Знайсці
18.08.2018 / 15:3219РусŁacБел

Хто замяніў скандальна знятага Ваўка: пяць фактаў пра новага міністра прамысловасці Паўла Уцюпіна

18 жніўня стала вядома, хто стане новым міністрам прамысловасці. Гэта 41-гадовы чыноўнік Павел Уцюпін. Ён сеў на пасаду замест Віталя Ваўка, якога са скандалам знялі пасля візіту Лукашэнкі ў Оршу.

«Наша Ніва» высветліла, што вядома пра новага міністра.

Дзве Радзімы: Беларусь і Расія

Уцюпін нарадзіўся 17 снежня 1976 года ў вёсцы Папоўка Харольскага раёна Прыморскага края (гэта Далёкі Усход Расіі). У першы клас Павел пайшоў у суседняе сяло. Але надоўга там не затрымаўся — бацька, Уладзімір Уцюпін, быў вайскоўцам. Увогуле карані Уцюпіных у Расіі, у горадзе Кургане, там і па сёння жывуць сваякі. Але сям’я вайскоўца шмат пераязджала па СССР, у выніку аселі Уцюпіны ў Барысаве.

Любоў і Уладзімір Уцюпіны, бацькі будучага міністра

Пасля Павел Уцюпін казаў у інтэрв’ю газеце «Вячэрні Бабруйск», што ў яго дзве радзімы: Беларусь і Расія.

У Барысаве бацькі Уцюпіна жывуць і па сёння. Там Павел скончыў мясцовую гімназію і вырашыў паступаць у Мінск.

Маці Паўла працавала настаўніцай пачатковых класаў. У Паўла ёсць і родная малодшая сястра, Крысціна. Сёння яна юрысконсульт.

Сам маленькі Павел хацеў стаць вайскоўцам, як і бацька, распавяла «Нашай Ніве» маці Любоў Уцюпіна. Але пасля Павел вырашыў усё ж ісці ў эканамісты.

Павел Уцюпін з маці. Фота — ok.ru

«Сын скончыў гімназію са срэбраным медалём. Пасля думаў, куды паступаць. Але наконт будучыні раіўся больш з бацькам, не са мной, — сказала маці новага міністра. — Са мной Павел і сваю працу не абмяркоўваў, асабліва нічога не расказваў».

Сёння Павел Уцюпін падтрымлівае блізкія зносіны з бацькамі, часта наведвае Барысаў. «Яны з жонкай і дзецьмі прыязджаюць да нас на ўсе святы», — кажа Любоў Уцюпіна.

Малады Павел Уцюпін (крайні справа). Фота - «Вячэрні Бабруйск»

Зрабіў імклівую кар’еру

Пасля барысаўскай гімназіі Павел Уцюпін паступіў на факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта. «Першы курс адвучыўся завочна і за гэты час набыў вопыт работы на прадпрыемствах. На апошнім курсе аспірантуры мне стала вядома, што шукаюць кандыдатуру на пасаду дарадцы старшыні Магілёўскага аблвыканкама. У асноўным шукалі з іншагародніх, бо мінчане, натуральна, стараліся застацца ў сталіцы. Спыніліся на мне. У 25 гадоў я заняў пасаду дарадцы, праз два гады стаў галоўным дарадцам. Адтуль праз чатыры гады перайшоў на пасаду намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Белшына», — расказваў Уцюпін «Вячэрняму Бабруйску».

Прычым Уцюпін прызнаваўся, што баяўся не даць рады. Маўляў, раней, і на пасадзе дарадцы таксама, ён займаўся эканамічнымі пытаннямі, вопыту кіравання не меў. Думаў над прапановай з «Белшыны» больш за месяц, але ў выніку пагадзіўся.

Але перад дзяржслужбай і «Белшынай» малады Уцюпін паспеў папрацаваць на прадпрыемствах на добрых пасадах. Быў намеснікам дырэктара па знешнеэканамічных сувязях прадпрыемства «Дубль В», начальнікам аддзела знешнеэканамічных сувязяў вытворча-камерцыйнай фірмы «УТВ», эканамістам планава-эканамічнага аддзела сумеснага прадпрыемства «Фрэбар» у Барысаве.

Бацька і добры гаспадар

Падчас вучобы на апошнім курсе БДЭУ Павел пазнаёміўся з будучай жонкай. Першакурсніца з незвычайным імём Александрына, была родам з Новалукомля. У 2005 годзе Павел і Александрына ажаніліся. У тым жа годзе Уцюпін пачынае вучобу ў Акадэміі прэзідэнта.

Александрына Уцюпіна

Сёння Александрына Уцюпіна працуе на МАЗе. Уцюпіны гадуюць дваіх дзяцей, старэйшай дачцэ Сафіі — 12 гадоў. Сыну Андрэю — 10.

Павел і Александрына Уцюпіны.

«На рыбалку з сябрамі выбіраюся, але каб на пастаяннай аснове — не. У мяне фанатычная цікавасць да тэхнікі, ёсць мноства механізмаў для вядзення хатняй гаспадаркі — дрылі, фрэзы, перфаратары, электралобзік… Адна справа праводку правесці з дапамогай абцугоў, а іншае — хутка праштрабіць сцяну для провада. Стараюся электраінструменты своечасова дакупляць: каб, калі нешта зламаецца, было наўзамен. Увесь рамонт у доме, за выключэннем прафесійных работ, на мне», — расказваў пра сваё хатняе жыццё Павел Уцюпін.

Ведае Мінпрам знутры

У 2008 годзе Уцюпін быў абраны членам Савета Рэспублікі ад Магілёўскай вобласці.

Пасля «Белшыны» Уцюпін вярнуўся ў чыноўніцтва. Ён заняў пасаду намесніка міністра прамысловасці ў лістападзе 2011 года. Правёўшы ў Мінпраме амаль 6 гадоў, у 2017 годзе Уцюпін быў прызначаны намеснікам міністра эканомікі. Ён займаўся ў тым ліку і замежнымі інвестыцыямі ў Беларусь, нярэдка бываў у Кітаі.

Фота Міністэрства эканомікі

Прыватызацыі чакаць не варта

Як малады міністр будзе кіраваць прамысловасцю, пакуль невядома. Лукашэнка адзначаў, што адной з прычын выбару Уцюпіна з’яўляецца эканамічны досвед чыноўніка.

Але ж папулярная тэорыя, што беларускія дзяржпрадпрыемствы выратуе толькі прыватызацыя, наўрад ці будзе ажыццяўляцца на практыцы. Бо гэта не залежыць ад міністра. Дзяржаўная палітыка — распродажу не будзе і кропка.

«Мы адмовіліся і ад масавага распродажу дзяржаўнай маёмасці. Вопыт нашых суседзяў, якія правялі такую прыватызацыю, дэманструе шэраг доўгатэрміновых негатыўных наступстваў, якія перавешваюць кароткатэрміновыя фінансавыя выгады. У апошнія гады прыватызацыя ў Беларусі ажыццяўлялася кропкава, пры наяўнасці стратэгічнага інвестара, нацэленага на развіццё прадпрыемства, павышэнне яго прыбытковасці і кошту актываў. Так, яе тэмпы прыкметна знізіліся, але гэта не азначае адсутнасці прыватызацыйнай палітыкі», - казаў Уцюпін у інтэрв’ю БЕЛТА.

Таксама чыноўнік пазітыўна выказваўся наконт стварэння Мытнага саюза і спадзяваўся, што ў будучыні ў ім з’явяцца і новыя краіны.

У 2017 годзе Уцюпін казаў, што масавых звальненняў і скарачэнняў на дзяржпрадпрыемствах чакаць таксама не варта. Маўляў, у нас усё ж «сацыяльна-арыентаваная дзяржава».

Таму, хутчэй за ўсё, радыкальных зменаў не будзе. Уцюпін працягне «памяркоўнае» кіраванне галіной. Варта адзначыць, малады чыноўнік ніколі не баяўся прызнаваць наяўнасць праблем. Але ж прызнаваць праблемы — адна справа, а вырашаць іх і несці за гэта поўную адказнасць — зусім іншая.

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930