Знайсці
05.09.2018 / 22:3114РусŁacБел

«Брытанцы», якія прыдумалі скандальнае лога Think Minsk, цяпер распрацоўваюць турыстычны стыль Мінска

У 2012 годзе брытанская кампанія INSTID, якую заснавалі беларусы Аляксандр і Наташа Гранд, выйграла тэндар на распрацоўку брэнда Мінска.

Скончылася ўсё скандалам. Улады расплаціліся з Грандамі, але іх праект паклалі на паліцу і забыліся пра ідэю брэнда беларускай сталіцы як пра страшны сон.

Патэрн, які быў распрацаваны INSTID для Мінска (фінальны варыянт)

«Наша Ніва» пацікавілася, чаму ідэі Грандаў так і не сталі выкарыстоўваць.

Нагадаем, у 2012 годзе за распрацоўку мінскія ўлады былі гатовыя заплаціць $30 тысяч. Грошы па беларускіх мерках неблагія, па еўрапейскіх — так сабе. Таму здзіўленне выклікала цікавасць да беларускага праекта англійскай кампаніі INSTID, якая ў выніку і перамагла ў конкурсе.

Пазней ужо высветлілася, што Alexander & Natasha Grand, кіраўнікі брытанскай кампаніі, самі з Беларусі. Да пераезду ў Англію іх звалі Аляксандр Фядулін і Наталля Лешчанка.

Здавалася б, выхадцы з Беларусі, якія стала жывуць і працуюць у Лондане, мусяць як не хто іншы разумець мясцовыя беларускія асаблівасці і сучасныя сусветныя трэнды. Але ж калі INSTID паказалі сваё бачанне лагатыпу Мінска, з'явіліся сумневы, якія пасля ператварыліся ў адкрытае незадавальненне праектам Грандаў.

Першапачатковы варыянт патэрну ад INSTID. Хэйтары адразу ахрысцілі яго «мікрасхемай»

У чым толькі не абвінавачвалі іх лагатып: і ў другараднасці, і ў незразумеласці, і ў тым, што ідэя лагатыпу нічым, акрамя «бачання» саміх аўтараў, не абгрунтоўвалася.

Таксама Грандаў упікалі ў банальным плагіяце і непрафесіяналізме: маўляў, вельмі падобны патэрн можна за капейкі набыць у фотастоку.

А слоган «Think London» выкарыстоўвала мэрыя англійскай сталіцы. На гэта кіраўнікі INSTID (якія жывуць і працуюць у Лондане!) адказвалі, што проста пра яго не ведалі.

У выніку кампанія па выбары мінскага лагатыпа паціху пераўтварылася ў кампанію па барацьбе з Аляксандрам і Наташай Гранд. Кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін абвінавачваў іх у супрацы з КДБ і ФСБ, СМІ наперабой збіралі аматарскія лагатыпы, падкрэсліваючы, што яны, маўляў, нічым не горшыя за варыянт INSTID… Нават арганізавалася так званая «зборная Мінска па брэндынгу» — шэраг прадстаўнікоў рэкламных агенцтваў, дызайнераў і проста неабыякавых мінчукоў, якія пачалі ўгаворваць сталічныя ўлады не спяшацца прымаць варыянт Грандаў ці хаця б разгледзець альтэрнатывы яму.

«Мы сваю працу зрабілі. Распрацавалі стыль Мінска, лагатып быў толькі часткай яго. Агулам падрыхтавалі вялікі гайдбук, асновы стылю горада. Праца была прынята, гарадскія ўлады нам яе аплацілі. Далей гэтым гайдбукам горад карыстаецца як лічыць патрэбным. Можа выкарыстоўваць, а можа і не», — распавёў «Нашай Ніве» Аляксандр Гранд.

Прыклад выкарыстання «мінскага паттэрну»

Даведацца, чаму ж не выкарыстоўваецца аплачаны брэнд ад INSTID, не так і проста. Мінскі інфармацыйна-турыстычны цэнтр ківае на Міністэрства спорта і турызму. Там паціскаюць плячыма: «Маўляў, а мы прычым? Брэнд Мінска быў распрацоўкай інфармацыйна-турыстычнага цэнтра». Скончылася ўсё тым, што Алена Пліс, дырэктарка інфармацыйна-турыстычнага цэнтра, адказала коратка: «Без каментароў».

На думку самога Аляксандра Гранда, прычына, чаму стыль ад INSTID паклалі на паліцу, — залішняя палітызаванасць, якую ў выніку набыў праект.

Аляксандр Гранд. Фота - lipetskmedia.ru

«Наша работа была прарыўнай для таго часу. Пра яе вельмі добра адгукаліся ў Расіі, пра яе пісалі ў шматлікіх выданнях, прысвечаных дызайну, нас запрашалі на сустрэчы і канферэнцыі. Але ў Мінску была група дзеячаў, якія паднялі ўсе свае сувязі і, як маглі, палітызавалі праект. А ў Беларусі не вельмі камфортна з палітызацыяй, тым больш калі яна становіцца такой гучнай. Таму кіраўніцтва Мінска і вырашыла гэтае пытанне спусціць на тармазах і больш не падымаць яго. Я ўпэўнены, што адзіная прычына гэтаму — менавіта палітызацыя», — распавёў «Нашай Ніве» Аляксандр Гранд.

Па яго словах, за сваю працу INSTID атрымала абяцаную суму, эквівалентую 30 тысячам даляраў. Нягледзячы на перапрацоўкі, горад нічога не даплачваў Грандам. Прытым што яны распрацавалі і водар Мінска, і мелодыю (яна гучыць у гэтым відэа).

«Зразумейце, у тым праекце інтарэс быў не камерцыйным, а нашым асабістым. Мы самі хацелі зрабіць якасна, прыгожа і цікава», — тлумачыць Гранд.

Адзначым, што сёння супраца Мінскага інфармацыйна-турыстычнага цэнтра з Грандамі працягваецца.

Гранд кажа, што ідзе праца над «турыстычным стылем Мінска». Па яго словах, гэта «стыль Мінска, адаптаваны пад турыстычны кантэкст».

Праект таксама не камерцыйны і пакуль не афіцыйны, падкрэсліў Гранд. Па яго словах, ініцыятыва сыходзіла менавіта ад інфармацыйна-турыстычнага цэнтра. Стыль ужо гатовы, засталася праца над буклетамі. Але ўсё гэта пакуль не афіцыйна, на словах, ніякіх канкрэтных дамоўленасцей, сум, падпісаных папер не існуе, адзначыў Гранд.

Акрамя таго, INSTID распрацавала макет сувеніраў, якія плануе запусціць у продаж. Горад за іх не плаціць, гэта чыста камерцыйны праект ці то самога Гранда, ці то кагосьці з яго партнёраў.

Праўда, ані макетаў сувеніраў, ані напрацовак турыстычнага стылю Мінска Аляксандр Гранд паказваць не захацеў.

Расплывісты адказ далі і ў інфармацыйна-турыстычным цэнтры.

Дырэктарка Алена Пліс пацвердзіла, што прыкладна два гады таму мела размову на гэтую тэму з Аляксандрам Грандам. Праўда, кажа Пліс, яна нікога не прасіла ні аб чым. Усё — прыватная ініцыятыва Грандаў.

«Калі штосьці будзе гатова, мы агучым. Будзем паказваць і абмяркоўваць. Я не ведаю, ці робяць яны нешта і на якім гэта этапе. Мы не кантралюем працэс. Але на гэта грошы не прадугледжаны. Калі штосьці і будзе зроблена — то бясплатна, — запэўніла Алена Пліс. — Ніякіх дамоваў няма, і ніякіх вынікаў я не чакаю».

Ідэі ад INSTID яшчэ будуць разглядацца. Канчатковае рашэнне, падкрэсліла Пліс, будуць прымаць «людзі над ёй».

Па яе словах, калі хтосьці з мінчукоў зробіць гэтую працу і падорыць гораду, — яе таксама з радасцю разгледзяць.

Але што канкрэтна сталічны інфацэнтр мае на ўвазе пад турыстычным стылем Мінска?

«Што такое турыстычны стыль горада? У інтэрнэце загугліце і паглядзіце», — параіла Алена Пліс.

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930