Знайсці
19.08.2018 / 12:5113РусŁacБел

«Яго задача — нарошчваць продажы зброі». Што будзе чакаць Лукашэнка ад новага кіраўніка Дзяржваенпрама Рамана Галоўчанкі

Жнівеньскі кадравы ператрус ва ўрадзе зачапіў і кіраўніка Дзяржваенпрама Алега Двігалёва, які прабыў на сваёй пасадзе год і адзін месяц. 

Алег Двігалёў

Замест яго Лукашэнка прызначыў былога дыпламата Рамана Галоўчанку. 

Гэтае прызначэнне выглядае адметным, бо парушае ранейшую логіку Лукашэнкі, які лічыў, што кіраваць ВПК могуць толькі генералы накшталт Сяргея Гурулёва, які паспеў паслужыць кіраўніком Генштаба, і Алега Двігалёва — таксама генерала з Генштаба.

Галоўчанка фігура трохі іншая — ён скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін МЗС Расіі і беларускую Акадэмію кіравання па эканамічнай спецыяльнасці. 

Фота Tut.by

Праўда, ён усё ж быў шчыльна звязаны з сілавікамі — працаваў у Радзе бяспекі і пракуратуры, але да штабных вайскоўцаў яго аднесці нельга. 

Галоўчанка мае досвед працы ў ВПК — пры Гурулёве ён 2009 да 2014 адпрацаваў першым намеснікам. 

Цікава, што Галоўчанка курыраваў там самы праблемны і стратэгічны кірунак — адносіны з Расіяй. 

Праблемны таму, што Расія не хоча дзяліцца з Беларуссю сваімі тэхналогіямі, прадаваць сучасную зброю і ўвогуле спрыяць умацаванню абараназдольнасці. 

Стратэгічны — таму што гэта вялікі рынак збыту. 

Пасля Галоўчанка адправіўся працаваць паслом у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, разам з гэтым наладжваючы сувязі з суседнімі краінамі. 

«Асабістыя сувязі на Усходзе маюць вялікае значэнне для паспяховага супрацоўніцтва. На Усходзе, калі вас запрашаюць, то гэта не проста прыкмета ветлівасць — гэта знак таго, што вы ўваходзіце ў кола абраных людзей, з якімі тут гатовыя гаварыць і працаваць. Так што этап «Формулы» ці любое іншае мерапрыемства — гэта не больш чым пляцоўка сустрэчы. Калі з табой сустракаюцца на такім высокім узроўні, то гэта знак для мясцовага буйнога бізнэсу, што з табой можна мець справу», — тлумачыў ён у інтэрв'ю Tut.by асаблівасці адносін сям'і Лукашэнкі і мясцовай арыстакратыі. 

Якімі будуць задачы Галоўчанкі на пасадзе кіраўніка ВПК з улікам яго здольнасцяў і асаблівасцяў біяграфіі?

«Ён мае досвед работы ва ўмовах вялізнай канкурэнцыі на арабскім рынку ўзбраенняў. У вельмі плацежаздольных краін вялікія запыты, яны купляюць толькі найлепшае, — тлумачыць ваенны эксперт Аляксандр Алесін. — Там цяжка канкураваць, але некалькі разоў мы выйгравалі там тэндары. Мінскі завод колавых цягачоў, напрыклад, радыёлакатары і іншае. Галоўчанка ведае, як працуе тамтэйшая сістэма, яе норавы. Гэта дазволіць яму больш эфектыўна прасоўваць нашыя прапановы. Гэта такі сімвалізм і змена вектара развіцця — большая арыентацыя на продаж, каб за кошт выручкі мадэрнізаваць уласную вытворчасць. Яго задача — нарошчваць экспарт зброі».

«У адстаўцы Двігалёва адыграла ролю і тое, што завод у Оршы пайшоў без стырна і ветразяў, і што ў Барані вытворчасць абсталявання сувязі аказалася ў затухлым стане. Мы сёння не можам губляць патэнцыял ніводнага калектыву, які мае тэхналогіі і людзей з досведам. Я тут бачу таксама працяг курсу на выпуск уласнага ўзбраення, канкурэтнай прадукцыі, якую мы зможам і выкарыстоўваць, і прадаваць таксама. Ва ўмовах поўнай адсутнасці інтарэсу Расіі ў паляпшэнні стану нашага войска», — падсумаваў Алесін. 

Падобнай думкі трымаецца і эксперт Андрэй Паротнікаў. 

«Я не думаю, што Двігалёў асабліва ў нечым праваліўся. Гэта эмацыйнае рашэнне Лукашэнкі. Двігалёва найперш прызначалі, каб наладзіць уласную вытворчасць зенітна-ракетнага комплексу, бо ён, як авіятар, у гэтым разбіраўся. Трэба сказаць, што ў плане мадэрнізацыі мы маем сярод поспехаў толькі «Паланэз», усё астатняе кульгае і адстае ад сусветных аналагаў. Галоўчанку трэба будзе заняцца гэтым, а таксама нарасціць экспарт вайсковай прадукцыі — у яго вялікі досвед работы ў плацежаздольным рэгіёне, важным для рэжыму Лукашэнкі», — мяркуе кіраўнік праекту Belarus security blog Андрэй Паротнікаў.

* * *

Раман Галоўчанка

Нарадзіўся 10 жніўня 1973 года ў Жодзіне.

Скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін МЗС Расіі (1996), Акадэмію кіравання ў Беларусі (2003).

У 1997—2002 — галоўны спецыяліст сакратарыята Рады бяспекі.

У 2002—2005 — намеснік начальніка аддзела Генеральнай пракуратуры.

У 2005—2006 — галоўны дарадца ўпраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта.

У 2006—2009 гадах — галоўны дарадца аддзела супрацоўніцтва ў сферы міжнароднай бяспекі, галоўны дарадца ўпраўлення міжнароднай бяспекі сакратарыята Рады бяспекі.

З ліпеня 2009 па снежань 2009 года — дарадца-пасланнік пасольства Беларусі ў Польшчы.

Са снежня 2009 па красавік 2013 — першы намеснік старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.

З красавіка 2013 па жнівень 2018 — пасол у ААЭ.

Валодае англійскай, арабскай, нямецкай і польскай мовамі.

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера