Знайсці
03.09.2018 / 16:053РусŁacБел

Беларускі тэнар выйграў сусветны конкурс оперы Пласіда Дамінга

Павел Пятроў, маэстра Пласіда Дамінга і спявачка Эмілі Д'Анжэла. Фота з сацыяльных сетак

Беларускі тэнар Павел Пятроў стаў пераможцам сусветнага конкурсу оперы Operalia 2018, які прайшоў надоечы ў Лісабоне і які ладзіць сам Пласіда Дамінга, піша Еўрарадыё.

Павел Пятроў — мінчанін, выпускнік Беларускай акадэміі музыкі. Яму 27 гадоў. Яшчэ на другім курсе ён пачаў працаваць у мінскім тэатры оперы і выконваць вядучыя партыі ў спектаклях — Ленскага ў «Яўгене Анегіне», Альфрэда ў «Травіяце», Лыкава ў «Царскай нявесце». Цяпер выступае ў тэатрах Цюрыха, Граца, Зальцбурга, Бухарэста. Да гэтага станавіўся лаўрэатам міжнародных конкурсаў у Латвіі, Аўстрыі, Польшчы, Расіі, Малдове. 

Пра сваю перамогу ён напісаў у Фэйсбуку: 

«Я хачу выказаць вялікую ўдзячнасць маэстра Пласіда Дамінга, канкурэнтам «Операліі», усім сябрам журы і ўсім, хто мяне падтрымліваў! Гэта велізарнае дасягненне для мяне, я вельмі шчаслівы і ганарлівы!!!»

Самы знакаміты ў свеце конкурс маладых оперных спевакоў быў заснаваны ў 1993 годзе Пласіда Дамінга. Яго офіс месціцца ў Парыжы, а сам конкурс штогод праводзіцца ў розных гарадах свету. У конкурсе бяруць удзел спевакі ад 18 да 32 гадоў, якія ўжо зарэкамендавалі сябе як прафесіяналы. Для ўдзелу спевакі дасылаюць свае аўдыёзапісы, і толькі 40 лепшых могуць паўдзельнічаць у самім спаборніцтве. Непасрэдна конкурс складаецца з чатырох этапаў. У фінале канкурсанты спяваюць з аркестрам, якім дырыжыруе сам Пласіда Дамінга.

Цікава, што ў конкурсе захаваны гендарны баланс: у кожнай намінацыі ўзнагароджваюцца і мужчыны, і жанчыны. Першае месца разам з Паўлам заняла амерыкана-канадская меца-сапрана Эмілі Д'Анжэла. 

Таксама Павел атрымаў прыз, заснаваны ў гонар бацькі Пласіда Дамінга, The Don Plácido Domingo Ferrer Prize of Zarzuela. Ім жа ўганараваны партугальскі тэнар Луіс Гомес.

Маша Калеснікава, Еўрарадыё

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930