Знайсці
10.09.2018 / 11:2935РусŁacБел

Мінчанка, якая пяць гадоў практыкуе расліннае харчаванне, завяла беларускамоўны блог з лайфхакамі збалансаванага рацыёну

Крысціна Геер нарадзілася ў Мінску, вучылася ў БНТУ па спецыяльнасці «мытная справа». Нейкі час працавала ў гэтай сферы, а пасля сышла ў тэсціраванне праграмнага забеспячэння. У іх сям’і прадукты жывёльнага паходжання зніклі са стала пяць год таму. За гэты час назапасілася мноства ведаў наконт таго, як зрабіць раслінны рацыён збалансаваным для ўсіх членаў сям’і, ад дарослых да самых маленькіх. Будучы сёння ў дэкрэце, Крысціна завяла беларускамоўны блог па гэтай тэме.

Па нашай просьбе дзяўчына падрабязна распавяла пра свой досвед.

 

Крысціна Геер.

— Я вырашыла адмовіцца ад прадуктаў жывёльнага паходжання пасля таго, як прачытала кнігу навукоўца, біяхіміка Коліна Кэмпбэла «Кітайскае даследаванне». Але я і раней цікавілася здаровым ладам жыцця, вывучала працы іншых спецыялістаў па харчаванні. Да таго ж перад вачыма быў прыклад бацькі, які перастаў ужываць мяса. Пра гэта задумвалася і мая сястра. 

Маёй мэтай была прафілактыка так званых захворванняў цывілізацыі (сардэчна-сасудзістых, цукровага дыябету, астэапарозу, раку). Акрамя гэтага, мне хацелася нармалізаваць функцыю шчытападобнай залозы (я назіраюся ў эндакрынолага з 13 год і маю хранічны дыягназ). Муж прачытаў кнігу Кэмпбэла адразу пасля мяне і пагадзіўся на такі самы эксперымент з умовай абавязковага кантролю за аналізамі. Эксперымент цягнецца і па сёння.

Што змянілася?

Як перайшла на расліннае харчаванне, стала пачуваць сябе больш энергічнай, стала прасцей прачынацца зранку, сышлі лішнія кілаграмы і мінула харчовая алергія. І што мне асабіста было вельмі важна, палепшылася функцыянаванне шчытападобнай залозы. Мы з мужам перасталі хварэць на прастуду, у час эпідэмій максімум, што з намі здаралася — лёгкае недамаганне.

Наша харчаванне стала больш разнастайным. Ёсць некалькі прынятых падыходаў да таго, як збалансаваць рацыён. Самы вядомы — сачыць, каб у вас было дастаткова бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. Яшчэ адзін прынцып заключаецца ў тым, каб на талерцы заўсёды было як мага больш прадуктаў розных колераў.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Добрага дню, шаноўныя чытачы! Тэма сённяшняга поста - кунжут, цудоўны прадукт, які можна ўжываць штодня. Гэта крыніца не толькі кальцыя, але і медзі, фосфара, цынка, марганца і жалеза. Для таго, каб карысныя рэчывы засвойваліся, ужываць варта ў молатым выглядзе, бо іначай пройдзе транзітам. Гэтае насенне дужа карысна і для мужчын (для баланса тэстастэрона), і для жанчын (асабліва ў перыяды планавання і выношвання цяжарнасці, лактацыі), і для дзетак (кальцый жа!). У продажы ёсць белы (ачышчаны) і чорны кунжут (неачышчаны). Перавагу варта аддаваць чорнаму як цэльнаму прадукту і таму, што ў ім больш канцэнтрацыя мікранутрыентаў (асабліва вітаміна А і вітамінаў групы В). Набыць можна на рынках у арэхавых лаўках, на вагу. Што зрабіць з кунжута: ✔⠀Проста змалоць на кавамолцы і пасыпаць гатовую страву (салат, рагу, суп) ✔⠀Зрабіць расліннае малако (замачыць на ноч, узбіць блэндэрам з вадой у прапорцыі ⅓, працадзіць) ✔⠀Дадаць змолаты кунжут у цеста для бліноў/ аладак, ці ў смузі ✔⠀Зрабіць соус з тхіны (кунжутнага урбеча) - 2 ст л урбеча, сок ½ лімона, 2 ст л вады (ці больш - урбеч ад лімона гусцее). Я такім соўсам паліваю ўсе, што можна з’есці - з усім смачна! І сыну дужа падабаецца ✔⠀Змяшаць кунжутны урбеч з сіропам з фінікаў/тапінамбура і падаваць да бліноў/ аладак/ мазаць на хлеб. А вам які варыянт больш даспадобы?

Публикация от greenmom_in_the_kitchen (@greenmom_in_the_kitchen)

Што тычыцца маіх правіл, я імкнуся, каб штодзённа мы ўжывалі прадукты з наступных катэгорый: бабовыя, злакі, арэхі, насенне, гародніна, зеляніна, водарасці, садавіна і ягады. Усё гэта ўключна з кантролем спажывання бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. 

Выдаткі на харчаванне па новай схеме павялічыліся. Але гэта толькі таму, што мы сталі больш уважліва сачыць за якасцю прадуктаў, а гэта нятанна на любым тыпе харчавання. Радуе, што ў Беларусі сёння можна дастаць амаль усе патрэбныя прадукты. Праўда, многія з іх даражэйшыя, чым за мяжой: таму, напрыклад, крупу кіноа я стараюся купляць у Вільні. Тое самае з мукой розных відаў (кшталту рысавай, кукурузнай, грэцкай, нутавай) — мы просім прывозіць яе з Расіі ўсіх знаёмых пры першай нагодзе. Бракуе ў нас пакуль і вегетарыянскіх ці веган-кавярняў: у падарожжах нам з харчаваннем у грамадскіх месцах значна прасцей.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Мая мама не любіць і не гатуе соўсы, таму ў маім дзяцінсве быў усяго адзін соўс - да макарон. Калі я стала гаспадыняй на сваёй кухні, соўсы сталі самай складанай і цікавай задачай - да любой стравы можна зрабіць свой. Яго можна падаць асобна, можна паліць паверх, у яго можна макаць кавалачкі - каму як падабаецца. Самы просты, самы любімы і самы часты соўс у мяне зараз - гэта хумус. Мае сябры часта здзіўляюцца - як, ты сама робіш хумус?! Так, гэта вельмі проста і я хачу, каб вы таксама паспрабавалі! ✔⠀400 мл варанага нута ✔⠀2 ст л кунжутнага урбеча (тхіны) ✔⠀1 зубок часныка ✔⠀2 ч л куміна (молатай зіры) ✔ сок 1/2 лімона ✔⠀Крыху вады ад варкі нута/проста вады (пару лыжак) Усе інгрыдыенты ўзбіць блэндэрам і падаваць! Можна: ⠀мазаць на хлеб, ⠀макаць у яго парэзаную палачкамі агародніну, ⠀дадаваць у супы (замест смятаны, у боршч ці грыбны суп) ⠀проста есці лыжкамі Гэта базавы рэцэпт, але можна хуліганіць, напрыклад дадаваць свежы зялены базілік ці вяленыя (сушаныя) памідоры, ці і тое, і другое адначасовы - гэта адзін з любімых варыянтаў у нашай сям’і. Лайфхак: цэлую пачку нута зварыць (папярэдне замачыўшы на ноч), гатовы нут расфасаваць па пакетах і замарозіць. Так, калі спатрэбіцца зрабіць хумус (ці дадаць у суп/рагу), трэба будзе толькі размарозіць. Такую пасту можна прапаноўваць дзеткам з 8 мес, калі рабіць без кунжутнага урбеча, а з урбечам можна даваць бліжэй да года. Абавязкова паспрабуйце! Смачна есці! #соус_byGreenmom

Публикация от greenmom_in_the_kitchen (@greenmom_in_the_kitchen)

Не ўсе знаёмыя разумеюць мой выбар. Шмат каму цяжка прыняць ідэю прафілактыкі хвароб — маўляў, навошта так заганяцца, калі нічога не баліць.

Дактары не крытыкуюць: проста таму, што ніхто не здагадваецца спытаць на прыёме, чым я харчуюся.

Я асабіста лічу вялікай бядой тое, што ў нашай сістэме медыцынскай адукацыі так мала ўвагі надаецца сувязі здароўя і харчавання. Падчас назірання за цяжарнасцю ў жаночай кансультацыі мяне радавала, што калі заходзіла гаворка пра прадукты, у якіх шмат жалеза, то гінеколаг называла выключна раслінныя прадукты. Пытанне з педыятрам вырашылася прэвентыўна: я знайшла спецыялістку, якая знаёмая з асаблівасцямі расліннага харчавання. Але першы час, пакуль мы назіраліся ў дзяржаўнай паліклініцы, загадчыкі аддзяленняў настойвалі на тым, каб мы ўсё ж увялі жывёльныя прадукты ў прыкорм дзіцяці. 

Увогуле, што тычыцца харчавання сына, у мяне няма ілюзій, што ён ніколі ў будучыні не пакаштуе што-небудзь мясное ці нейкі ненатуральны прымак з крамы.

На гэты момант я стаўлю сабе пасільную задачу сачыць за харчаваннем дома і паказваць прыклад. Калі сын падрасце, у яго будзе база, да якой ён заўжды зможа вярнуцца, калі раптам яго куды занясе.

Як мы спажываем увесь комплекс вітамінаў?

Я набываю розную садавіну зімой, але ўлетку стараюся нарыхтаваць як мага больш на запас. Шмат ягад і садавіны замарожваю, папярэдне перабіўшы іх у кухонным камбайне. Пюрэ, што атрымліваецца, заліваю ў прамавугольную форму з пакетам. Калі маса замярзае, прыбіраю форму і выкарыстоўваю яе зноў — так прадукты займаюць менш месца ў маразілцы. У гэтым сезоне я набыла сабе яшчэ сушылку-дэгідратар. Ужо другі месяц сушу ўсё, што можна потым выкарыстоўваць у гатоўцы: тыя ж ягады, грыбы, памідоры, садавіну. 

Што тычыцца дадатковых вітамінаў, то мы прымаем вітаміны D і B12 (апошні, дарэчы, набыць у Беларусі можна толькі ў комплексе вітамінаў B, асобна даводзіцца замаўляць з-за мяжы). Дарэчы, гэтых вітамінаў вельмі часта бракуе не толькі вегетарыянцам, як лічыцца, але ўсім астатнім людзям, таму трэба за гэтым момантам сачыць.

Топ-3 хуткія перакусы ад Крысціны Геер:

Сытны салат у лавашы

У салатніку змяшаць фасолю (зварыць загадзя ці ўзяць кансерваваную і добра прамыць), пакрышаныя памідоры і авакада. Можна дадаць пятрушкі/кінзы, заправіць лімонным сокам. Завярнуць у лаваш па тыпу бурыта. Лаваш у сваю чаргу абярнуць кулінарнай фальгой.

Салат з хумусам у лавашы

Зрабіць салат са свежай гародніны. Напрыклад з капусты, морквы, агуркоў і зеляніны.

Хумус можна ўзяць гатовы альбо зрабіць самім. Для гэтага трэба ўзбіць у блэндары загадзя адвараны нут, зубок часныку, палову лімона, 2 ч. л. куміну, 2 ст. л. кунжутнай пасты альбо кедравых арэшкаў (ці кеш'ю), дадаўшы вады да патрэбнай кансістэнцыі. 

Палову ліста лаваша змазаць хумусам тоўстым слоем, выкласці зверху салат і закруціць як бурыта, а потым завярнуць у фальгу.

Аўсяныя пячэнькі

Спатрэбяцца:

  • 2 бананы;
  • 1 шклянка аўсяных камякоў;
  • 1/2 шклянка мукі (рысавай/грэцкай/нутавай);
  • 1/2 шклянкі разынак (дробна парэзаных фінікаў/чарнасліву/курагі);
  • 1 ч. л. гашанай соды;
  • 1 ст. л. арэхавай пасты (любой, але можна і без яе).

Узбіць у блэндары ці размяць відэльцам бананы і арэхавую пасту, дадаць камякі, муку, соду, замяшаць цеста. У апошнюю чаргу дадаць сухафрукты. Выкласці лыжкай на бляху. Выпякаць 15-18 хвілін пры 180 градусах.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

АЎСЯНАЕ ПЕЧЫВА. Смашлёнік да гарбаты? Перакус? Ссабойка на прагулку? Гэта ўсё яно, шмат кім любімае аўсянае печыва. Рэцэптаў шмат, але тым не менш дзялюся з вамі яшчэ адной варыяцыяй, простай і карыснай ⠀ ✔⠀1 вялікі спелы банан ✔⠀1 шклянка мінералкі ✔⠀6-8 мяккіх фінікаў (альбо 3 ст л лыжкі сіропа тапінамбура) ✔⠀1 ч л экстракта ванілі (альбо без яго) ✔⠀1 шлянка аўсяных хлоп’яў ✔⠀1 шклянка рысавай мукі ✔⠀½ шклянкі какосавай стружкі ✔⠀½ шклянкі разынак ⠀ Змяшаць у блэндэры/камбайне вадкія інгрыдыенты, пераліць у міску, дадаць сухія інгрыдыенты, перамяшаць, выкласці лыжкай на процівень і выпякаць 20-25 хвілін на 180 градусаў. ⠀ Лайфхакі: ✔⠀Банан можна размяць відэльцам і перамяшаць з вадкімі інгрыдыентамі венчыкам ✔⠀Можна дадаць рубленых арэхаў, мне ў такім печыве падабаюцца грэцкія ✔⠀Замест разынак можна ўзяць сушаныя журавінаў ✔⠀Фінікі лепш за ўсё браць іранскія мяккія ў каробачках. Калі ў вас іншыя - іх можна ненадоўга замачыць у гарачай вадзе, ваду потым зліць ✔⠀Я люблю рабіць адразу падвойную порцыю, асабліва калі ў бліжэйшы час збіраюся ў госці - палову гасцям, а палову сабе пакідаю. Можна яшчэ замарозіць і даставаць з вечара, каб зранку было чым паснедаць ⠀ Смачна есці! #выпечка_byGreenmom

Публикация от greenmom_in_the_kitchen (@greenmom_in_the_kitchen)

Чытайце таксама:

Гадаваць дзіця-вегана ў Беларусі: гісторыя маладой маці з Баранавічаў

Гутарыла Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера