Знайсці
10.09.2018 / 12:5798РусŁacБел

Беларускія адэпты культу «Звінячыя кедры Расіі» хочуць легалізавацца — іх прыняў віцэ-прэм'ер Русы

На мінулым тыдні дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла пра тое, як прайшоў прыём грамадзян віцэ-прэм'ерам Русым. 

«Віцэ-прэм'ер адзначыў, што на гэты момант стаіць пытанне аб вызначэнні юрыдычнага статусу родавых маёнткаў, а таксама аб тым, якую колькасць зямлі неабходна даваць у адпаведнасці з ім. У сваю чаргу арганізатар і ўдзельнік пасялення родавых маёнткаў «Росы» Аляксандр Матруховіч выказаў сваю гатоўнасць да ўдзелу ў распрацоўцы праекта закона», — гаворыцца ў паведамленні.

Людзі, якія прыйшлі на сустрэчу з Русым, хацелі б, каб пад такія маёнткі выдзяляўся 1 гектар зямлі замест 15 сотак, як ёсць цяпер. 

Што ў гэтай сустрэчы незвычайнага? Тут ёсць некалькі момантаў.

Хто такія «ўдзельнікі пасялення родавых маёнткаў «Росы»?

Па факце Русы сустракаўся з групай адэптаў руху «Звінячыя кедры Расіі», які кантралюецца расійскім пісьменнікам-фантастам Уладзімірам Пузаковым (творчы псеўданім — Мегрэ).

Культ «кедраў» узнік пасля серыіі ягоных кніг аб жанчыне «ведрусцы» Анастасіі, якая па сюжэце жыве ў тайзе асобна ад усяго чалавецтва, вядзе натуральную гаспадарку і валодае звышмудрасцю. 

У яе ёсць дзіцё ад Мегрэ, якога выхоўвае мядзведзь. 

У тых кнігах наплецена рознага… Але Анастасія дае і цалкам практычныя парады: прадаваць кватэры, ехаць і ствараць паселішчы на тэрыторыі акурат 1 гектар, хадзіць басанож.

Некаторыя людзі вераць у праўдзівасць напісанага і таксама пачынаюць адносіць сябе да спадчыннікаў «ведрусаў», якія, маўляў, жылі на тэрыторыі Расіі ў даўніну і былі настолькі магутнымі, што «разбілі рымлян і Аляксандра Македонскага». 

Чаму сведчанняў аб тых бітвах не захавалася ў гісторыі? Бо «яны былі такія разгромныя, што еўрапейскія летапісцы вырашылі не згадваць свой сорам».

«Звінячыя кедры Расіі» і «Анастасіеўцы» — гэта сінонімы. 

Вядома таксама, што ў 2012 годзе ў Геленджыку загінулі дзве беларускі, якія былі адэптамі «Анастасіі» і прыехалі з мэтай зарадзіцца энергіяй. Тады следчыя органы Расіі канстатавалі, што меў месца няшчасны выпадак: «Каля Геленджыка вельмі шмат такіх сектантаў».

Спецыялісты называюць «Анастасіеўцаў» самай буйной сектанцкай супольнасцю на постсавецкай прасторы, але пры гэтым канстатуюць іх неваяўнічы характар. 

Адметна, што ў Расіі іхнія спробы прасунуць закон аб «родавых маёнтках», як на тое ўказала «Анастасія», праваліліся. Не дапамаглі ў гэтым і публічныя заклікі Мегрэ да ўсіх сваіх адэптаў «падтрымліваць Адзіную Расію». 

Цяпер жа «кедры», відаць, узяліся за прасоўванне сваіх ідэй у Беларусі. 

Самымі буйнымі паселішчамі «кедраў» у Беларусі з'яўляюцца тыя самыя «Росы» ў Валожынскім раёне і «Звон-гара» пад Віцебскам. 

На сайце сектантаў так і сказана, што «Росы» з'явіліся «ў 2003 годзе пасля выхаду ў свет серыі кніг пісьменніка Уладзіміра Мегрэ».

«Наша Ніва» паспрабавала звязацца з асобнымі адэптамі «Анастасіі» ў Беларусі, але яны ў грубай форме далі зразумець, што гаварыць пра сябе не хочуць. Асабліва востра яны адрэагавалі на пытанне, ці наведваюць іх дзеці школу. 

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930