я тады толькі прыйшоў да Бога, але мая вера была настолькі моцная, што я нічога не баяўся і мне было радасна: я там трымаў галадоўку, сьпяваў і адціскаўся на руках. У камэры было халодна, а на мне толькі лёгкі пінжачок. Думкі пра Бога мяне так моцна сагравалі і суцяшалі, што з таго часу засталіся прыемныя ўзгадкі, як ні дзіўна.

— Але і вернікам вы таксама былі не зь дзяцінства?

— Да вернікаў раней я ставіўся прыкладна гэтаксама, як і да беларускамоўных: вясковыя і малаадукаваныя цемрашалы са «злымі тварамі». А вось у бок веры павярнуцца паспрыяў якраз Зьміцер Дашкевіч, які на сходах пачаў пра рэлігію «задзьвігаць». Я яго вельмі паважаў, але маліцца, нешта слухаць… Я нават ня вытрымаў аднойчы і сказаў яму: слухай, хопіць — ты ж нармальны, адукаваны хлопец — «ну ня нада вот этага вот».

А пасьля трапіў на гістарычны клюб у царкве, дзе пабачыў, што хрысьціяне таксама адукаваныя людзі, якія ўмеюць думаць, і гэта было як палёт у космас. Нейкі час я нават задэпрэсаваў, бо зразумеў, што я не такі ўжо і герой і змагар бяз страху і заганы, але яшчэ і сапраўдны грэшнік. Але прымірыўся з Богам і нават пайшоў вучыцца ў Тэалягічны каледж пры нашай пратэстанцкай царкве.

«У войска трапіў у кайданках пад канвоем аўтаматчыкаў»

— Адкуль вас гвалтам забралі ў войска?

— Так, тады забралі Франака Вячорку, Івана Шылу, а я думаў, што гэта не пра мяне: я быў студэнтам і меў даведку ад каледжа на адтэрміноўку. Але літаральна назаўтра да мяне ў кватэру ўламаліся невядомыя людзі, ад якіх я забарыкадаваўся ў пакоі. Прыйшлі бацькі, тыя людзі сышлі, але зьявіліся два палкоўнікі, якія запатрабавалі, каб я ўвечары прыйшоў у ваенкамат. Бацькі ўгаварылі, і я пайшоў, а там — кайданкі на рукі і на Акрэсьціна.

З сабой быў толькі Новы Запавет па-беларуску. Так і трапіў у войска — у кайданках пад канвоем аўтаматчыкаў. Мне гэта вельмі дапамагло — пра «дзедаўшчыну» і гаворкі не было. А жаўнер, які меў ложак на другім ярусе нада мной, пазьней прызнаўся, што некалькі начэй баяўся спаць. Так адслужыў паўтара года.

— Але ў выніку ўсяго вы трапілі на сустрэчу з прэзыдэнтам ЗША?

— Сапраўды, такое раз у жыцьці здараецца, а калі табе яшчэ і 19 гадоў, то гэта, натуральна, падзея надзвычайная. Гэта была дэлегацыя апазыцыйных палітыкаў, у складзе якой мы мелі шмат сустрэч на вышэйшым узроўні, у тым ліку з тагачасным дзяржсакратаром Кандалізай Райс.

А пасьля нам раптам паведамляюць, што прэзыдэнт Джордж Буш таксама запрашае нас на сустрэчу, якая не плянавалася. Яна мелася доўжыцца 15 хвілін, і кожны з нас меў толькі па 45 сэкундаў, каб сказаць штосьці самае важнае. Мы ноч рыхтаваліся, складалі важныя прамовы, але Джордж Буш ад першай хвіліны паламаў усе нашы сцэнары: пабачыў у мяне на руцэ пасачак з надпісам «Бог любіць мяне» і запытаўся, што гэта. Я адказаў, і — гаворка пайшла! Гэтак натуральна, гэтак даверліва і проста, што мы сказалі ўсё, што хацелі, і нашмат больш за тое.

У выніку гэтая сустрэча доўжылася не 15 хвілін, як плянавалася, а 45. Супрацоўнікі прэзыдэнцкай службы нам пасьля казалі, што гэткіх выключэньняў не было нават для міністраў эўрапейскіх краін, а гэта быў надзвычайны выпадак.

«Я ня мог сабе дазволіць займацца «перацягваньнем каната»»

— Чаму пасьля такога адметнага ўдзелу ў грамадзка-палітычных падзеях адышлі ад палітычнай актыўнасьці?

— Гэта адбылося ў 2008 годзе, калі з турмаў выйшлі шмат палітвязьняў, у тым ліку Зьміцер Дашкевіч. І ў нас са Зьмітром крыху разышліся погляды на дзейнасьць арганізацыі. Я шмат разважаў, што рабіць: сварыцца, як часта бывае ў розных арганізацыях, калі людзі выліваюць адзін на другога нейкі бруд, альбо сысьці.

Я паразважаў і прыняў такое няпростае рашэньне, што мушу заняцца нечым іншым. Бо Зьмітра я вельмі паважаў, паважаю і люблю, і займацца «перацягваньнем каната» ў арганізацыі, якая і так перажывае жорсткі ціск і перасьлед, я, натуральна, ня мог сабе дазволіць. Бо гэта не прынесла б карысьці ні мне, ні Зьмітру, ні справе.

— Ці не шкадуеце аб гэтым рашэньні, ці не шкадуеце аб той ранейшай дзейнасьці, аб тым, што зазнавалі ціск і перасьлед, духоўны і фізычны?

— Шкадаваньня — не было. Але былі расчараваньні, малыя і вялікія. Асабліва калі здавалася, што Мілінкевіч сапраўды пераможа на выбарах 2006 году. Я лічыў і лічу, што гэта сапраўды самы круты кандыдат, які толькі мог быць. І пасьля было вельмі прыкра бачыць, што калі чаканьні ў людзей ня спраўдзіліся, то чалавека пачалі цкаваць і прыніжаць.

Тыя падзеі паказалі, што зьмяніць жыцьцё на раз-два не атрымаецца, што за гэтыя зьмены трэба плаціць вельмі вялікую цану і сур'ёзна ахвяраваць.

Агулам, грамадзкая дзейнасьць у нашай краіне мае вялікія праблемы, бо людзкая сьвядомасьць не падрыхтаваная. Ніхто ня хоча браць на сябе ніякай адказнасьці. І гэта праблема, якую ня хочуць вырашаць ні палітычныя, ні грамадзкія арганізацыі.

На сёньня людзі нават у самых простых, побытавых пытаньнях ня могуць разабрацца. Што казаць пра больш складаныя ідэі — яны папросту для бальшыні недасяжныя.

Мне падаецца, што гэта адна з прычынаў, чаму ў нас і палітычнае жыцьцё такое бязладнае. І пакуль гэты клубок не разьвяжацца, то мы ня зможам разабрацца з больш складанымі і сыстэмнымі праблемамі. Гэта як з вучобай: калі не засвоіў праграму пачатковай школы, то да вышэйшай ніколі не дабярэсься.

«З жонкай пазнаёміўся ў мэтро, калі яна прадавала шкарпэткі»

— А жонка таксама верніца вашай царквы?

— Так, яна таксама веруючы чалавек. Але з Аняй я пазнаёміўся — не паверыце — у мэтро, калі яна прадавала мне шкарпэткі. Яна вучылася ў Літве ў хрысьціянскім каледжы на бізнэс-адміністраваньні. І мела ў дыплёмнай працы такі праект для Беларусі — крама спажывецкіх тавараў. Гэта была рэалізацыя шкарпэтак — цёплыя, крутыя такія шкарпэткі. А я вырашыў зрабіць такі «цёплы» падарунак на Каляды свайму сябру.

