Знайсці
31.08.2018 / 20:1622РусŁacБел

«Расія не збіраецца браць Севастопаль, Пуцін — сапраўдны дэмакрат» — галоўнае з сакрэтных стэнаграм гутарак Клінтана і Ельцына

Бібліятэка Біла Клінтана апублікавала рассакрэчаныя матэрыялы пра расійска-амерыканскія адносіны ў 1990-я гады, у тым ліку тыя, якія змяшчаюць стэнаграмы перамоў амерыканскага лідара з прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным.

Апублікаваныя Бібліятэкай Біла Клінтана дакументы ўтрымліваюць стэнаграмы перамоў, а таксама тэлефонных размоў прэзідэнтаў у перыяд з 21 красавіка 1996 па 31 снежня 1999 года. Усяго рассакрэчана 591 старонка.

15 верасня 1996 года. Тэлефонная размова.

Клінтан патэлефанаваў Ельцыну, каб падбадзёрыць яго перад аперацыяй на сэрцы. Яны дамовіліся, што расійскага прэзідэнта пракансультуюць амерыканскія кардыяхірургі.

Клінтан: Я хацеў бы, каб твая аперацыя прайшла добра і жадаю хутчэйшага выздараўлення. Нашы думкі і малітвы з табой.

Ельцын: Дзякуй, Біл. Я думаю, было б нядрэнна, калі б амерыканскія эксперты змаглі пракансультаваць мяне перад аперацыяй.

Клінтан: Мы з радасцю зробім усё, каб дапамагчы табе. Увесь свет будзе рады аказаць табе дапамогу. Я знайду найлепшых дактароў Амерыкі, каб табе было з каго выбіраць.

15 красавіка 1997 года. Тэлефонная размова.

У 1997 годзе 21 сакавіка ў Хельсінкі адбылася сустрэча Клінтана і Ельцына. А 27 мая быў падпісаны асноватворны акт Расія — НАТА аб узаемных адносінах, супрацоўніцтве і бяспекі.

Ельцын: Наша пазіцыя не змянілася. Пашырэнне НАТА на ўсход — памылка. Але я павінен прыняць меры, каб змякчыць негатыўныя наступствы гэтага для Расіі. Я гатовы скласці пагадненне з НАТА не таму, што хачу гэтага, а паколькі гэта вымушаны крок. Сёння няма іншага выйсця.

Але прынцыпова важная адна рэч: пашырэнне не павінна ўключаць былыя савецкія рэспублікі. Я не магу падпісаць якое-небудзь пагадненне без гэтай [умовы]. Асабліва гэта тычыцца Украіны. Калі вы яе прыцягнеце, нам будзе складана абмяркоўваць з Украінай некаторыя пытанні.

Яшчэ адна праблема — вашы марскія вучэнні каля Крыма. Гэта ўсё роўна як калі б мы праводзілі вучэнні на Кубе. Вам бы гэта спадабалася? Для нас гэта непрымальна. Мы не збіраемся захопліваць Севастопаль.

Клінтан: Для пачатку я хачу сказаць, што разумею, зараз існуе новая Расія і яна не мае намеру захопліваць іншыя краіны … Я ўжо казаў табе, што спрабую стварыць новае НАТА, якое не будзе прадстаўляць пагрозы для Расіі, але дазволіць ЗША і Канадзе застацца ў Еўропе, працаваць з Расіяй і іншымі краінамі, каб пабудаваць адзіную свабодную Еўропу… Калі мы пагадзімся, што ні адна з краін былога Савецкага Саюза не можа ўступіць у альянс, гэта будзе дрэнна для нашых спроб пабудаваць новае НАТА, але таксама і для тваіх спроб пабудаваць новую Расію. Я не наіўны. Я разумею, што для цябе важна, хто ўвойдзе ў НАТА і калі… Мы павінны абавязкова абмяркоўваць гэта па меры руху наперад…

Але уяві сабе, якім жахлівым пасланнем будзе заключэнне тайнага пагаднення, якое ты прапануеш.

Ельцын: Біл, я згодны з тым, што ты кажаш, але паглядзі, што адбудзецца. Мы маем намер прадставіць гэты дакумент у Думу на ратыфікацыю… Яна яго ратыфікуе, а затым ўключыць ўмову, што, калі адна з былых рэспублік СССР уступіць у НАТА, Расія выйдзе з дамовы… Менавіта гэта здарыцца, калі сёння ты не скажаш мне сам-насам, у адсутнасць нават найбліжэйшых нашых памочнікаў, што ты не прымеш [у НАТА] новыя рэспублікі ў найбліжэйшай будучыні; мне трэба гэта пачуць. Я разумею, што, можа, праз дзесяць гадоў або каля таго сітуацыя можа змяніцца, але не цяпер. Можа, гэта будзе неяк развівацца пасля. Але мне патрэбныя твае запэўніванні, што гэтага не здарыцца ў найбліжэйшай будучыні.

16 лістапада 1997 года. Тэлефонная размова.

Галоўнай тэмай гэтай тэлефоннай размовы сталі Садам Хусэйн і пагроза стварэння ў Іраку зброі масавага паражэння.

Клінтан: Мне здаецца, дзеянні Ірака сур'ёзна пагражаюць ААН, Савету бяспекі і бяспекі Персідскага заліва. Нам трэба знайсці спосаб пераканаць Хусэйна адмовіцца ад зброі масавага паражэння.

Ельцын: Што ты прапануеш, Біл?

Клінтан: Я хачу пераканацца ў тым, што ты разумееш, што я настойваю на дыпламатычным рашэнні гэтага пытання. Я спадзяюся, што ты прыкладзеш усе намаганні, каб Садам пусціў інспектараў.

Ельцын: Я напішу ліст Садаму Хусэйну з просьбай пусціць інспектараў адмысловай камісіі ААН, але мы павінны працаваць пад эгідай Рады бяспекі і вырашаць праблемы паступова.

17 мая 1998 года. Тэлефонная размова.

У сакавіку 1998 года Ельцын адправіў у адстаўку ўрад Чарнамырдзіна. У красавіку новым прэм'ер-міністрам Расіі стаў Сяргей Кірыенка. Ельцын гаварыў аб прычынах адстаўкі Чарнамырдзіна.

Ельцын: Я вельмі добра стаўлюся да Чарнамырдзіна. Я пакінуў яму яго зарплату, яго дачу, яго машыну і яго целаахоўніка. Усё, што было ў яго, калі ён быў прэм'ер-міністрам, засталося, калі ён стаў пенсіянерам. Ён заўсёды прыслухоўваўся да мяне. І ён сумленны чалавек. Але часам здараецца так, што людзі стамляюцца ад таго ці іншага чыноўніка і ты вымушаны ўсё мяняць, пачынаць з нуля, шукаць новы імпульс.

28 мая 1998 года. Тэлефонная размова.

У Расіі працягваецца эканамічны крызіс. Бóльшая частка размовы тычылася абмеркавання магчымых мер яго пераадолення і запэўненняў Ельцына, што амерыканскім інвестарам няма чаго баяцца.

Ельцын: Я хацеў бы, каб ты запэўніў інвестараў, якія працуюць цяпер у Расіі, што ім няма чаго панікаваць і адводзіць інвестыцыі. Мы прымаем усе неабходныя меры. Нічога катастрафічнага не адбываецца. Нам патрэбна ваша падтрымка. Людзі ў свеце павінны ведаць, што ты падтрымліваеш нас і ты ўпэўнены, што сітуацыя пад кантролем. Усё будзе ў парадку. Ты падтрымаеш мяне, Біл?

Клінтан: Я падтрымліваю ўсе твае рэформы з 1993 года і працягну гэта рабіць. Я скажу сваім інвестарам, што падтрымліваю тваю выдатную эканамічную каманду і яе рэформы. Я таксама пагавару з міністрам фінансаў Бобам Рубіным і яго камандай і папрашу яго абмеркаваць з МВФ неабходныя меры падтрымкі. Я гатовы выкарыстоўваць сваю персанальную вагу, каб падтрымаць вас, але мне патрэбныя доказы, што рэформы ў Расіі вядуць да прагрэсу.

10 ліпеня 1998 гады. Тэлефонная размова.

Клінтан: Я правёў шмат часу, каб падрыхтаваць прапанову МВФ аб дапамозе Расіі, і спадзяюся, што ўсё вырашыцца хутка.

Ельцын: Калі рашэнне не будзе прынята хутка, гэта будзе азначаць не толькі канец рэформаў, але і канец Расіі. Наступствы прамаруджання будуць катастрафічнымі не толькі для нас, але і для ўсяго глабальнага фінансавага рынку. МВФ абяцае вырашыць пытанне праз тры тыдні, але тры тыдні — занадта доўга. Рашэнне трэба нам да 16 ліпеня. На коне не толькі мая ўлада і гонар, але і твая і ўсёй сусветнай супольнасці.

Клінтан: Зараз табе важна ўрэгуляваць падатковую сістэму і распрацаваць антыкрызісную праграму. Ты павінен выкарыстоўваць усе свае палітычныя рэсурсы, каб Дума ўхваліла гэта. Калі не, табе давядзецца выкарыстоўваць любыя законныя метады, якія ёсць у цябе як у прэзідэнта. Я згодны, што ў нас мала часу.

Ельцын: Я раблю ўсё, што ў маіх сілах. У мяне ёсць два варыянты рашэння. Першы. Я асабіста іду ў Думу і кажу ім, што яны гуляюць з лёсам краіны, але зараз не час для гульняў. Калі яны не пачуюць мяне, у мяне ёсць яшчэ адзін варыянт. Згодна з Канстытуцыяй я магу распусціць Думу, калі яны не змогуць прыйсці да нейкага рашэння. Я разгледжу такі варыянт 16 ліпеня.

17 жніўня ў Расіі быў аб'яўлены дэфолт.

13 чэрвеня 1999 году. Тэлефонная размова.

Размова, як і большасць папярэдніх з сакавіка 1999 года, тычылася ўрэгулявання сітуацыі ў Косаве. У сакавіку ў канфлікт умяшалася НАТА, якая пачала бамбардзіроўкі Югаславіі. З гэтага моманту Ельцын настойваў на тым, што ўрэгуляваць канфлікт з Мілошавічам можна толькі спыніўшы бамбардзіроўкі. У ноч з 11 на 12 чэрвеня расійскія дэсантнікі пасля нечаканага марш-кідка на бэтээрах і машынах з расійскімі сцягамі занялі аэрапорт Слацінаў ў сталіцы Косава Прышціне.

Клінтан: Я думаю, надышоў новы важны момант нашага супрацоўніцтва ў Косаве. Нам трэба ўзяць сітуацыю пад кантроль. І для таго каб дасягнуць нашых мэтаў, і таму што мы павінны паказаць свету, што мы супрацоўнічаем.

Ельцын: Мы абодва павінны сустрэцца ў якім-небудзь сакрэтным месцы. Толькі ты і я, мы павінны сустрэцца або на борце судна, або на падводнай лодцы, альбо на якім-небудзь востраве, каб ні адзін чалавек не мог нам перашкодзіць, каб цябе ніхто не турбаваў і каб мяне ніхто не тузаў.

Клінтан: Мы павінны даручыць нашым генералам распрацоўку кароткачасовага плана. Трэба вырашыць пытанне з аэрапортам. Затым мы можам сустрэцца і прадумаць стратэгію.

31 снежня 1999 года. Тэлефонная размова.

У сваім навагоднім звароце прэзідэнт Ельцын абвясціў, што сыходзіць у адстаўку. Выконваючым абавязкі быў прызначаны Уладзімір Пуцін.

Клінтан: Я разумею, якое гэта было складанае і адважнае рашэнне. Раніцай я прачытаў тваю заяву. Мне сумна, але я вельмі ганаруся табой. Ты правёў сваю краіну праз гістарычны перыяд. Барыс, я веру, што ты ўвойдзеш у гісторыю Расіі як бацька расійскай дэмакратыі. Ты працаваў, каб зрабіць свет больш бяспечным месцам, і я хачу, каб ты ведаў: нашы з Хілары думкі з табой і Наінай (жонка Барыса Ельцына. — РБК). Дзякуй табе за ўвесь час, які мы правялі разам, і за тое, што мы зрабілі разам.

Ельцын: Дзякуй, Біл. Гэта сапраўды было цяжка для мяне. Але я хачу на ўсе 100% падтрымаць Пуціна. І даю яму тры месяцы на тое, каб пабыць прэзідэнтам і людзі прывыклі да яго. Я ўпэўнены, што яго абяруць прэзідэнтам. Я таксама ўпэўнены, што ён дэмакрат і чалавек з вялікай душой, ён вельмі моцны і вельмі разумны, і ў мяне была магчымасць даведацца гэта.

Дзякуй табе, Біл. Дзякуй за гэты званок і тваю падтрымку. Я вельмі цаню гэта. Абдымаю цябе. Павер мне, я зрабіў гэта дзеля Расіі. Дзеля яе будучыні.

РБК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930