Знайсці
11.09.2018 / 13:3415РусŁacБел

«Мы ўсё аддавалі камандаванню», — абвінавачаны ў справе аб смерці Коржыча

Яўген Бараноўскі. Фота Дар'і Буракінай, TUT.BY

На лаве падсудных па справе аб сьмерці салдата Аляксандра Коржыча тры сяржанты — Антон Вяжэвіч, Яўген Бараноўскі і Ягор Скуратовіч. Яны пачалі гаварыць празь месяц пасьля пачатку суду, піша Радыё Свабода.

Абвінавачаныя сваю віну прызнаюць часткова, адмаўляючы тое, што іхныя дзеяньні сталі прычынай самагубства салдата.

«Гэта быў ня хабар»

У першы дзень працэсу Бараноўскі, Скуратовіч і Вяжэвіч адмовіліся даваць паказаньні. У выніку суд пачаўся з апытаньня пацярпелых і сьведак. Абвінавачаныя сяржанты пагадзіліся гаварыць толькі 10 верасьня. Першым пачаў Яўген Бараноўскі.

«Я быў прызваны 17 траўня 2016 году, — пачаў гаварыць Бараноўскі. — 24 траўня 2017-га стаў камандзірам аддзяленьня, атрымаў званьне сяржанта. Фактычна выконваў свае абавязкі зь ліпеня па кастрычнік. У маё аддзяленьне ўваходзілі 11 чалавек. 3-я вучэбна-танкавая рота 3-й школы. Я не праходзіў якіх-небудзь курсаў падрыхтоўкі малодшых камандзіраў. Лічу, што ня быў падрыхтаваны да гэтага».

На допыце Бараноўскі прызнаўся, што на момант выкананьня сваіх абавязкаў ведаў іх ня ў поўным аб’ёме. Адказваючы на пытаньні пракурора, сяржант сказаў, што цяпер ня можа ў поўным аб’ёме адказваць на пытаньні пра свае былыя абавязкі і правілы, прынятыя ў ягонай былой частцы, бо іх папросту ня памятае.

«На момант службы я ведаў свае абавязкі, цяпер не, ня памятаю іх цалкам — сказаў Бараноўскі. — Свае абавязкі выконваў ня ў поўным аб’ёме. У нас праводзіліся заняткі аб супрацьдзеяньні карупцыі, але я быў на іх разы два, нічога ня ведаў пра тое, што нельга прымаць рэчы ад падначаленых».

Бараноўскі таксама расказаў, што, паводле правілаў часткі, мабільныя тэлефоны салдаты маглі атрымліваць у вольны час у выходныя дні, а таксама ў выпадку крайняй неабходнасьці. Усё гэта датычылася толькі тэлефонаў бяз камэры, дыктафона і доступу ў інтэрнэт. Смартфоны лічыліся пазастатутнымі прыладамі і былі забароненыя для выкарыстаньня на тэрыторыі вайсковай часткі зусім.

«Я павінен быў забіраць тэлефон у салдата, калі бачыў, што ён карыстаецца ім у недазволены час, паведаміць пра гэта камандзіру роты, — расказаў Бараноўскі. — Я ня меў права выдаваць тэлефоны салдатам. Асабіста я ня бачыў, каб салдаты карысталіся тэлефонамі ў недазволены час. Тое, што я браў грошы за дазвол карыстацца мабільнікамі бесьперашкодна, гэта ня быў хабар, я так лічу. Гэта было злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі»

Бараноўскі паведаміў суду, што салдаты самі падыходзілі да яго з прапановамі заплаціць за мабільнікі і самі ж называлі расцэнкі (20 рублёў за карыстаньне тэлефонам без інтэрнэту і 40 за смартфон. — РС). Сяржант сьцьвярджае, што некалькі разоў адмаўляўся, аднак салдаты праявілі настойлівасьць і ў выніку ён ўзяў ад іх грошы.

«З фактам я згодны, я з артыкулам КК ня згодны, — сказаў Бараноўскі. — Гэта ня быў хабар. Чаму я так думаю, патлумачыць не магу. Але я так лічу».

Таксама абвінавачаны сяржант заявіў, што шэраг згаданых у матэрыялах справы эпізодаў з выкупам мабільных тэлефонаў не адпавядае рэчаіснасьці. У прыватнасьці, выпадак з выкупам тэлефону шарагоўцам Аскеркам (сябра Коржыча па службе. — РС).

«Коржыч падыходзіў да мяне з просьбай выкупіць тэлефон, — сказаў Бараноўскі. — Атрымаў ад яго 40 рублёў. Але гэта быў ня хабар, а злоўжываньне. У сувязі з чым я атрымаў ад Коржыча грошы, патлумачыць не магу. Пры мне Коржыч мабільным тэлефонам не карыстаўся ніколі».

«Коржыч набываў мне прадукты сам»

Адказваючы на пытаньні пракурора Шарстнёва, Бараноўскі таксама паведаміў, што меў з Коржычам таварыскія стасункі.

«Я ніколі не патрабаваў ад Коржыча нешта мне купіць, у нас за той час склаліся таварыскія адносіны, — заявіў Бараноўскі. — Нешта ён набываў часам, нешта я. Цяпер ужо ня памятаю, што канкрэтна. На сьледзтве я прыблізна назваў, што ён набываў. Пакупкі былі, але я не патрабаваў. Свае дзеяньні апісаць не магу. Коржыч частаваў мяне, часам я частаваў яго».

Прыкладна такім жа чынам Бараноўскі апісаў і іншыя выпадкі атрыманьня прадуктаў ад салдатаў у якасьці ўзнагароджаньня за дазвол схадзіць у краму. «Патрабаваць я не патрабаваў, але прасіў», — сказаў Бараноўскі. Абвінавачаны прызнаўся, што ня памятае памеру грашовых сумаў, на якія салдаты набывалі яму прадукты, і ня можа прыгадаць прыкладных цэнаў на прадукты ў вайсковай краме. Таксама Бараноўскі заявіў, што ня можа патлумачыць суду такія свае дзеяньні.

«Я сёньня не магу вам гэтага растлумачыць (факту набыцьця яму шаўрмы салдатамі), шмат часу прайшло, — сказаў Бараноўскі. — Каву, вафлі, цыгарэты я памятаю, наконт іншага нічога патлумачыць не магу. Колькасьці ня памятаю. Ад мяне кіраўніцтва роты патрабавала набываць прадукты, я сам ня мог, не заўсёды меў грошы, прасіў салдатаў набываць. Прадукты перадаваў камандаваньню роты. Каму і пры якіх абставінах, я ня памятаю. Гэта было на самой справе, але я не разумею, як патлумачыць».

Допыт сяржанта працягваецца.

Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера