Знайсці
16.08.2018 / 19:4147РусŁacБел

Хто такі Сяргей Элькінд, фігурант новага скандалу ў Курапатах, і як ён быў звязаны з крымінальным аўтарытэтам «Зайцам»

Грамадская актывістка Вольга Мікалайчык напісала ў сваім фэйсбуку, што 15 жніўня рэстаран «Паедзем, паядзім» у Курапатах наведаў Сяргей Элькінд. Гэта ўжо не першы раз, калі Элькінд прыязджае на гэтае месца. У сярэдзіне ліпеня ён справакаваў бойку з абаронцамі Курапатаў.

Сяргей Элькінд. Фота facebook.com.

Хто ж такі гэты Сяргей Элькінд? Цяпер ён займае пасаду дырэктара ўнітарнага прадпрыемства «Парэчча Белкаапсаюза». А калісьці разам з братам Генадзем засвяціўся сувязямі з рэкецірамі і крымінальнікамі.

Бацька Сяргея і Генадзя Віктар Элькінд (1942—1999) шмат гадоў узначальваў барысаўскую гаррайінспекцыю па экалогіі, да гэтага ўзначальваў перадавы саўгас «Гвардыя», што базуецца ў вёсцы Вялікая Ухалода.

Сыны ж Віктара Маркавіча ў 90-я трапілі ў вельмі сумнеўную кампанію. Яны былі ў найбліжэйшым атачэнні спачатку некаранаванага злодзея ў законе «Мацвея», а пасля ў яго пераемніка «Зайца». Брыгада «Зайца» займалася жорсткім рэкетам барысаўскіх прадпрымальнікаў.

Сайт ej.by друкаваў шмат здымкаў Элькіндаў у кампаніі барысаўскіх крымінальных аўтарытэтаў. Напрыклад, як яны клянуцца вернасці на магіле «Мацвея», сярод людзей на фота і іншыя дзеці чыноўнікаў. Напрыклад, сын начальніка барысаўскай ДАІ.

Сяргей Элькінд (трэці злева) на магіле крымінальнага аўтарытэта «Мацвея». Фота ej.by.

«Зайца» забілі пасля таго, як ён перастаў скідвацца на агульнабеларускі «абшчак». Спалілі проста ў ягонай машыне ў Печах. 

Браты Элькінды трапілі ў падазраваныя падчас расследавання злачынстваў «Зайца».

Сяргей Элькінд (злева) з крымінальным аўтарытэтам «Зайцам». Фота ej.by.

Пры канцы 1990-х Элькінды адмежаваліся ад сувязяў з крымінальным светам. І галоўную ролю ў гэтым адыграў тагачасны старшыня Мінаблвыканкама Мікалай Дамашкевіч.

Па адной з версій, Дамашкевіч быў блізкім сябрам бацькі Элькіндаў, па другой — Генадзь быў жанаты са сваячкай чыноўніка.

Менавіта па ініцыятыве Дамашкевіча Генадзь Элькінд узяў сабе новае прозвішча — Скітаў, каб правесці тлустую рысу пад 90-мі. У хуткім часе Генадзь Скітаў узначаліць барысаўскі мясакамбінат.

Галоўны рэдактар «Барысаўскіх навін» Анатоль Букас узгадвае, што аднойчы яго выданне напісала артыкул аб тым, што на мясакамбінаце ўсталявалі алкатэстэар і ў адну «дудку» маглі дзьмухаць адначасова 5—7 чалавек. «Гэта проста негігіенічна!» — кажа Букас.

«Пасля той публікацыі мне патэлефанаваў Генадзь Скітаў і прапанаваў сустрэцца. Я кажу: прыязджайце. «Не, у мяне кабінет большы», — адказаў Скітаў. Праз паўгадзіны я ўжо быў на заводзе. Дырэктар сустрэў мяне і адразу пачаў размаўляць на ты, пасля гэтага я зрабіў яму заўвагу, і ён перайшоў на вы. Генадзь Віктаравіч зладзіў мне экскурсію па прадпрыемстве, паказваў магазінчык, сталовую, вальеры з сабакамі. І прапанаваў зрабіць яшчэ адзін матэрыял. Я адказаў, што добра, толькі пытанні будуць жорсткімі: колькі браткоў вы з сабой прывялі на завод, каго ўладкоўвалі па званку, чаму памянялі прозвішча. Скітаў паабяцаў падумаць, але так і не перазваніў», — згадвае Анатоль Букас.

З «Барысаўскага мясакамбіната» Генадзь Скітаў сышоў на павышэнне ў «Белрыбу», якая знаходзіцца ў структуры Кіраўніцтва спраў прэзідэнта. Адбылося гэта ў той час, калі кіраўніцтва ўзначальваў якраз Дамашкевіч. Кажуць, што Скітаў аднойчы быў не пусціў да сябе праверку з КДК, быў скандал, і ён пасаду страціў.

Пасля гэтага Скітава прытуліў у сябе генеральны дырэктар прадпрыемства БАТЭ Анатоль Капскі, зрабіўшы яго сваім намеснікам. Потым была праца на «Белкардзе» ў Гродне і «Аўтапровадзе» ў Шчучыне. На сённяшні дзень Генадзь Скітаў з’яўляецца намеснікам генеральнага дырэктара МАЗа.

Што тычыцца Сяргея, то ён папрацаваў у Мінскім аблвыканкаме, потым займаў пасаду начальніка Дэпартамента жывёлагадоўлі і замежнаэканамічнай дзейнасці Белкаапсаюза.

Цяпер гэты чалавек аб’явіўся ў Курапатах.

Нам удалося паразмаўляць з Сяргеем Элькіндам. Варта адзначыць, што Элькінд не заняў агрэсіўную пазіцыю, а вельмі падрабязна тлумачыў.

Кажа, што ўпершыню трапіў у Курапаты выпадкова, бо жыве побач з рэстаранам. Ён нават не ведаў, што там ідзе нейкае супрацьстаянне.

«Ехаў з дачкой, ёй 6 гадоў. Я не згодны з пазіцыяй гэтых людзей, якія пачалі накідвацца на машыну, што я ледзь паспеў затармазіць, цудам ім не зламаў нічога. Мяне сталі папракаць, чаму я не размаўляю па-беларуску, чаму ў мяне чырвона-зялёны сцяг, а не «Пагоня». Я супраць таго, каб мне нешта навязвалі. Мне ўжо 52 гады, і я маю сваё меркаванне. Я ж не ехаў туды плясаць ці танцаваць, а проста ехаў выпіць кубачак чаю. Каго я такім чынам абразіў?» — пытаецца Элькінд.

«У Брэсцкай крэпасці крыві пралілося не меней, чым у Курапатах, а там справа рэстаран, злева рэстаран. Я, можа, таксама за тое, каб там не было гучнай музыкі, каб мемарыял нейкі існаваў», — расказвае мужчына.

На пытанне, ці знаёмы ён з уласнікам «Паедзем, паядзім» Леанідам Зайдасам, Элькінд адказвае так: «Вельмі павярхоўна. Ён мне не сябра блізкі і не таварыш».

«Мне проста зручна туды заязджаць паабедаць часам. Я не магу назваць сябе прыхільнікам рэстарана ці праціўнікам», — адказаў Элькінд.

Расказаў ён трошку і пра свае сувязі з крымінальным светам 90-х. Элькінд кажа, што не мае судзімасцяў, хаця сілавікам яго вельмі хацелася пасадзіць. «Я падманваць не буду: я ведаў Колю Зайца. Ну, як ведаў: я з Вялікай Ухалоды, а ён — з Лошніцы. Сеў на ровар ды паехаў. Мы сябравалі, але я не рабаваў, не забіваў. Каб было нешта, то даўно б сядзеў».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930