Знайсці
06.09.2018 / 18:0270РусŁacБел

Стала вядома прычына пераносу «Саламеі» — праваслаўную царкву не задаволіла дата прэм'еры

Сцэна з оперы «Саламея» ў тэатры La monnaie.

Стала вядома, што перанесеная прэм'ера оперы «Саламея» ў Мінску. 

«Наша Ніва» звярнулася да старшыні інфармацыйнага сінадальнага аддзела беларускага экзархату Сяргея Лепіна, каб ён патлумачыў, што азначае гэтая сітуацыя. Ён расказаў, што царква сапраўды прасіла пра перанос. 

«Нам на водгук дасылалі ліст з Мінкульта, мы тлумачылі сваю пазіцыю: канстатавалі, што інтэрпрэтацыя евангельскага сюжэта адрозніваецца ад арыгінала. Я быў на прагоне. Дзякуй Богу, ніякага экстрэмізму, абразы пачуццяў вернікаў там няма. Але мы падкрэслілі, што нам было б прыемна, калі б прэм'ера была перанесеная ў сувязі з тым, што планаваная дата — гэта напярэдадні дня Усекнавення галавы Іаана Хрысціцеля», — сказаў Лепін. 

Адсячэнне галавы Іаана Прадцечы (Хрысціцеля) адзначаецца праваслаўнымі вернікамі 11 верасня. Паводле легенды, гэтага прарока забілі праз просьбу Саламеі, а потым прынеслі ёй адсечаную галаву. 

Прэм'ерныя паказы оперы «Саламея», запланаваныя ў Мінску на 9 і 10 верасня, адмененыя.

Як паведамілі «Нашай Ніве» ў Вялікім тэатры оперы і балета, пастаноўка «Саламея» перанесеная на месяц — яе маюць паказаць у кастрычніку.

Рашэнне аб гэтым прынятае літаральна сёння. 

Раней рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ прасіў дазвол у мітрапаліта Паўла на пастаноўку оперы «Саламея» ў Мінску.

«Мы звярнуліся да патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі за згодай на пастаноўку. І нічога ў гэтым дзіўнага няма. Мітрапаліт Павел папрасіў, каб я яму расказаў, як бачу гэты спектакль.

Я растлумачыў, што ў самой оперы «Саламея» нічога распуснага і антыклерыкальнага няма. Але ў ёй прысутнічае неўрастэнічны кантэкст, які стварае адчуванне нейкай эмацыйнай распушчанасці.

Насамрэч п'еса Уайльда глыбока рэлігійная, і ў ёй вельмі дакладна выказана тое, пра што мы ўвесь час кажам і будзем казаць», — казаў ён. 

Саламея — гэта гістарычны персанаж. Паводле падання, гэта на яе просьбу цар Ірад забіў Іаана Хрысціцеля і падаў ёй на падносе галаву гэтага прарока.

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера