Знайсці
03.09.2018 / 13:5867РусŁacБел

Макей адказаў на закіды Алянда пра «жудасныя бутэрброды» ў Мінску

Украінскі часопіс «Тиждень» апублікаваў фрагменты кнігі Франсуа Алянда «Урокі ўлады». У ёй былы прэзідэнт Францыі сярод іншага згадвае падрабязнасці сустрэчы «нармандскай чацвёркі» ў Мінску. Уражанні ў Алянда засталіся не самыя прыемныя: абстаноўку Палаца незалежнасці, дзе праходзіла сустрэча, ён назваў бяздушнай, бутэрброды жудаснымі, а таксама абурыўся, што тром лідарам давялося спаць у крэслах у той момант, калі Пуцін спаў у асобным пакоі на ложку. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, які ўдзельнічаў у той сустрэчы, у інтэрв’ю Tut.by распавёў пра тое, як праходзілі перамовы, якія былі бутэрброды. 

— Уладзімір Уладзіміравіч, як вам мемуары Франсуа Алянда? 

— Хачу сказаць шчыра, што мяне абураюць падобнага роду рэчы, якія не толькі не аб'ектыўныя, але і не шчырыя. Не разумею, навошта Франсуа Алянд наогул гэта зрабіў. Я прачытаў гэтую публікацыю і хацеў бы ацаніць гэтыя ўспаміны не як міністр замежных спраў, а як звычайны чалавек, але відавочца гэтага працэсу [сустрэчы ў Мінску]. Мне здаецца, што палітыкі такога высокага ўзроўню, як кіраўнікі дзяржаў, павінны быць прыстойнымі, шчырымі і аб'ектыўнымі. Гэтых якасцей былому прэзідэнту Францыі спадару Алянду трохі бракуе. Бо некаторыя рэчы [апісаныя ў кнізе] не адпавядаюць праўдзе.

Ёсць тры моманты, якія мне кінуліся ў вочы. 

Першае. «Сустрэча ў бяздушным Палацы Незалежнасці». Ведаеце, любы афіцыйны будынак наўрад ці мае нейкую душу. Мабыць, Алянд меў на ўвазе, што мінскі сучасны палац не такі пампезны, як яго былая рэзідэнцыя — Елісейскі палац. Ну, прабачце, вядома, у адрозненне ад Францыі, якую фашысты прайшлі менш, чым за месяц, і якая захавала пасля Другой сусветнай вайны практычна ўсе некалі шматвекавыя палацы, цэрквы, саборы і іншыя гістарычныя помнікі, Беларусь пасля чатырох гадоў супраціву ляжала практычна ў руінах, як і Мінск. Таму для нас, як бы хто ні ставіўся, гэты палац з'яўляецца сімвалам беларускага суверэнітэту і незалежнасці і да яго таксама трэба ставіцца з належнай павагай як да такога знаку. 

Спадар Алянд таксама ў кнізе кажа, што прыйшлося сядзець за нізенькімі, нязручнымі сталамі на нязручных крэслах. Тады ў Палацы незалежнасці было падрыхтавана некалькі залаў для правядзення афіцыйных сустрэч. Была спецыяльная зала з сінхронным перакладам, дзе, як меркавалася, будзе праходзіць асноўнае пасяджэнне «нармандскай чацвёркі». Але заўсёды, калі праходзяць падобнага роду падзеі, прадугледжваецца так званы «пакой-назапашвальнік», дзе збіраюцца ўсе кіраўнікі дзяржаў, бо яны прыязджаюць адзін за адным, а не адначасова. І так атрымалася, што па меры таго, як прыбывалі прэзідэнты, у гэтым пакоі завязалася гутарка і фактычна ўжо пачаліся канкрэтныя перамовы. Калі беларускі бок прапанаваў перайсці ў залу афіцыйных перамоваў, было сказана: «Не, мы застанемся тут». Таму і былі нізкія сталы. Праўда, потым яшчэ даносілі дадатковыя крэслы, з улікам таго, што кола ўдзельнікаў пашыралася. 

Наконт «жудасных бутэрбродаў» — гэта наогул смешная гісторыя.

Пасля таго, як лідары краін правялі некаторы час у «пакоі-назапашвальніку», трэба было правесці цырымонію вітальнай сустрэчы, дзе выступаў і наш прэзідэнт. І ўжо на выхадзе пасля гэтай цырымоніі прэзідэнт Беларусі прапанаваў павячэраць, я стаяў побач і бачыў гэтую сітуацыю. Як цяпер памятаю, прэзідэнт Францыі радасна сказаў: «Так-так, давайце вячэраць». Але

спадарыня федэральны канцлер Меркель жорстка паглядзела на Алянда і сказала: «Няма часу на вячэру, пачынаем працаваць». Ён стушаваўся і пакорліва пайшоў за Меркель. Мне ўвогуле трэба сказаць, што маторам усіх перамоў была федэральны канцлер Меркель, менавіта яна задавала тон, гэты жорсткі графік, змест перамоваў, і яе ролю ў гэтым пагадненні цяжка пераацаніць.

Дарэчы, спадар Алянд у сваёй кнізе гэта прызнае і асабліва не выпінае сваю ролю, бо і выпінаць асабліва няма чаго. 

У пацверджанне таго, што для «нармандскай чацвёркі» была падрыхтавана паўнавартасная вячэра, Уладзімір Уладзіміравіч зачытвае нам меню таго дня. На вячэру для лідараў дзяржаў было гатовае «рознакалібернае» меню: там былі і шчупак, і трус, і карэ ягняці, і карэйка аленя і г.д. 

Ад вячэры яны адмовіліся, але бутэрброды ім заносілі некалькі разоў. Яны былі і з беларускім салам, і рознымі каўбаскамі, вяндлінай, сырам, чырвонай рыбай, асятрыны і гэтак далей.

Так, не было вустрыц, слімакоў, жабіных лапак, галубоў. Таму, можа быць, спадару Алянду не спадабалася.

Але, у цэлым, павінен сказаць, што за суткі толькі на харчаванне было выдзелена ў эквіваленце каля 50 тысяч даляраў. Таму мне, як простаму абывацелю, крыўдна чытаць падобнага роду сцвярджэнні. Да таго ж, калі вы памятаеце, водгукі журналістаў па выніках гэтай сустрэчы былі вельмі цёплыя, бо ў нас была ўстаноўка ад кіраўніка дзяржавы: зрабіце так, каб людзі не адчувалі ніякіх нязручнасцяў. Вядома, нязручнасці былі: за гэтыя 17 гадзін перамоваў хтосьці з журналістаў хацеў легчы і паспаць, а для гэтага нічога не было прадугледжана. Але з пункту гледжання забеспячэння харчаваннем, гарачымі напоямі усё было зроблена.

Адносна таго, што прэзідэнт Пуцін недзе там адпачываў у асобным пакоі, а астатнім лідарам не былі вылучаныя пакоі, магу сказаць, што ўсім былі выдзелены асобныя памяшканні.

Проста камусьці ў Заслаўі, камусьці ў гатэлі, камусьці ў іншым месцы. Мы прапанавалі на некаторы час паехаць адпачыць, але кіраўнікі дзяржаў адмовіліся, сказаўшы, што будуць працягваць перамовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930