Я сьпісаўся ў інтэрнэце, і вось у такі прыгожы калядны рамантычны вечар, 24 сьнежня, падаў сьнег, мы спаткаліся, і я набыў гэтыя шкарпэткі. Пасьля гэтага мы год ня бачыліся, а затым спаткаліся на праводзінах майго сябра ў войска. І я раптам пабачыў, якая гэта цікавая дзяўчына, як сьмела выказваецца. Ну, і пасьля спатыкаліся яшчэ на вясельлі нашых сяброў, дзе былі дружкамі, я маліўся за гэтую справу.

Неўзабаве мы прызналіся адзін аднаму ў каханьні. Вясельле адбылося на сядзібе нашых сяброў, вянчаліся на адкрытым паветры — усё прайшло весела і лёгка.

— Чым вы займаецеся ў жыцьці цяпер, які ваш хлеб?

— Я шмат дзе працаваў: ставіў жалюзі на вокны, працаваў у газэце «Наша Ніва», на «Радыё Рацыя». А цяпер — настаўнік пачатковых клясаў у прыватнай школе. Я марыў пра падобную працу зь юнацтва, калі пачаў размаўляць па-беларуску. Праводзіў такую аналёгію зь Якубам Коласам, які таксама быў настаўнікам. Таму пачуваю сябе на сваім месцы.

Але гэтак было не адразу. Гэта не беларускамоўная школа, і напачатку было складана — я бачыў, што дзеці мяне не разумеюць. І мне прыйшлося год працаваць і зь дзецьмі, і з бацькамі, каб давесьці значнасьць і вартасьць беларускай мовы. І пакрысе дзеці сталі мне казаць: я разумею мову Зьмітра — у іх уяўленьні ўсе Зьмітры размаўляюць па-беларуску. І цяпер я пачуваюся цалкам спакойна і ўпэўнена.

Пяць пытаньняў Свабоды

— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта?..

— Я б сказаў, што гэта клопат пра тое, што маем. Бо калі ходзіш нават па Менску, то бачыш, наколькі ўсё занядбана. Гэта толькі на цэнтральных праспэктах і вуліцах усё прыбіраецца да апошняга «бычка». А двары, дзіцячыя пляцоўкі, пад'езды — гэта жудасная карціна. Някепска было б навучыцца прачнуцца і прыбраць сваю плянэту, як казаў вядомы герой вядомай кнігі.

— Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?

— Біблія, натуральна, — кніга нумар адзін. Гэта Божае слова, якое я стараюся чытаць штодня. Але таксама назваў бы і «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча.

— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.

— Гэта Тадэвуш Касьцюшка — сто адсоткаў, Антон Луцкевіч — як адзін з айцоў-заснавальнікаў сучаснай Беларусі. Ня ведаю, наколькі гэта містычная асоба — Торвальд Вандроўнік, але надаў бы тытул героя і яму. Гэта вандроўнік і місіянэр, які нёс людзям Добрую вестку.

— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?

— Як бы ні хацелася прыгожа адказаць, а традыцыйныя лічбы з многімі нулямі перад вачыма прабягаюць. А насамрэч грошы важныя, але гэта ня самы істотны складнік жыцьця. Бываюць людзі, якія ўсё жыцьцё гоняцца за нечым матэрыяльным, а ў выніку паміраюць, усё гэта пакінуўшы. Бываюць і безадказныя людзі. А як па мне, дык дастаткова гэтулькі, каб паклапаціцца пра сям'ю. Усе кажуць пра «папіццот», але на жыцьцё патрэбна больш за пяцьсот даляраў.

— Як і калі ў Беларусі зьменіцца ўлада?

— Гэта пытаньне, пра якое страшна думаць. Бо так шмат людзей, для якіх Расея — гэта ня так і дрэнна, і каб замест Лукашэнкі прыйшоў які Мядзьведзеў ці хто заўгодна, хто б узяў на сябе адказнасьць за Беларусь… Каб зараз азірнуцца і пабачыць чалавека ці групу людзей, якія былі б аўтарытэтныя, вядомыя, адказныя і надзейныя, каб горш за Лукашэнку ня здарылася, — таксама такіх ня ведаю. Таму для мяне гэта пытаньне, за якое сапраўды страшна.

Галіна Абакунчык, Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930