Знайсці
09.09.2018 / 19:153РусŁacБел

Уцекачы з магілёўскай спецвучэльні хаваліся ў Маскве. Іх вярнулі на радзіму

Зьбеглых 30 жніўня гадаванцаў магілёўскай спэцвучэльні № 2 адшукалі ў Маскве на адной з будоўляў. Там яны ўладкаваліся падсобнымі работнікамі, піша «Свабода».

Фота: УУС Магаблвыканкама

Паводле Ўпраўленьня ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму, на сьлед траіх уцекачоў выйшлі 8 верасьня. Яны перададзеныя прадстаўнікам спэцвучэльні.

17-гадовыя хлопцы не вярнуліся ў спэцвучэльню з падлеткавага летніка «Адраджэнне», пры Магілёўскай епархіі Мсціслаўскага раёна

Месьціўся лягер на самай мяжы з Расеяй — за дзесяць кілямэтраў ад Мсьціслава, на тэрыторыі Пустынкаўскага мужчынскага кляштара. Дваім уцекачам заставалася прабыць у закрытай адукацыйнай установе меней за два месяцы.

Якое пакараньне за ўцёкі падлеткам пагражае пакуль невядома. Двое зьбеглых былі адпраўленыя ў спэцвучэльню за крадзеж, яшчэ адзін скраў транспартны сродак.

Адзін зь цяперашніх уцекачоў сёлета быў прызнаны пацярпелым у справе аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў былым дырэктарам спэцвучэльні Алегам Малашкіным, а таксама двума яго намесьнікамі Валерыем Баравіковым і Аляксандрам Доўгім. Гэтую справу цяпер разглядае Чавускі раённы суд.

У гэтага хлопца ў Маскве працуюць двое старэйшых братоў. У гутарцы з карэспандэнтам «Свабоды» ягоныя бацькі выказалі заклапочанасьць, што за гэтыя ўцёкі яго могуць зьбіць, як і год таму. 

26 лістапада 2017 году шасьцёра навучэнцаў наважыліся на ўцёкі. Праз тры гадзіны іх адшукалі і вярнулі назад. Як даведаліся бацькі, іх дзяцей па адным заводзілі ў пакой, дзе не было відэаназіраньня, і трое супрацоўнікаў вучэльні іх зьбівалі. Аднаму пашкодзілі хрыбетнік.

Сваячка аднаго з былых навучэнцаў, якая пажадала не называць свайго імя, паведаміла, што зьехаць у Расею зьбіраліся ўцекачы і летась. Самі ж навучэнцы настойвалі, што наважыліся на ўцёкі, каб паведаміць міліцыі пра надта жорсткае абыходжаньне ў спэцвучэльні і сваволю кіраўніцтва. Журналістаў хлопцы запэўнівалі, што ўцякаць больш ня будуць.

Дзяржаўная спэцыяльная прафэсійна-тэхнічная вучэльня закрытага тыпу № 2 дрэваперапрацоўкі створаная для «вырашэньня задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрыманьня падлеткаў, якія зьдзейсьнілі грамадзка небясьпечныя ўчынкі альбо парушылі правілы грамадзкіх паводзінаў». У вучэльню накіроўваюцца хлопцы ад 14 да 18 гадоў тэрмінам на два гады.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера